Вы тут

Чарняўскі: Сатыра і гумар больш выхаваўчыя, чым строгая дыдактыка


«Няхай заўжды вядуць жыццёвай сцежкай // Любоў, краса, дабро ва ўсім і ўсмешка!» — зіхацяць словы-пажаданні на падпісанай мне кнізе ад шаноўнага пісьменніка, мэтра беларускай літаратуры Міколы Чарняўскага. Мікалай Мікалаевіч заўсёды ўсміхаецца, прытым больш вачыма, быццам знутры. Пэўна, у гэтым сакрэт яго даўгалецця?! 16 студзеня Мікола Чарняўскі адзначыць 80-гадовы юбілей і 65-годдзе творчай дзейнасці. Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, выдатнік асветы, выдатнік друку, лаўрэат шматлікіх літаратурных прэмій, ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі, Мікалай Мікалаевіч мае сотні кніг і прызнанне, ідзе па творчым шляху з адкрытасцю і прыязнасцю, якія і падарылі мне ўдачу паразмаўляць з мэтрам і даведацца пра першыя яго крокі і нават расчараванні. Чуйнае сэрца пісьменніка клапатліва зберагло творчыя ўспаміны. І нам, маладым, карысна сёння даведацца пра залацінкі творчасці майстра.


— Мікалай Мікалаевіч, як прыгожа падпісалі мне кнігу! Каліграфія! 

— Гэта ўсё ад урокаў чыстапісання ў школе. Пісалі пёрамі, раўняючыся на касыя лінейкі. Выводзіў, стараўся — пяцёрку зарабіць хочацца, таму абы-як не напішаш. Пёры былі адмысловыя, трэба націскаць — каб спачатку тоненька, потым патаўсцей. 

— Такое старанне — прыкмета літаратурнай будучыні? 

— Па сутнасці, я вучыўся няблага і па іншых прадметах. Але больш падабалася літаратура, лёгка даваліся вершы на памяць. Я шмат чытаў. Хаця якой была пасляваенная школьная бібліятэка!.. Сямігодка. У канцы калідора стаялі дзве-тры шафы. Хто старэйшы — таму таўсцейшую кніжку давалі. Сельская бібліятэка называлася хатай-чытальняй: год-два-тры знаходзілася ў пэўнай хаце, і гаспадарам штосьці плацілі за гэта, вядома. У хатах-чытальнях было ўсё: ад газет, часопісаў, кніг да гармонікаў, балалаек, гітар, даміно, шахмат. Як кажуць, культурны цэнтр. Клуба не было. І калі прывозілі кіно, паказвалі па хатах, потым у школе. У адным канцы калідора вешалі палатно, а ў другім ставілі апаратуру. Малыя садзіліся на падлозе. Калі я сядзеў на падлозе пад палатном, здавалася, танк ехаў прама на мяне. Які піск падымалі! Для дарослых білет — 2.50, дзецям — рубель. Калі на кінасеанс трапіць не ўдавалася, глядзелі праз вокны з вуліцы — нічога, што выява адлюстроўвалася ў акне дагары нагамі. Помню Тарзана, які з кракадзіламі біўся... 

— Ваш лёс вызначыла газета «Піянер Беларусі»... 

— У 1960 годзе, калі мяне туды ўзялі на працу, яна выходзіла большым тыражом, чым «Зорька», — каля 500 тысяч экэмпляраў. У «Піянеры Беларусі» 18 ліпеня 1958 года з’явіўся мой першы верш «Васілёк». Гэта было пры Хведару Жычку. Каго ні вазьмі з майго пакалення — усе пачыналі з газеты «Піянер Беларусі». Як, напрыклад, Казімір Камейша. Я ўжо працаваў у рэдакцыі, калі ён даслаў свой верш «Крыгаход». А які з мяне тады яшчэ быў рэдактар — мне самому толькі 18 гадоў! А пісем прыходзіла шмат: у год рэдакцыі «Піянера Беларусі» і «Зорьки» атрымлівалі па 10–12 тысяч пісем. У панядзелак — па два мяшкі, і трэба даваць адказы. Таму ў сераду, калі вярсталіся, — гарачая пара. Я адказваў на пісьмы, але пасля мяне іх чытаў, штосьці падпраўляў Васіль Зуёнак. І вось прыходзіць верш «Крыгаход» з цудоўнымі вобразамі. Я паказаў Зуёнку, і вырашылі яго адкласці, бо ўжо было лета. І наступнай вясной — 1961 года — мы гэты верш надрукавалі. Так адбылася першая публікацыі ў рэспубліканскім друку Казіміра Камейшы. Я пісаў адказ, таму яму як хросны бацька. А мы ж з ім аднагодкі, толькі я са студзеня, а ён — са снежня. Адсюль, з «Піянера Беларусі», і Алесь Бадак, і Алесь Разанаў, і Міхась Зарэмба пачыналі. Дарэчы, Міхась Зарэмба хоць празаік, але пачынаў як паэт. У «Піянеры Беларусі» быў надрукаваны яго верш «Пралеска». Калі мы сустрэліся ў 1960 годзе (ён паступаў на аддзяленне журналістыкі), у «Маладосці» яго надрукаваў Пімен Панчанка. Разам ездзілі на пасяджэнні літаб’яднання ў «Чырвоную змену». Ён яшчэ вучыўся, але яго ўзялі ў «Піянер Беларусі» працаваць. І потым Міхась застаўся там на 20 з нечым гадоў. Але, здавалася, адышоў ад паэзіі, ад літаратурнай творчасці, яго больш захапіла журналістыка. Калі я працаваў у «Бярозцы», пачаў яго крыху тузаць, і ён перайшоў на апавяданні, аповесці — надрукавалі дзве яго аповесці. Так ён і стаў цікавым празаікам. 

— Можа, для літаратурных жанраў трэба саспець? 

— Многія пісьменнікі прайшлі праз газеты: хто — у «Чырвонай змене», хто — у «Звяздзе», хто — у «Калгаснай паўдзе». І ў тым і адрозненне, што газетная мова — іншая. Аднак усё зале¬жыць ад аўтара: калі ён добра валодае словам, то ў яго і газетная мова выразная. Вось, напрыкалад, Міхась Вышынскі кожнае слова быццам смакаваў. Ён таксама канчаў беларускае аддзяленне філфака. Проза пачатку 1960-х гадоў пайшла арыгінальная (Салаухін і іншыя). Ён яе чытаў з алоўкам і словы сакавітыя выпісваў, часам, можа, нават гэтым злоўжываў. Пташнікава чытаў, а ў яго было шмат дыялектызмаў. У газеты пісьменнікі дасылалі нарысы. Як, напрыклад, паэт Васіль Макарэвіч. Нарысы ў яго — як тая самая проза. Ці той жа Валянцін Мыслівец: нарысы атрымліваліся мастацкія. Паэт Антон Бялевіч, Тарас Хадкевіч, напрыклад, былі нарысістамі ў «Звяздзе», нават пасада такая была ў газеце — нарысіст. А так звычайным журналістам няма калі думаць, шліфаваць. Вечарам прыехаў з камандзіроўкі — а раніцай аддай тэкст. 

— А каб пісаць прозу, трэба над ёй бясконца сядзець, карпець? Пэўна, так проста яна не даецца... 

— Проза, вядома, патрабуе больш увагі, чым, напрыклад, паэзія. Вершы можаш думаць на хаду. А над прозай трэба сядзець, на хаду — толькі схему сюжэта прадумаць. Цяперашняя проза пайшла камп’ютарная. 

— Зараз камп’ютарная праграма можа сама напісаць твор. І ці патрэбен пісьменнік? Ці магчыма такое ў будучыні? 

— Усё можа быць, толькі не ведаю, як іх чытаць будзеце... Хай розум занадта вялікі, але ў камп’ютара няма сэрца, жывога, трапяткога, чуйнага да ўсяго. Ён халодны. Можа, сюжэт і будзе. Але і толькі. Чаму захоўваюцца арыгіналы твораў пісьменнікаў, рукапісы?! Калі складаеш на паперы і папраўляеш рукой — тут жа рэдагуеш, бачны ход думкі. На паперы неяк бліжэй, гэта адпавядае тваёй душы, бліжэй да сэрца. Як я дзецям расказваю: кніжку чытаеш — пад падушку пакладзеш. А яны: «Дык і смартфон пакладзеш!» — «Смартфон халодны, — парырую, — на смартфоне не паспіш». Зараз ва ўсім свеце часцей сталі вяртацца да спаконвечнага, да папяровай кнігі. Яшчэ пераканаўся: рызыкоўна з дзецьмі абыходзіцца з дыдактызмам: «Так не рабі». Яны ўпартыя — і зробяць наадварот. Лепей з гумарам апісаць смешную гісторыю — хутчэй задумаецца. Сатыра і гумар больш выхаваўчыя, чым строгая дыдактыка. Я адпрацаваў 22 гады ў «Бярозцы», і гэтаму там удзялялі вялікую ўвагу. Вершы з усмешкай цяплейшыя. 

— Вы не засяроджваліся толькі на дзіцячай тэматыцы... 

— Мяне змалку цікавіла тэма вайны. Яшчэ калі быў школьнікам, у нас у вёсцы жыло шмат тых, хто быў у партызанах, ваяваў. У нас хата была без перагародак, суцэльнае памяшканне, у адрозненне ад іншых, і таму да нас часта вясковыя хлопцы і дзяўчаты прасіліся ладзіць танцы — зручна, месца многа. Збіраліся мужыкі: вясной, бывала, на прызбе сядалі. Зімой прыходзілі ў хату, бліжэй да печкі чыгуннай. На прыпечку ставілі газоўку і курылі, расказвалі адзін аднаму, успаміналі. А я на печы сядзеў і слухаў. 

А якраз у «Піянеры Беларусі» была аб’яўлена акцыя «Юныя разведчыкі», каб запісвалі ўспаміны, цікавыя гісторыі. І я гэта рабіў. Надрукавалі. У нашым раёне быў Лозаўскі бой. Цяпер ён апісаны ў энцыклапедыі. І я ведаў падрабязнасці: як наступалі немцы, як ад іх адбіваліся, як загінуў камандзір брыгады — усё з сапраўдных аповедаў відавочцаў. Партызан Міша Рыпінскі, сын нашай суседкі, аднагодак майго старэйшага брата, загінуў у 1945 годзе ў Германіі. Я і пра яго напісаў. Адправіў на конкурс. Хведар Жычка падрыхтаваў і змясціў у кнігу «Наш родны край» разам з творамі Міколы Маляўкі, Мішы Зарэмбы, Марыі Шаўчонак, Міхася Болсуна, дый іншых. Кніга, дзе сабрана творчасць юных карэспандэнтаў, выйшла ў 1959 годзе. Такім чынам, расказаныя гісторыі відавочцаў я пасылаў у рэдакцыі. На жаль, арыгіналаў не засталося. Самае цікавае — як раней ставіліся ў рэдакцыях да сваіх юнкараў. Было гэта на маё 60-годдзе. Прыходзіць у «Вясёлку» Хведар Жычка. Павіншаваў, пагаварылі, а потым дае мне аркушы. Гляджу — і дзіву даюся: гэта ж мой рукапіс! Пра Мішу Рыпінскага, яшчэ іншыя мае запісы пра вайну, яго пісьмо пра тое, што будзе змешчана публікацыя (другі экзэмпляр). Уяві: захаваць з 1959 года (а мне 60 было ў 2003-м). Гэта адзінае, што засталося з маіх арыгіналаў, пачатку творчасці. 

Аднойчы ў «Чырвонай змене» я прачытаў пра подзвіг аднаго хлопца — Міхася Усоскага з Барысаўскага раёна, партызана брыгады «Дзядзькі Колі». Пра яго пісаў былы рэдактар падпольнай газеты Даніла Капыткоў, расказваў пра яго сям’ю, як загінуў. І мяне гэта так кранула, што ўзяўся і напісаў паэму «Апошні бой». Паслаў Данілу Капыткову, ён пачытаў, яна выйшла ў 1967 годзе. Яе пахваліў у часопісе «Беларусь» Мікола Хведаровіч. І якраз у мой дзень нараджэння, 25 гадоў, у газеце «Літаратура і мастацтва» выходзіць рэцэнзія на маю кніжку. Поўны натхнення і настрою, разгортваю — і... аблом: «Інфармацыйна, без пачуцця». Подпіс унізе — Р. Барута. Я адразу здагадаўся, хто гэта — Рыгор Бярозкін. Ён тады працаваў у «ЛіМе» ў аддзеле крытыкі. Я, калі заходзіў, бачыў у яго на стале сваю кнігу. Канечне, было крыўдна за крытыку. Але больш — за тое, што Рыгор Бярозкін схаваўся за псеўданімам. А ён тады быў мэтрам, вельмі сур’ёзным крытыкам. 

— На вашу думку, ён справядліва пакрытыкаваў? 

— Канешне, справядліва! Ён пісаў рэцэнзіі на сур’ёзных нашых класікаў. Лічыўся адным з найлепшых крытыкаў, стаў прызнаным яшчэ ў 1930-я гады, калі яму было 17. У 1939-м у 21 год яго прынялі ў Саюз пісьменнікаў. 

— Пасля крытыкі не апусціліся рукі? 

— Калі ўжо потым я сваю паэму перачытваў раз, другі, самому стала сорамна і крыўдна: сапраўды прымітыў, сапраўды інфармацыйна, без жыцця. Мая другая паэма — «Навечна з сонцам» — пра Антона Губарава, падпольшчыкапартызана са Жлобіна, земляка. Яго, параненага на чыгуначным палатне, дзе ён падрываў цягнік, узялі ў палон немцы. Ён вёў сябе дзёрзка, і яго закапалі жыўцом. Потым з’явілася ідэя выдаць кнігу, бо хацелася напісаць яшчэ і пра Марата Казлова, таксама юнага 12-гадовага падпольшчыка з Быхаўскага раёна. У разведцы яго схапілі, катавалі, вушы, нос адрэзалі, рукі ламалі і зорку на грудзях яшчэ выразалі. Ды ён усё мужна вытрываў. І я вырашыў першую сваю паэму «Апошні бой» перапісаць нанова: што выкрасліў, што дабавіў, рыфмы падчысціў, яна павялічылася па аб’ёме. Такім чынам, вярнуўся да яе праз 30 гадоў, уявіце! Ужо меў вопыт, быў спрактыкаваны. І гэтым разам сорамна не было. 

— Як лічыце, што чалавеку дапамагае жыць? 

— Сама патрэба жыць. Будзеш жыць — будзеш нешта рабіць. А каб нешта рабіць — трэба жыць. На радыё я амаль 30 гадоў вёў літаратурную перадачу «Першыя сцяжынкі» — колькі пералапаціў! Амаль тры дзясяткі гадоў з’яўляюся кіраўніком літсуполкі «Купалінка» Мінскага раёна: колькі праз мае рукі прайшло юнацкай творчасці! 
Я па сёння помню почырк нашых літаратараў, напрыклад, Уладзіміра Мазго, Алеся Бадака, якія мне пісалі. Уладзімір Мазго першы верш надрукаваў у «Піянеры Беларусі», а потым ужо ў «Бярозцы», як і Алесь Бадак. Па сёння памятаю яго празаічныя эцюды. Лена Масла першую казку надрукавала ў 5 класе ў «Бярозцы». Калі ўсіх узяць, у каго першая публікацыя была ў «Бярозцы», — дык, лічы, палова пісьменніцкага саюза. З многімі калегамі звёў мяне творчы лёс, за што шчыра ўдзячны. 

— Дзякуй, Мікалай Мікалаевіч, за цёплую, прыемную размову! З днём нараджэння! Здароўя, міру, радасці і новых крылатых ідэй! Да сустрэчы на вашым юбілейным творчым вечары! 

Гутарыла Наталля СВЯТЛОВА

Фота аўтара 


Запрашаем на юбілейную сустрэчу з пісьменнікам, лаўрэатам Літаратурнай прэміі імя Янкі Маўра, прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, літаратурнай прэміі «Залаты Купідон», выдатнікам народнай асветы, выдатнікам друку, заслужаным дзеячам культуры Рэспублікі Беларусь Міколам Чарняўскім, прысвечаную 80-годдзю з дня нараджэння і 65-годдзю творчай дзейнасці.

Сустрэча адбудзецца 19 студзеня ў Доме літаратара (вул. Фрунзэ, 5) у 17.00.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.