На працягу двух тыдняў у Палацы мастацтва будзе арганізавана пяць выстаў. Наведвальнікі змогуць азнаёміцца з калекцыяй Саюза мастакоў, якая пачала фарміравацца ў 50-х гадах мінулага стагоддзя. Акрамя гэтага, будзе прадстаўлена экспазіцыя арыгінальнай графікі Сальвадора Далі.
Першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч адзначыла:
— Мы будзем паказваць работы, створаныя ў розныя гістарычныя перыяды. Мне здаецца, што праект беларускай графікі і скульптуры, прадстаўлены на фоне незвычайнага, цікавага Далі, зайграе абсалютна новымі фарбамі. Таму сёння мы прэзентуем феерыю самых розных відаў і формаў выяўленчага мастацтва. Мяркую, што на працягу гэтых двух тыдняў Палац мастацтва ператворыцца ў пляцоўку, дзе кожны з гледачоў знойдзе нешта яскравае.
Удзельнікі прэс-канферэнцыі адзначылі, што выстаўка была створана дзеля таго, каб чарговы раз нагадаць аб тых, хто пакінуў яскравы след у гісторыі беларускага мастацтва: Віталь Цвірко, Май Данцыг, Павел Масленікаў і іншыя. У экспазіцыю ўвайшло 36 твораў:
— Аўтарамі прадстаўленых работ з'яўляюцца былыя ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны і прадстаўнікі пасляваеннага пакалення, чыю творчасць немагчыма аддзяліць ад гісторыі нашай краіны, — адзначыла Кацярына Пінчук, галоўны захавальнік калекцыі Беларускага саюза мастакоў.
Спікеры распавялі, што галоўная падстава для стварэння гэтага праекта — жаданне мастакоў як мага шырока і ярка прадставіць створанае за апошні год. Канцэпцыя выстаўкі — паказваць работы не толькі прафесіяналаў і студэнтаў мастацкіх спецыяльнасцяў, але і аматараў. Куратар праекта, намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў, Андрэй Басалыга адзначыў, што да ўдзелу было пададзена каля 350 работ.
— У гэтым праекце будзе прадстаўлена 12 аўтараў, якія былі адабраны па выніках Рэспубліканскага фестывалю скульптуры Беларускага саюза мастакоў, — расказаў сябар Беларускага саюза мастакоў Іван Арцімовіч. — На выстаўцы вы ўбачыце прадстаўнікоў розных мастацкіх напрамкаў — фігуратыўнага і канцэптуальнага. Нашай мэтай было фарміраванне дванаццаці адасобленых павільёнаў, дзе кожны з аўтараў мог бы зрабіць тое, што яму цікава. Дзякуючы гэтаму наведвальнікі пачуюць голас кожнага з мастакоў паасобку, зразумеюць іх творчае крэда.
Назва экспазіцыі перакладаецца як «жаночыя гісторыі»: галоўнай ідэяй куратараў было стварэнне зборнай выявы беларускай жанчыны:
— Гэтая выстава дапамагае жанчынам з вызначэннем іх самасвядомасці, — расказала куратар праекта, сяброўка Беларускага саюза кінематаграфістаў, Алена Цагельская. — У экспазіцыі прымаюць удзел 22 мастакі, сярод іх — Зоя Літвінава, Алена Шлегель, Васіль Касцючэнка. Гэты праект цікавы і тым, што ў сусвеце, дзе пануюць сацыяльныя сеткі і кліпавае мысленне, наведвальнікам, каб паглыбіцца ў работу, адчуць яе настрой, трэба будзе зазіраць у вочы жанчын, адлюстраваных на палотнах.
Арына КАРПОВІЧ
З мастацтвам па жыцці.
Баявое ўзаемадзеянне найвышэйшага ўзроўню.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».