Вы тут

Рэктары: Урыўкі з новай кнігі (працяг)


(Працяг. Пачатак можна прачытаць тут).

З Яўгенам Паўлавічам Кудрашовым я спярша пазнаёміўся як з выкладчыкам – на чацвёртым курсе ён чытаў у нас палітэканомію. Гэты вучэбны прадмет дзяліўся на дзве часткі: палітэканомія капіталізма і палітэканомія сацыялізма. Першую частку нам чытаў дацэнт Жыхараў, і, па сутнасці, гэта была эканамічная тэорыя Карла Маркса. І сама тэорыя была пераканаўчай, зразумелай, і дацэнт Жыхараў быў добрай душы чалавек. Цяжкасцяў з гэтай дысцыплінай у мяне не ўзнікала. А вось палітэканомія сацыялізма ўвогуле “не зайшла”. Было адчуванне, што гэта не тэорыя, а набор нейкіх установак і лозунгаў. Нам, усім, хто прызвычаіўся за тры гады вучобы на фізмаце да строгай логікі і пераканаўчай паслядоўнасці матэматычных тэорый, абавязковай іх сістэмнасці, пранікнуцца палітэканоміяй сацыялізма аказалася цяжка. Думаю, што віны дацэнта Кудрашова ў гэтым не было. Лекцыі ён чытаў грунтоўна, знешне выглядаў строга, нават уладай ад яго кіпела, таму мы сядзелі ціха і канспекціравалі добрасумленна. Да ўсяго астатняга да рэктарскай пасады Яўген Паўлавіч працаваў дэканам гістарычнага факультэта, і мы ведалі, што студэнты (а там вучылася многа хлопцаў, якія адслужылі ў войску) яго паважалі. У доказ гэтых разваг я скажу, што па палітэканоміі капіталізма на экзамене я атрымаў “выдатна”, а па палітэканоміі сацыялізма – “добра”, і то з цяжкасцю.

На пачатку пятага курса з Кудрашовым я пазнаёміўся ўжо бліжэй. Зусім выпадкова мяне выклікалі да рэктара. Акрамя Яўгена Паўлавіча у кабінеце прысутнічаў сакратар парткама інстытута дацэнт Міхаіл Андрэеевіч Малянок. Яны прапанавалі мне ўзначаліць студэнцкі прафкам. Хто з іх мяне вылічыў, я не ведаю, але Міхаіл Андрэевіч быў мне сімпатычны. Ён сябраваў з выкладчыкамі фізмата, чытаў навуковы камунізм на нашым факультэце, быў даволі дэмакратычным і даступным.

Адмаўляцца ад такой пасады я не асмеліўся, хаця разумеў, што маё на той час ужо камфорттнае і бестурботнае студэнцкае жыццё тым самым завяршаецца. Пасада старшыні прафкама інстытута ў той час не была вызваленай, але літаральна праз пару месяцаў яе зрабілі такою. Мне варта было пераводзіцца на завочнае аддзяленне, але на нашым фізмаце яго не было. Ды і не хацелася мне на выпускным курсе нешта ў вучобе мяняць. Прызнацца, і свой далейшы лёс з грамадскай працай я не звязваў. Мяне ўжо захапіла матэматыка, і я не хацеў ад яе адыходзіць. Папрасіў рэктара пакінуць мяне вучыцца на дзённым аддзяленні. Гэта было парушэннем заканадаўства, але Яўген Паўлавіч на яго пайшоў. Таму ўжо тады я ўбачыў цэласнасць яго натуры, цвёрды і рашучы характар.

Як старшыня прафкама, хаця і студэнт пятага курса, я стаў членам рэктарата і Савета інстытута, дзе непасрэдна мог назіраць працу рэктара. Мне яна тады здавалася недасяжнай. На ўсіх паседжаннях  рэктарата, Савета інстытута, на партыйных сходах за рэктарам было апошняе слова. Па сутнасці, нават у фармуліроўках рашэнняў. А народ вакол разумны, падрыхтаваны, ініцыятыўны, выхаваны дэмакратычнасцю традыцый ВНУ. Прапановы для прыняцця рашэнняў уносяцца розныя, часам зусім супрацьлеглыя. Нават знешне зразумела, што не ўсе з рэктарам згодны, ёсць яго адкрытыя апаненты. Я часта назіраў, як у крытычнай сітуацыі ўся аўдыторыя замірала, пакуль Кудрашоў думаў, спрабуючы знайсці выйсце. І вось заўсёды ж знаходзіў! Ён мог разрадзіць абставіны жартам, задаць своечасовае і трапнае пытанне, зрабіць каментарый да месца і пры гэтым заставаўся строгім і недасяжным.

Сябраваў Яўген Паўлавіч з вельмі аўтарытэтнымі і паважанымі ў інстытуце людзьмі – загадчыкам кафедры філасофіі Уладзімірам Сяргеевічам Лукошка і загадчыкам кафедры гісторыі КПСС Кірылам Паўлавічам Шылко. Іх траіх у інстытуце за вочы называлі “чорнымі палкоўнікамі”, але без злосці, з усмешкай. Яшчэ болей блізкім сябрам Кудрашова быў Анатоль Аляксеевіч Дабродзька – выкладчык музыкі, дзіўны баяніст, вясельчак і балагур. І гэтая дружба ўпрыгожвала іх абодвух, хаця і ніколі не афішыравалася. З часам Яўген Паўлавіч пасябраваў і з дэканам фізмата Ягорам Ягоравічам Сянько. Развіццё гэтых сяброўскіх адносін я назіраў ужо як намеснік дэкана фізмата і, дарэчы, па тым часе быў моцна здзіўлены таму, што рэктар не падняў свайго сябра ў прарэктары, хаця ўсім было відавочна – Сянько ў дэканаце зусім цесна.

З часам я ўсвядоміў падыходы Яўгена Паўлавіча да фарміравання кіруючай вертыкалі інстытута, у прыватнасці, да прызначэння прарэктараў, сваіх непасрэдных намеснікаў. Нікога з блізкіх сяброў на гэтыя пасады ён так і не прызначыў. Думаю, ён і ў гэтым пытанні сыходзіў з інтарэсаў справы. Можа быць, з тых часін і я пераняў ад яго гэты прынцып фарміравання сваёй будучай упраўленчай каманды. Прызначылі цябе кіраўніком, але ж ранейшая каманда не павінна ў змене начальніка, магчыма, кожны з гэтых кіраўнікоў талковы чалавек і прафесіянальны на сваім месцы. Не давяраючы ім, не праверыўшы іх у справе, дасканала не вывучыўшы, ты раптам вырашыў усіх сваіх намеснікаў адразу замяніць, набраць каманду са сваіх сяброў. А яны новы ўзровень працы “не пацягнулі”! Што рабіць? Звальняць – але гэта блізкія табе людзі, сябры. Кожны з іх твайго рашэння не толькі не прыме, але і не зразумее! Пакінуць парцаваць? Але тады табе самому давядзецца выконваць іх працу, чаго дакладна не зможаш – не хопіць ні часу, ні сіл. Вось Кудрашоў і фарміраваў сваю каманду, зыходзячы з дзелавых прынцыпаў. З часам гэтую навуку я ад яго пераняў, стараўся ў кадравых рашэннях паступаць такім жа чынам. 

З дзелавой прынцыповасцю рэктара Кудрашова мне давялося сутыкнуцца ўжо напрыканцы пятага курса, на размеркаванні. На працы ў прафкаме я разгарнуўся, мне гэта было цікава. Мы арганізавалі масштабныя мерапрыемствы ў мастацкай самадзейнасці, спартыўныя спаборніцтвы і вечары з паказальнымі выступленнямі вядомых спартсменаў, стварылі нават лялечны тэатр, гумарыстычныя спектаклі якога карысталіся ў студэнтаў вялікай папулярнасцю. Працавалі ўзгоднена з камітэтам камсамола, які ўзначальваў ужо адслужыўшы ў войску студэнт гістфака Валодзя Матвейчук, будучы міністр культуры нашай краіны. Яшчэ адзін студэнт-актывіст з гістарычнага факультэта – Аляксандр Лукашэнка – рэдагаваў інстытуцкую насценную газету “За ленинские кадры», і праз яго мы папулярызавалі нашу грамадскую працу. Студэнцкі актыў тады склаўся дзейсны, прыкметны у працы, ініцыятыўны і рэзультатыўны. Дарэчы, ужо тады мы з Матвейчуком зразумелі, што камсамол – гэта лозунгі, а прафсаюз – гэта грошы. Таму працавалі, вобразна кажучы, абняўшыся, разумна падтрымлівалі адзін аднаго.

Павінен сказаць, што ўсе свае дзеянні мы ўзгаднялі з кіраўніцтвам інстытута: рэктарам, прарэктарамі, дэканамі і іх намеснікамі, загадчыкамі кафедр, куратарамі студэнцкіх груп. Па сутнасці, менавіта яны і фарміравалі студэнцкі актыў: у час заняткаў і ў іншых сітуацыях вылучалі лідараў, назіралі за імі, уплывалі на выбранне талковых студэнтаў у кіраўнікі грамадскіх арганізацый. Гэта не толькі правільна, але і натуральна. Ва ўніверсітэце выкладчыкі адказваюць не толькі за фарміраванне прафесіянальных навыкаў будучага выпускніка, але і абавязаны рыхтаваць кіраўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый, фірм, бачыць і падтрымліваць патэнцыял будучых дзяржаўных дзеячаў. Гэта жывая, шматгранная і адказная праца. І ўжо міністрам адукацыі я заўсёды прытрымліваўся гэтых прынцыпаў. Аднойчы давялося нават выказаць адпаведныя ўстаноўкі ў рэзкім тоне.

Гэтым разам у міністэрства на нараду з прарэктарамі, якія курыравалі выхаваўчую працу са студэнтамі, я запрасіў толькі што выбранага першага сакратара рэспубліканскага камітэта БРСМ. Прыкметную частку гэтага маладзёжнага саюза складалі студэнты, і мне хацелася пастаяннага дзелавога ўзаемадзеяння паміж кіраўніцтвам універсітэтаў і актывістамі БРСМ. Але калі першы сакратар стаў выступаць, прарэктары шматзначнымі позіркамі, мімікай, напружанымі позамі сталі мне дэманстраваць неразуменне ўстановак маладзёжнага лідара. А ён упэўнена прасіў прысутных не ўмешвацца ў бягучыя справы пярвічных арганізацый і ні ў якім разе не прапаноўваць, не навязваць членам БРСМ іх кіраўнікоў. У актыве студэнцкіх арганізацый, па іх меркаванню, павінны быць нефармальныя лідары, іх павінны выбіраць самі студэнты без аглядкі на меркаванне дэкана, прарэктара і нават рэктара. Мне давялося спыніць выступоўцу і сказаць сваё меркаванне па гэтай заяве:

Калі б я, як рэктар, даведаўся, што на факультэце выбралі старасту акадэмічнай групы, старшыню прафкама, скратара БРСМ без узгаднення з дэканам, я б адразу ж зволіў дэкана за непрафесіяналізм!

Прысутныя заапладзіравалі. Яны разумелі, што асоба ў ВНУ фарміруецца ўсёй універсітэцкай абстаноўкай, агульнай культурай усіх удзельнікаў вучэбна-выхаваўчага працэса, але адказваюць за высокі ўзровень гэтай культуры загадчыкі кафедрамі, дэканы, прарэктары і рэктар.

Пасаду старшыні студэнцкага прафкама зрабілі вызваленай, таму ніхто з студэнтаў і выкладчыкаў, якія мяне акружалі, не сумняваўся, што мяне па завяршэнні вучобы пакінуць у інстытуце. Да гэтага часу я ўжо быў жанаты, жылі мы з Таццянай у яе бацькоў, у нас нарадзілася дачка Наталля, -- усё як быццам складвалася нядрэнна. Таму на размеркаванне ў кабінет рэктара мы з Таццянай зайшлі ў добрым, прыўзнятым настроі, былі ўпэненымі ў фармальнасці для нас гэтай працэдуры. Але… рэктар Кудрашоў, старшыня камісіі па размеркаванню выпускнікоў інстытута па месцах будучай працы, раптам засумняваўся ў парвільнасці рашэння, якое прапаноўвалася ў адносінах да нас з Таццянай. Ён, зусім нечакана для ўсіх прысутных членаў камісіі, строгім голасам заявіў:

Пачакайце! Чаму мы Радзькова пакідаем на працу ў студэнцкім прафкаме інстытута? У нас што, мала актыўных студэнтаў для гэтай пасады? Паглядзіце на яго і яго жонку: два маладых, энергічных выкладчыкі матэматыкі і фізікі. Гэта ж сапраўдны падарунак для любой сельскай школы. Іх там уладкуюць, забяспечаць жыллём, а ў Радзькова – прамая перспектыва стаць дырэктарам школы.

І ўсё гэта з прагучала з уласцівай Яўгену Паўлавічу праматою і перакананасцю ў канчатковым сваім рашэнні. Мы з Таццянай у гэты момант шчыра разгубіліся, бо нават не меркавалі такога развароту падзей у сваім лёсе, раён і школу раней не прыглядвалі і не выбіралі. А мне ўвогуле, як маладому камуністу і студэнцкаму актывісту, патрэбна было без абмеркаванняў пагаджацца на любы варыянт, на самую адаленую сельскую школу. І мы з Таццянай ужо пачалі ўсведамляць непазбежнасць такога лёсу, як раптам загаварыў член камісіі па размеркаванню – сакратар парткама інстытута дацэнт Міхаіл Андрэевіч Малянок.

Я лічу, трэба пакінуць Радзькова на пасадзе старшыні прафкама. Ён працуе там меней года, нядрэнна сябе зарэкамендаваў, мы яго самі падбіралі, рыхтавалі да гэтай пасады, упэўнены, што будуць і рэзультаты.

Не думаю, што гэты дыялог паміж рэктарам і сакратаром парткама быў зараней спланаваны. На Кудрашова гэта не падобна. Але ён з довадамі Малянка пагадзіўся. Мяне пакінулі парцаваць у інстытуце, а Таццяну накіравалі ў адну са школ горада Магілёва.

Усіх хлопцаў – выпускнікоў педагагічных інстытутаў, размеркаваных на працу ў горад, адразу ж прызвалі на службу ў войска. Прызвалі і мяне. Да гэтага часу я год прапрацаваў старшынёю прафкама і на палову стаўкі пачаў працаваць асістэнтам кафедры алгебры і геаметрыі. На прафсаюзнай канферэнцыі павінны былі вызваліць мяне ад займаемай пасады і выбраць новага старшыню. На гэтай канферэнцыі прысутнічаў і рэктар. Ён уважліва выслухаў маю справаздачу, паслухаў выступленні актывістаў і раптам выклікаў на канферэнцыю начальніка аддзела кадраў. І нешта ціхенька яму сказаў, праз паўгадзіны, дакладна да часу выступлення Яўгена Паўлавіча перад дэлегатамі канферэнцыі, з аддзела кадраў прынеслі Ганаровую грамату інстытута, якую ён мне адразу і ўручыў. І я тады для сябе адзначыў, што рэктар нідзе і ніколі не можа расслабляцца, ён пастаянна ў працы. Заўважыў, што студэнты станоўча ацэньваюць працу прафсаюзнага лідара, і тут таксама выкарыстаў гэтую сітуацыю для ўмацавання свайго аўтарытэта. Усе ўжо заўважылі яго незапланаванае рашэнне з уручэннем граматы і адпаведным гулам, апладысментамі падтрымалі мяне.

У Кудрашова, відаць, пасля гэтай прафсаюзнай канферэнцыі з’явіліся на мяне пэўныя планы. Але тут ужо заўпарціўся я.  

Аляксандр РАДЗЬКОЎ        

Пераклаў з рускай мовы Кастусь ЛАДУЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.