Вы тут

Як у хатніх умовах зрабіць індыкатар для выяўлення кіслаты або шчолачы


Нядаўна ў маім прадуктовым кошыку апынуўся фіялетавы качан. Насця спытала, што гэта за незвычайная расліна. Я расказала, што гэта чырвонакачанная капуста: яна не толькі смачная і карысная, але яшчэ валодае вельмі цікавай уласцівасцю. Менавіта яна дапаможа біёлагу ў хатніх умовах зрабіць сапраўдны індыкатар, дзякуючы якому можна выявіць наяўнасць кіслаты або шчолачы ў растворы. У чырвонакачаннай капусце ўтрымліваюцца антацыяны, якія надаюць кветкам і пладам фіялетавую, сінюю, карычневую і аранжавую афарбоўку. Для людзей яны карысныя тым, што валодаюць процівамікробным і антыаксідантным дзеяннямі. Асабліва шмат іх у ажынах, чарніцах, вінаградзе. Аднак у арганізме чалавека антацыяны не выпрацоўваюцца, таму ў сезон трэба есці больш такіх ягад. Прапаную правесці вопыт з сокам чырвонакачаннай капусты. Абавязкова папрасіце дапамогі ў бацькоў, бо трэба будзе працаваць з кіпенем.


1. Нам спатрэбяцца чырвонакачанная капуста, лімонная кіслата, пральны парашок або сода, некалькі шклянак і лыжка, таксама можна скарыстацца сітам.

2. Дробна нарэжце прыкладна 100 г капусты, пакладзіце яе ў кубак і заліце кіпенем. Пакіньце на 15-20 хвілін. Сок пяройдзе ў ваду і афарбуе яе ў фіялетавы колер.

3. Адфільтруйце раствор праз сіта. Атрыманы настой – гэта індыкатар для вызначэння кіслотнасці асяроддзя. З яго дапамогай можна даведацца аб прысутнасці ў растворы кіслаты або шчолачы і прыкладна вызначыць іх канцэнтрацыю па колеры атрыманага рэчыва.

4. Наліце ў тры празрыстыя шкляначкі аднолькавую колькасць соку. Потым у адну з іх пакладзіце чайную лыжку пральнага парашку, а ў другую – лыжку лімоннай кіслаты. Размяшайце.

І вось што мы ўбачым: у шкляначцы з кіслатой сок афарбуецца ў чырвоны або ружовы колер. А ў шкляначцы з пральным парашком, які ўтрымлівае шчолач, ён стане зялёным або сінім. Чым больш насычаны колер, тым большая там канцэнтрацыя кіслаты або шчолачы. Больш кіслы раствор дасць нам больш насычаны чырвоны; а там, дзе шмат шчолачы, ён будзе больш насычаным сінім.

Дарэчы, калі скончыце эксперымент, паспрабуйце змяшаць шчолачны і кіслы растворы. Тады зноў атрымаецца фіялетавы колер.

Вось такім чынам з надыходам вясны мы прыступілі да біялагічных даследаванняў.

Эксперыментуйце разам з намі! Гэта вельмі займальна!

Надзея АКСЁНЕНКА, кіраўнік дзіцячай навуковай студыі «Экалабараторыя»

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.