Вы тут

Нарасты на ствале яблыні: небяспека ці асаблівасць?


Ці могуць нарасты на ствале і галінах яблыні быць асаблівасцямі дрэва і не таіць у сабе небяспекі? Могуць, але такія выпадкі адзінкавыя, і найчасцей культура ў небяспецы.


Імхі і лішайнікі

Іх складана з чымсьці пераблытаць. Характэрныя шэра-зялёныя нарасты з`яўляюцца ў асноўным на старых ці недагледжаных дрэвах і паступова захопліваюць усю паверхню ствала і шкілетных галін. У выніку пашкоджаныя пасадкі запавольваюць свой рост, дрэнна пладаносяць, а з часам іх галіны засыхаюць і адміраюць.

Што рабіць? Выдаліць мох і лішайнікі з дрэў можна як апрацоўкай пестыцыдамі, так і механічным спосабам. Першы варыянт падыходзіць для позняй восені (пасля лістападу). Прыгатуйце 5 %-ны раствор жалезнага купарвасу (500 г на 10 л вады) і апрацуйце ствалы, шкілетныя галінкі дрэў і прыствольныя кругі. Праз тыдзень лішайнікі і мхі павінны адпасці самі, а глеба будзе абеззаражана.

Другі спосаб можна ўжываць у любую пару года, але лепш усё ж скарыстацца ім у перыяд вегетацыі. Лішайнікі і мох выдаляюць з дрэў ручным спосабам, выкарыстоўваючы цвёрдую шчотку. Пасля заканчэння мерапрыемстваў па ачыстцы раслін трэба пабяліць ствалы дрэў вапнай.

Калі нарасты мхоў і лішайнікаў на яблыні нязначныя, скарыстайцеся народным метадам. Змяшайце 1 кг солі, 2 кг дрэвавага попелу з двума кавалкамі гаспадарчага мыла і развядзіце ўсё гэта ў 10 л гарачай вады. Добра змяшайце, давядзіце да кіпення, астудзіце і нанясіце атрыманы састаў на ствалы, а пры неабходнасці — і галіны дрэў.

Грыбы

Нараўне з імхом і лішайнікамі, пакінутая без увагі яблыня можа «абзавесціся» і грыбамі, якія таксама могуць выглядаць як нарасты. Напрыклад, белыя нарасты на яблыні часта — нішто іншае, як губы, якія атакавалі дрэва. Могуць пашкоджваць пладовую культуру і іншыя грыбы.

Што рабіць? Пры выяўленні адзінкавых грыбоў на галінцы ці ствале паспрабуйце дапамагчы дрэву. Для гэтага абрэжце пашкоджаныя галіны каля самога ствала. Калі грыбы выяўлены на ствале, зрэжце іх і зачысціце месца, дзе яны раслі, да здаровай тканкі. Зрэз на дрэве прадэзінфіцыруйце 3 %-м растворам меднага купарвасу (300 г на 10 л вады).

Калі грыбамі заражана большая частка ствала, пашкоджанае дрэва прыйдзецца спілаваць, пень выкарчаваць і ўсё гэта спаліць.

Цытаспароз

Акрамя нарастаў, гэтае грыбковае захворванне спрыяе з'яўленню язваў на кары яблынь, якія разрастаюцца і цямнеюць, а таксама высыханню асобных участкаў пашкоджанай кары. Пры цытаспарозе яблыні кара адамрэ разам з асобнымі галінкамі. Хвароба можа пагражаць дрэву на любым годзе яго жыцця.

Што рабіць? Пры выяўленні цытаспорозу вясной, у перыяд набракання ліставых пупышак, апырскайце дрэвы прэпаратам «ХАМ» (40 г на 10 л вады). Ім жа яблыні апрацоўваюць адразу пасля цвіцення ў той жа дазіроўцы. А непасрэдна перад цвіценнем выкарыстоўваюць медны купарвас (50 г на 10 л вады). Даросламу дрэву дастаткова 5 л раствору прэпаратаў, маладому — 2 л.

Падчас цвіцення яблыні не апрацоўваюць. Як і ў выпадку са здыманнем імхоў і лішайнікаў, апрацаваныя дрэвы пасля варта пабяліць. Гэта робяць у лістападзе ці сакавіку. Выяўленыя ўвесну хворыя галіны трэба абрэзаць і знішчыць, а плямы невялікага памеру зачысціць.

Некаторыя садоўнікі сцвярджаюць, што ў нарастах на дрэве таксама могуць «маскіравацца» і калоніі тлі. Каб праверыць гэтую версію, уважліва агледзьце лісце дрэва. Там вы напэўна выявіце характэрныя ўздуцці.

Паветраныя карані

Паветраныя карані з вялікай нацяжкай можна аднесці да нарастаў на дрэве. Часцей за ўсё гэты феномен з'яўляецца на прышчэпах праз нейкі час пасля правядзення прышчэпкі. Звычайна ўзнікненне паветраных каранёў ці іх зародкаў звязанае з тым, што асноўнае карэнішча не спраўляецца са сваёй функцыяй і «просіць дапамогі» ў надземнай часткі расліны.

Што рабіць? Калі прыствольны круг замульчыраваны, зніміце мульчу. Калі зямля там сухая, добра паліце дрэва. Калі вільготная і шчыльная — акуратна падрыхліце глебу. Звычайна гэтых дзеянняў дастаткова, каб паветраныя карані спыніліся ў росце.

Не варта блытаць з нарастамі на дрэвах і капакорань. Ён размяшчаецца на ствале або галінцы і павялічваецца за кошт камбію, напоўнены дробнымі драўнянымі вузельчыкамі спячых пупышак, якія могуць прачынацца і даваць пачатак новым ствалам расліны. Іншыя варыянты такога роду нарастаў — завіліна, якая мае форму шара, а таксама прыкаранёвы кап. Гэтыя утварэнні могуць мець розную прыроду, у тым ліку паталагічную. Але вонкава яны з'яўляюцца патаўшчэннем ствала ці ўласных тканак дрэва, якія прарастаюць вонкі, а не староннія нарасты.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.