Вы тут

Агляд часопіса: Сакавіцкае «Полымя»


Сакавіцкі нумар часопіса «Полымя» шырока паказвае палітру сучаснай літаратуры. У выпуску, які толькі што прыйшоў да чытача, — завяршэнне рамана вядомага літаратуразнаўцы і празаіка, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзіміра Гніламёдава «Праўда жыве пасярэдзіне». Пісьменнік па-ранейшаму імкнецца разабрацца з тым, што і як, чаму адбылося ў лёсе нашых блізкіх папярэднікаў. Як і ў ранейшых раманах У. Гніламёдава («Валошкі на мяжы», «Уліс з Прускі», «Расія», «Вяртанне», «Вайна», «Пасля вайны»), у новым творы — шмат цёплых і часам напоўненых смуткам разваг. Аўтар звяртаецца да прыроды, шукае лекаванне чалавека ў мудрым і спакойным назіранні над жыццём. А для збіральнікаў літаратурных памятак пра ранейшыя этапы ў развіцці беларускай літаратуры працытую і такі кавалачак з рамана: «Кміта на сваёй лекцыі яшчэ раз абвясціў, што мае прыехаць з Мінска Максім Танк. Выдатны паэт. Кміта не ўтрымаўся, каб не расказаць пра паэта, якога ён любіў, багатварыў, як кажуць у такіх выпадках. Некалькі разоў прайшоўся па аўдыторыі ад акна да дзвярэй і назад ды стаў разважаць:


Што такое паэзія? Я б сказаў, што гэта неабыякавасць да жыцця, палкае захапленне нейкімі канкрэтнымі рэчамі, з якіх складаецца свет, і здольнасць перадаць гэтыя пачуцці сваім сучаснікам. Усё гэта ёсць у Максіма Танка, ён вылучаецца свежасцю і праўдзівасцю паэтычных эмоцый. Эмоцый і думак...»

Чым вылучаюцца паэтычныя падборкі Алы Клемянок («Мне тут утульна»), Вольгі Шпакевіч («Душы маёй працяг»), Таццяны Цвіркі («Неба на плячах»), Галіны Загурскай («І толькі музыка...»), Святланы Сцепанчук («Каб лёс наш не канчаўся»), меркаваць чытачу сакавіцкага нумара «Полымя».

З двума апавяданнямі выступае ў «Полымі» Алена Стэльмах — «Надзейка» і «Першы снег». Пісьменніца — асабліва ў апавяданні «Надзейка» — імкнецца спалучыць мастацкае выкладанне жыцця з тымі шматаблічнымі праблемамі жыцця, якія знаходзяцца ў залежнасці ад духоўнага, сацыяльнага развіцця грамадства.

У сакавіцкім «Полымі» — цікавая падборка навуковых, даследчыцкіх публікацый на гісторыка-літаратурныя, літаратуразнаўчыя тэмы. Сярод іх — і артыкулы Аляксандра Бярозкі «Ваенныя дзённікі беларускіх пісьменнікаў: асаблівасці паэтыкі», Пятра Жаўняровіча «Першая легальная беларуская газета „Наша доля“: рэдакцыйная палітыка і рэдагаванне», Анатоля Казлова «Дакумент з жыцця. На прыкладзе рамана Андрэя Мрыя «Запіскі Самсона Самауся».

Асобна вылучаецца падрыхтаваная Алесяй Шамякінай эпісталярная спадчына класіка беларускай літаратуры («Літаратура + жыццё ў лістах Івана Шамякіна»). Сярод іншых лістоў Івана Пятровіча — два яго звароты да савецкага і беларускага партыйнага і дзяржаўнага дзеяча Героя Савецкага Саюза, Героя Сацыялістычнай Працы Пятра Міронавіча Машэрава.

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.