Вы тут

Як павялічванне папуляцыі каня Пржавальскага ўнесла від у Чырвоную кнігу


Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь папоўнілася новым відам — канём Пржавальскага. Гэтае рашэнне зацверджана пастановай Мінпрыроды ад 3 сакавіка 2023 года за нумарам 9. Катэгорыя нацыянальнай прыродаахоўнай значнасці — I (CR). Гэта найвышэйшая катэгорыя нацыянальнай значнасці, якая ўключае ў сябе таксоны, якія маюць вельмі нізкую колькасць або тую, што хутка скарачаецца, выратаванне якіх немагчыма без ажыццяўлення комплексу спецыяльных мер, а таксама таксоны, нацыянальная папуляцыя якіх мае высокую міжнародную значнасць (краіна нясе адказнасць за захаванне значнай долі ад глабальнай або еўрапейскай папуляцыі). На сёння Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь ўключае ў сябе 203 віды дзікіх жывёл і 303 — дзікарослых раслін.


Як правіла, пашырэнне спісу Чырвонай кнігі — падзея для біёлагаў і ўсіх аматараў прыроды бязрадасная, якая фіксуе чарговае скарачэнне біяразнастайнасці. Аднак цяперашняя сітуацыя зусім нетыповая. Конь Пржавальскага ніколі не насяляў тэрыторыю сучаснай Беларусі і ўпершыню з’явіўся на нашых прасторах адносна нядаўна — усяго пару дзясяткаў гадоў таму. Спачатку гэта былі адзінкавыя асобіны, якія часам заходзілі з тэрыторыі суседняй Украіны, а потым сфарміраваліся ўстойлівыя мясцовыя табуны. Пра новы для нас від, яго станаўленне і чаму цяпер спатрэбілася ўносіць яго ў Чырвоную кнігу, распавяла кансультант упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Таццяна Жалязнова:

— Конь Пржавальскага (Equus przewalskii Poljakov, 1881) — апошні захаваны від з групы некалі шматлікіх і разнастайных дзікіх коней Еўразіі. Лічыцца, што менавіта дзейнасць чалавека садзейнічала практычна поўнаму іх знікненню. Апошні раз жывёлу ў прыродзе бачылі ў 1969 годзе ў Джунгарскім Гобі.

Пасля гэтага доўгія дзесяцігоддзі коні Пржавальскага існавалі выключна ў заапарках і гадавальніках, якія займаюцца іх развядзеннем. Але ў 1992 годзе пачалася работа па вяртанні іх на радзіму — на волю ў запаведнік ХустанНуру (Манголія). Было вырашана вывезці восем коней з рэзерватаў Галандыі і восем з запаведніка Асканія-Нова ва Украіне. Гэтыя жывёлы сталі асновай першай адноўленай папуляцыі вольнажывучых дзікіх коней. Затым было прынята рашэнне пра стварэнне яшчэ некалькіх прыродных груповак і ў іншых краінах.

Сёння агульная колькасць каня Пржавальскага складае каля 2500 асобін. З іх каля 75 % змяшчаецца ў заапарках 34 краін і ў розных паўрэзерватах. Таксама існуе восем прыродных папуляцый: пяць — у галіне былога распаўсюджвання віду (Манголія, Кітай, Казахстан) і тры — у іншых прыродных зонах (Узбекістан, Украіна, Беларусь). У нашу ж краіну дзікія коні прыйшлі з тэрыторыі Украіны. Гэта прадстаўнікі самавольнай папуляцыі.

Пачынаючы з 2017 года і да гэтага часу Мінпрыроды сумесна з НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах і навуковым аддзелам Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка праводзяць паглыбленыя папуляцыйныя і генетычныя даследаванні каня Пржавальскага на тэрыторыі зоны адчужэння Чарнобыльскай АЭС, дзе цяпер жывуць жывёлы. Маніторынгавыя даследаванні паказалі, што з моманту з’яўлення каня Пржавальскага на тэрыторыі ПДРЭЗ назіраецца станоўчая дынаміка колькасці —у 2022 годзе налічвалася ўжо 35 галоў.

На тэрыторыі запаведніка коні прытрымліваюцца адкрытых прастораў былых ворных земляў з моцна задзерненай глебай і дамінаваннем у травастоі зёлкавых раслін, а таксама тых, якія маюць высокія ўчасткі ў пойме ракі Прыпяць і яе прытокаў. Каб схавацца ад непагадзі, насякомых і для адпачынку яны выкарыстоўваюць пустыя каменныя і драўляныя будынкі: кароўнікі, стайні, свінакомплексы. Інтэнсіўна выкарыстоўваюць супрацьпажарныя рвы як торныя сцежкі пры абыходзе свайго ўчастка і для прыняцця пясочных ваннаў.

Дзікія коні — буйныя траваедныя жывёлы, якія з’яўляюцца важным элементам экасістэм. Яны здольныя забяспечваць натуральнае захаванне ландшафтаў у адкрытым стане і падтрымліваць каскадны эфект у трофіцы ўсіх расліннаедных дзікіх жывёл. Так, пры выпасе ў Чарнобыльскай зоне адчужэння коні Пржавальскага фарміруюць мазаічныя лугі на кінутых фермах, а на ўчастках, дзе іх не бывае, адбываецца натуральны працэс зарастання бур’янам.

Як паказаў досвед, у мангольскім нацыянальным парку Хустаі пасля вяртання туды коней ізноў з’явіліся архары, газэлі і высакародныя алені. Гэта стала магчыма дзякуючы спрыяльнаму ўздзеянню дзікіх коней на пашы, што значна палепшыла стан натуральнай кармавой базы і павялічыла разнастайнасць флоры і фауны.

Што датычыцца канкурэнцыі ў барацьбе за харчовыя рэсурсы з абарыгеннымі відамі, то нашымі вучонымі была зроблена выснова: знаходжанне каня Пржавальскага на тэрыторыі пасялення відаў жывёл, якія тэарэтычна з’яўляюцца трафічнымі канкурэнтамі (лось, алень высакародны, казуля і зубр), не носіць пагрозлівага характару. Кармы, дамінантныя ў рацыёне аднаго віду, звычайна з’яўляюцца другараднымі для іншых. Таму коні як тыповыя траваеды сваёй трафічнай нішай значна адрозніваюцца ад абарыгенных прадстаўнікоў капытных дэндрафагаў. Выснова навукоўцаў адназначная — конь Пржавальскага здольны адаптавацца ва ўмовах Беларусі, сфарміраваць устойлівую папуляцыю, пры гэтым не ствараючы пагрозы біяразнастайнасці ў выніку пашырэння арэала і павелічэння колькасці.

У выніку, улічваючы ўсе існуючыя фактары, такія як навуковыя даследаванні, наяўнасць пастаяннай устойлівай папуляцыйнай групоўкі надзвычай нізкай па колькасці каня Пржавальскага ў свеце і, адпаведна, яе высокага міжнароднага прыродаахоўнага статусу, ад Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі паступіла прапанова аб уключэнні каня Пржавальскага ў спіс рэдкіх і відаў дзікіх жывёл, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, з наданнем названаму віду І катэгорыі нацыянальнай прыродаахоўнай значнасці. Што і было падтрымана Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі.

Уключэнне ж новага віду ў Чырвоную кнігу павінна стымуляваць больш адказныя адносіны да каня Пржавальскага. Ссумесна з міжнароднай грамадскасцю нам трэба імкнуцца да таго, каб папуляцыя дзікіх коней была адноўлена да тых памераў, калі за яе не трэба будзе хвалявацца.

Андрэй КАРАБЕЛЬНІКАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.