Вы тут

Шматгранны музыкант і тонкі назіральнік за жыццём


Усялякая творчасць ёсць па сваёй сутнасці малітва, усялякая творчасць накіравана ў вуха Усявышняга, гаварыў Іосіф Бродскі. З гэтага пункту гледжання наш герой дакладна пачуты, бо выяўляецца ў некалькіх відах творчасці: музычнай, мастацкай, літаратурнай. Ілья Пеўзнер — таленавіты спявак, артыст Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, з 1988 года ўдзельнічаў ва ўсіх яго оперных пастаноўках. З гастролямі наведаў такія краіны, як Англія, Германія, Іспанія, Італія, Бельгія, Нідэрланды, Ізраіль, Туніс, Таіланд, Бразілія, Швейцарыя, Кіпр, Эстонія, Літва, Расія. Летась Ілья Пеўзнер быў удастоены дзяржаўнай узнагароды — медаля Францыска Скарыны. Адсвяткаваўшы 60-гадовы юбілей, ён усё яшчэ па-дзіцячы шчыры, адкрыты і ўражвае вялікім творчым патэнцыялам, які паспяхова рэалізоўвае: акрамя таго, што спявае, прытым пранікнёна, душашчыпальна, яшчэ і выразае па дрэве і... піша. Летась пабачыла свет яго «Нясумная кніжка, або Запіскі бывалага артыста» («Нескучная книжка, или Записки бывалого артиста»), якая прадстаўляе аўтара не толькі як шматграннага музыканта, але і як тонкага назіральніка за жыццём. Як у адной асобе спалучыць розныя творчыя іпастасі? Пра гэта — у нашай гутарцы.


— Ілья Рыгоравіч, у вас выразны, экспрэсіўны, моцны голас. Пэўна, наканавана было стаць спеваком?

— Здзівіцеся, але ў музыку я прыйшоў ад сахі. Мая першая прафесія — настаўнік працы і чарчэння. У роднай Оршы для паступлення быў выбар толькі трох кірункаў: чыгуначны, тэхналагічны і педагагічны. У дзяцінстве я добра маляваў і марыў стаць мастаком. Можа, бацькавы гены? Бацька Рыгор Іосіфавіч Пеўзнер быў адным з найлепшых фатографаў горада, карыстаўся аўтарытэтам. У 17 гадоў дабравольцам з братам Васем пайшоў на фронт. Дзядзьку Васю ў баі параніла так, што яго адразу камісавалі. А бацька дайшоў да Прагі: пасля Берлінскай аперацыі была яшчэ Пражская. Акрамя ваенных узнагарод, у прыватнасці ордэна Чырвонай Зоркі і іншых, быў адзначаны і за працоўныя заслугі ордэнам «Знак Пашаны». У фатаграфічнай справе ён перавыконваў планы: здымаў у загсе, школах, калгасах. Мама ў мяне ленінградка, перажыла блакаду, яе бацька ваяваў на ленінградскім фронце, быў цяжка паранены і ўсё астатняе жыццё правёў у шпіталях. Мама спявачка, паспяхова скончыла Санкт-Пецярбургскае музычнае вучылішча імя М. Рымскага-Корсакава і магла паступаць у кансерваторыю, але выйшла замуж і з’ехала ў Оршу.

— Значыць, музычны шлях праклала мама…

— Не ўсё так проста. Аднойчы да нас у Оршу прыехала група выкладчыкаў малявання са школы І. В. Ахрэмчыка выяўляць таленавітых дзяцей. Сабралася вельмі шмат здольных хлопцаў і дзяўчат. З іх выбралі 5 чалавек. І я аказаўся ў іх ліку! Потым бацька прывёз мяне на ўступны экзамен у Мінск. Падчас нацюрморта да мяне падыходзіць настаўнік і кажа: «Чаму ў вас фіранка зялёная?». «А якая яна?», — пытаюся. «Карычневая!». Аказалася, я не бачу адценняў зялёнага. Мяне забракавалі. Я закінуў усе фарбы. Гэта першае цяжкае выпрабаванне ў жыцці. Але ў 16 гадоў вярнуўся да мастацкай творчасці. Брат мне падарыў маленькі наборчык для разьбы па дрэве, і я захапіўся. Выразаў маскі, якія тады былі ў модзе. Цяпер гэта маё хобі. Праўда, на яго не заўсёды хапае часу. Але ж у мяне засталося шмат цікавых скульптур, многа раздаў, падарыў. Можа, гэтым захапленнем я абавязаны сваёй першай прафесіі — настаўнік працы і чарчэння, — якую атрымаў, скончыўшы з чырвоным дыпломам Аршанскае педагагічнае вучылішча. За выдатную вучобу стаяў адным з першых, хто мог выбіраць размеркаванне, а ў выніку прыйшоў апошні, бо ў нас была традыцыя саступаць дзяўчатам. У выніку я апынуўся ў глыбінцы — Астравенскай васьмігадовай школе Сенненскага раёна Віцебскай вобласці. Вёў працу, чарчэнне, маляванне, фізкультуру і геаграфію. Туды аўтобусы не хадзілі, глухамань такая, што пехатою трэба было дабірацца 9 км ад Багушэўска. З той школы мяне, дарэчы, не хацелі адпускаць: адзіны мужчына. Помню, сямёра дзяўчат-настаўніц жылі ў адной хаце з печкай, а мне выдзелілі памяшканне, дзе раней быў склад.


Скульптуры, выкананыя Ільёй Пеўзнерам. Разьба па дрэве:


— Не пужалі спартанскія ўмовы?

— Не. Менавіта там я пачаў тварыць. Першы мой верш і песня прысвечаны ўводу нашых войскаў у Афганістан. На мяне гэта зрабіла вялікае ўражанне, асабліва калі я пачуў гісторыю пра віцебскую дывізію, якая адной з першых была накіравана ў гэтую далёкую краіну. Песню я потым спяваў афганцам, калі сястра з мужам-афіцэрам служылі ва Узбекістане. Гітара першы раз мне трапіла ў рукі гадоў у 12, сябар даў паіграць, дык я яе не выпускаў з рук: хацелася збіраць акорды, пад якія нараджаліся словы.

— Ваша ォНясумная кніжка, або Запіскі бывалага артыстаサ складаецца, як вы самі пазначылі, з такіх інгрэдыентаў: тэатральныя байкі, сцэнкі з жыцця, дзіцячы лепет, эпіграмы, мініяцюры, вершы. Прызнаюся, да кнігі хочацца вяртацца зноў і зноў: прыцягвае жывы, ненайграны гумар і імправізацыйнае абыходжанне са словам, што сведчыць пра ваш літаратурны талент…

Пеўзнер — Кален 2009 Громаў.

— Папраўдзе, я не падазраваў, што маю гэтыя здольнасці. Натхніўся — уражанні папрасіліся на паперу. Як з вершам «Аднойчы ў Яд-Вашэме». Яд-Вашэм — гэта музей Халакосту пад Іерусалімам, дзе ёсць помнікі, якія моцна скаланаюць душы. Уражвае таксама алея праведнікаў, дзе шмат беларусаў, палякаў і іншых, тых, хто выратоўваў яўрэяў ад акупантаў. У гонар кожнага пасаджана дрэва. Запомнілася там прыгожая дзяўчына, якая стаяла і чытала кніжку, прыхіліўшыся да сцяны, а побач — вялізная вінтоўка, што была значна вышэй за дзяўчыну. Мяне гэта так зачапіла, што вырашыў зрабіць такую скульптуру, а ў выніку атрымаўся верш «Аднойчы ў Яд-Вашэме». Ён быў надрукаваны, дарэчы, у часопісе «Нёман».

— Уражанні адразу ўвасабляюцца ў творчасць?

— Не заўсёды. Доўга можа выспяваць. Бывае недапісанае гадамі, а бывае — увогуле немагчыма закончыць. Адно слова не можаш знайсці — і ўсё прапала. Неаднаразова вяртаешся і столькі ж разоў кідаеш. Саспявае штосьці новае, пра тое ўжо забываеш. Спрабаваў пісаць па-беларуску, але не хапае адукацыі. Ды адчуў, наколькі наша мова прыгожая і выразная, зачароўвае неверагоднай арганічнасцю. Асабліва зразумеў гэта, паглядзеўшы яшчэ за савецкім часам фільм «Людзі на балоце». Калі пішаш сам, пачынаеш разумець усю прыгажосць мовы: так, як па-беларуску, твая думка не прагучыць ні на якой іншай мове. А ўвогуле, бывае, доўга шукаеш патрэбнае слова, перабіраеш дзясяткі варыянтаў, але ні адзін з іх не дае дастатковай вагі радку, які павінен быць моцны — інакш нельга.

— Пакуты творчасці прыемныя?

— Канечне! Вельмі! Інакш людзі не пісалі б. Гэта і прыемна, і цікава. Дарэчы, ўся мая «Нясумная кніжка...» напісана ў грымёрцы. У перапынках артысты займаюцца хто чым, а я пішу. Прытым люблю алоўкам: не спадабалася — выцер, дадаў, памяняў. І, што самае цікавае, у любой справе так: калі займаешся чымсьці сур’ёзна, адкрываецца якісьці канал. І пачынае паступаць інфармацыя. Вось Жванецкага аднойчы дзяўчынка спытала: «Што мне рабіць: я таксама хачу пісаць, як вы». — «Завядзі сшытак і запісвай», — адказаў ён. Як ні банальна, вось з гэтага варта пачынаць. Нават часам можаш не ўяўляць, як пісаць, што... А бярэш у рукі аловак, дакранаешся да паперы... І ідзе падключэнне. Усё звязана з метафізікай.

— А можа, гэта праява чагосьці боскага? Дарэчы, Бог жа спасцігаецца і праз мастацтва?

— Вядома! Але часта чалавек абмяжоўваецца догмамі, абрадамі. Я, напрыклад, веруючы, але не набожны. Хоць прытрымліваюся веры продкаў, вывучаю розныя рэлігіі, яны ўсе аб адным і тым жа. Наш свет абмежаваны ў боскай прысутнасці. Ён заключаны ў масу сфер, а Бог — магутная энергія — быццам дзесьці па-за сферамі. Усе душы звязаны паміж сабой і вышэйшым розумам, любы пасыл душы і чалавечая думка не знікаюць. У душы кожнага ёсць часцінка Бога. І мастацтва дапамагае ўбачыць гэта. Ёсць людзі-праваднікі. Чаму яны заўсёды прыемныя ў зносінах, да іх цягнуцца? Бо ў іх гэтая боская энергія. Па сутнасці, правадніком можа стаць любы, хто нясе надзею, веру і любоў.

Пеўзнер — Кален 2009.

— А як жа ўсё-такі вы прыйшлі ў музыку?

— Парадокс, але я хацеў паступаць па слядах брата ў БПІ, але аднойчы выпадкова ўбачыў у газеце «Знамя юности» маленькую аб’яву: «Набіраюцца падрыхтоўчыя курсы вакальнага аддзялення кансерваторыі». Усё кінуў і паехаў на праслухоўванне. А я ж ад сахі: ні нот, ні музыкі — толькі голас. Са мной паступалі вельмі адукаваныя людзі. І калі Тамара Ніжнікава аб’яўляла вынікі, мне сказалі: «Вы ў нас вучыцца не зможаце: няма першапачатковай музычнай адукацыі». Я вельмі засмуціўся. Думаю: «Не дык не!» І тут мяне ў калідоры за руку схапіў Адам Мурзіч, сёння вядомы мастацкі кіраўнік Музычнага тэатра. Ён падрыхтаваў шмат выдатных спевакоў, вельмі клапаціўся пра сваіх выхаванцаў: калі трэба — у Адэсу вазіў, у Піцер... «Прыходзь да мяне ў вучылішча, я цябе падрыхтую, і паступіш!» — прапанаваў ён. А я ў песімістычным настроі не хацеў нават слухаць. А праз пару дзён перадумаў, вырашыў пайсці. Але прызыўны ўзрост. Прыйшла павестка ў армію. Трэба служыць. «Прыйдзеш да мяне пасля арміі», — падбадзёрыў Мурзіч. І вось я адслужыў, дэмабілізаваўся восенню, паўгода ў Оршы працаваў на дзіцячай турбазе, вёў гурткі. А вясной прыехаў, паступіў. І пачалася ў 24 гады мая музычная кар’ера. Адвучыўся ў вучылішчы ў Мурзіча тры гады. Якраз тым часам да нас прыехала наш куратар з Масквы, народная артыстка РСФСР, знакамітая оперная спявачка Наталля Шпілер. Для яе падрыхтавалі канцэрт, дзе выступіў і я з арыёза Гразнога. Я ёй вельмі спадабаўся. І мне загадчык вакальнага аддзялення прапанаваў з трэцяга курса вучылішча перайсці ў кансерваторыю. Але я адмовіўся і вырашыў застацца ў вучылішчы яшчэ на год, бо там мне вельмі падабалася. Скончыў чацвёрты курс, узяў першае месца на рэспубліканскім конкурсе. Аднойчы Адам Мурзіч запрасіў у вучылішча паслухаць сваіх вучняў народнага артыста СССР Аркадзя Маркавіча Саўчанку. Калі ён пачуў мяне, вырашыў узяць у свой клас. І, такім чынам, праблем з паступленнем у кансерваторыю ў мяне ўжо не было.

— Так вырашыўся лёс — стаць на прафесійны музычны шлях…

— Без сумневу. Чалавек — істота, дзеля якой гэты свет створаны, і ён адзіны мае права выбару. І я, назіраючы сваё жыццё з вышыні гадоў, вывеў такую формулу і адлюстраваў у вершы:

В этой точке — здесь и сейчас
Я есть совокупность моих решений,
Выбор которых тысячи раз
Осуществляю под грузом сомнений.

Такім чынам, лёсаў у чалавека вялікае мноства. Усё залежыць ад таго, куды скіруеш. Толькі ад цябе залежыць. Кожнаму даецца шанс. Але часам замінае страх, асцярогі, нерашучасць, лянота... За сваю музычную кар’еру я спяваў Гразнога, Бартала (побач са знакамітым Чарнабаевым), Ібн Хакія і шэраг іншых вядучых партый. У Англіі паўтара месяца выконваў партыю Калена, а ў Бельгіі і Нідэрландах — адзін без замены Альцэндора Бенуа ў «Багеме» Пучыні. Вельмі люблю буфанаду, дзіцячыя спектаклі і драматычныя ролі. Лірыка мяне не надта прываблівае.

Пеўзнер — Сава 2012.

— Прыгожы голас — гэта дар альбо яго можна напрацаваць трэніроўкамі?

— Можна напрацаваць. Але трэба мець здольнасці ад прыроды. Потым вызначыцца, у які бок развівацца. Карацей, школа і практыка, 50 на 50. У Германіі на гастролях у нас быў цудоўны тэнар, які расказваў, што пачынаў як бас, потым стаў барытонам, а ў выніку — тэнарам, але гэта ўнікальны выпадак (смяецца)! Часта чалавек з меншымі здольнасцямі дабіваецца большага дзякуючы мэтанакіраванасці і працавітасці. Многім у вакальным майстэрстве я абавязаны свайму настаўніку Якаву Яфімавічу Нізоўскаму. Вучыўся ў яго 15 гадоў! Нягледзячы на тое, што ў мяне былі такія цудоўныя педагогі, як Адам Мурзіч і Аркадзь Саўчанка, сапраўдным спеваком я стаў дзякуючы Якаву Нізоўскаму. Правільнае дыханне, пасыл гуку... Ён вучыў цікава: «Слухай віяланчэль, як цягнецца гук». Нізоўскі мне як бацька. У маладосці ён разам з іншымі таленавітымі хлопцамі і дзяўчатымі, сярод якіх была, напрыклад, канцэртмайстар нашага тэатра Ларыса Талкачова і шмат іншых вядомых спевакоў, займаўся ў студыі Руф Саламонаўны Вайн, яна скончыла Неапалітанскую каралеўскую кансерваторыю яшчэ да рэвалюцыі. Нізоўскі ўзяў у яе ўнікальную італьянскую вакальную школу. У яго доўга захоўвалася накіраванне Руф Саламонаўны Вайн у Маскоўскую кансерваторыю на прафесарскую пасаду, падпісанае Луначарскім, але лёс распарадзіўся інакш. Ды гэта зусім іншая гісторыя.

— Вы маеце дачыненне да музыкі, літаратуры, малявання. Мастацтва дапамагае стаць больш гарманічнай асобай?

— Мастацтва — гэта лакаматыў усяго ў грамадстве. Бо толькі там, дзе высокі ўзровень мастацтва, — высокі ўзровень навукі, прамысловасці, арміі. Нездарма выдатныя вучоныя былі вельмі адухоўленымі людзьмі. Возьмем для прыкладу Эйнштэйна, Леанарда да Вінчы. Апошні ставіў жывапіс вышэй за навуку. Мастацтва важнае і ў спасціжэнні свету. Не будзе мастацтва — не будзе нічога ў краіне, мастацтва першачарговае.

Гутарыла Наталля СВЯТЛОВА

Фота з асабістага архіва І. Пеўзнера


Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.