Вы тут

Бацькаўшчына. У пошуках страчанага: Зазірнем у Стоўбцы


Заснаванае ўдавою крычаўскага старасты Мікалая Слушкі Гальшкай Кміцянкай, мястэчка Стоўбцы вядомасць сваю мае з 1593 года. Яшчэ раней тэрыторыя паселішча належала Мікалаю Крыштофу Радзівілу. А да Слушкаў адышла ў 1582 годзе. Яны і гаспадарылі тут да першай паловы XVІІІ стагоддзя.


Від на горад з моста (пачатак ХХ ст.).

Легендарныя гаспадары... Іх сын — Аляксандр, які нарадзіўся каля 1580 года, — быў дзясятым ваяводаю мінскім: у 1633 — 1638 гады. А пазней — ваяводам навагрудскім, ваяводам трокскім... Дарэчы, на пасадзе навагрудскага ваяводы яго змяніў Жыгімонт Караль Радзівіл, сын яшчэ аднае легендарнае асобы — Мікалая Крыштафа Радзівіла «Сіроткі»... Сярод ганаровых пасад Слушкі — і абранне яго маршалкам Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага на адным з сеймаў. Быў камісарам па выплаце грашовага ўтрымання войску. Меў у шлюбе чатырох сыноў і дачку. З кагорты вялікіх стольнікаў літоўскіх (пасада адказная — стольнік загадваў сервіроўкай стала вялікага князя літоўскага і падачай страў. Нават кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі ў 1755 — 1764 гг. быў стольнікам вялікім літоўскім) — Багуслаў Ежы Слушка. Другі сын — Жыгімонт Адам Слушка. Славу сваю здабываў у вайсковых баталіях. Удзельнік войнаў Рэчы Паспалітай супраць украінскіх казакоў (1648 — 1654), Рускай дзяржавы (1654 — 1667) і Швецыі (1655 — 1660). Якраз у перыяд Руска-польскай вайны 1654 — 1667 гг. мястэчка моцна пацярпела. Палова жыхароў загінула. Само паселішча было спалена. І ўсё ж прыйшоў і час вяртання да нармальнага жыцця. У 1669 годзе Стоўбцам далі прывілей на правядзенне гандлёвых кірмашоў. У 1706 годзе ў час Паўночнай вайны — новыя разбурэнні, новыя пажары. Адраджэнню ізноў паспрыялі каралеўскія прывілеі для развіцця гаспадаркі.

Царква (пачатак ХХ ст.).

Затым у Стоўбцах уладарылі Дэнгофы. Мястэчку ў 1729 годзе выдалі Магдэбургскае права. А ў 1730 — 1831 гг. яно належала графам Чартарыйскім. Асабліва ў гэты час пачала развівацца прамысловая, гаспадарчая інфраструктура Стоўбцаў. Але ж і французы ў 1812 годзе бяды тут нарабілі нямала... Чартарыйскія ў час свайго ўладання пабудавалі царкву, будынак ратушы, прыстань на Нёмане, мноства складоў, іншых гаспадарчых пабудоў, школу. У 1832 годзе царскі ўрад (Расія прыйшла сюды пасля чарговага падзелу Рэчы Паспалітай — у 1793 г.) канфіскаваў мястэчка ў Чартарыйскіх: як-ніяк — удзельнікі паўстання 1830—1831 гадоў...

Стоўбцы ўсё больш набываюць аблічча гандлёвага і лагістычнага цэнтра на рацэ Нёман. Пра іх абсягі кажа і той факт, што ў 1860 годзе адсюль адправілі за межы Расійскай імперыі каля мільёна пудоў жыта пшаніцы, ячменю, іншага збожжа. З 1871 года ў Стоўбцах — чыгунка... Новы этап развіцця, наогул эканамічнай гісторыі мінскай, мінска-гродзенска-баранавіцкай старонкі (тут жа сутыкненне розных адміністрацыйных прастор, нават розных геаграфічных ландшафтаў)... У канцы XІX стагоддзя ў Стоўбцах пачалі працаваць запалкавая фабрыка, смалакурня, дрэваперапрацоўчы завод, розныя майстэрні.

Коратка згадваючы з даўніны ўсе гэтыя хрэстаматыйна вядомыя гістарычныя факты, часам задумваешся, што Стоўбцам проста наканавана было стаць вялікім прамысловым цэнтрам. Але ж гісторыя развярнулася зусім іначай... І Стоўбцы, і іх ваколіцы зрабіліся асяроддзем асветніцтва, цэнтрам, які пеставаў мастацкія, літаратурныя таленты. Такія мясціны называюць культурнымі гнёздамі.

Касцёл і рынкавая плошча (пачатак ХХ ст.).

На Стаўбцоўшчыне нарадзіліся, жылі, стваралі таленавітыя ўзоры літаратуры майстры прыгожага пісьменства Вінцэсь Каратынскі, Адам Плуг, Уладзсілаў Сыракомля... Тут, у Акінчыцах, нарадзіўся пясняр Якуб Колас. Прайдзіцеся сцежкамі Рубяжэвіч, Новага Свержаня, зазірніце ў Жукаў Барок — вас чакаюць надзвычай цікавыя сустрэчы і адкрыцці. У Жукавым Барку, невялікім вясковым паселішчы, жыла сям'я бедных шляхцюкоў Пякевічаў... Сын арандатара Антона Пяткевіча Антоній Антонавіч стаў паэтам і перакладчыкам Адамам Плугам. Пісаў па-польску і па-беларуску. У Жукавым Барку Адам пазнаёміўся з Уладзіславам Сыракомлем. І першы свой верш — «Гара Замчышча» — прысвяціў якраз яму. Лёс Адама Плуга самым цесным чынам звязаны з Украінай. Але гэта ўжо асобная тэма. Мо калі і нам старыя паштоўкі дапамогуць прайсці адрасамі беларускага літаратара праз Кіеў, Журын, Падолле, Оўруч, Вінніцу, Жытомір... Між іншым, у 1891 — 1903 гадах наш зямляк быў галоўным рэдактарам першых тамоў «Вялікай усеагульнай ілюстраванай энцыклапедыі»... Вядомы творца як і перакладчык Віктора Гюго і Аляксандра Пушкіна на польскую мову. Памёр Адам Плуг у 1903 годзе ва ўзросце 80 гадоў. Вернемся ў Жукаў Барок (ва ўрочышчы Залучча У. Сыракомлю пастаўлены памятны знак). Блукаючы гэтымі мясцінамі, мы проста вымушаны згадаць і Сыракомлю, які быў тут арандатарам, і ўраджэнца вёскі, нямецкага філосафа Саламона Маймона (апісвае радзіму ў сваёй аўтабіяграфіі), і філосафа ды псіхолага Юзэфу Кодзіс...

Ветразнік на Нёмане (пачатак ХХ ст.).

Не мінайце ў сваіх вандроўках па Стаўбцоўшчыне Новы Свержань, Рубяжэвічы, Мікалаеўшчыну... Вялікія і малыя паселішчы — з памяццю пра Якуба Коласа, яго адрасы, з памяццю пра блізкіх народнаму песняру людзей. А збіраючыся на Стаўбцоўшчыну, зазірніце ў творы і нашых сучаснікаў — паэта і празаіка Казіміра Камейшы (ён нарадзіўся ў Малых Навіках паблізу Рубяжэвіч), паэта Яўгена Хвалея, празаіка і публіцыста Генрыха Далідовіча (лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, ён сваім раманам «Заходнікі» шмат што выклаў менавіта з жыцця гэтай старонкі, гэтага краю, зрабіўшы твор яшчэ і выразным мастацкім дакументам часу), паэта і празаіка Алеся Камароўскага, Сымона Белага (родны пляменнік Якуба Коласа, ён напісаў цёплую кнігу «На бацькоўскай зямлі», а яшчэ ў рукапісе засталася яго кніга «Коласаў радавод»), празаіка Юрыя Пяткевіча... Асабліва раім вам пачытаць краязнаўчыя кнігі публіцыста Сяргея Галоўкі (на вялікі жаль, ён рана пайшоў з жыцця: зваліў маладога яшчэ чалавека ковід) «Стаўбцоўшчына: нататкі пра людзей і гісторыю». Выдадзеная ў мінскім выдавецтве «Беларусь» у серыі «Падарожжа па родным краі», яна раскажа пра многія памяткі мастацкай і літаратурнай Стаўбцоўшчыны, якіх вы не знойдзеце ў энцыклапедыях і даведніках. А пакуль запрашаем у віртуальнае падарожжа па Стоўбцах ды ваколіцах разам са старымі паштоўкамі...

Кастусь ЛАДУЦЬКА

Фота з калекцыі Аляксандра ЛІХАДЗЕДАВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.