Вы тут

Галоўны рэдактар «ЛіМа» Аляксей Чарота пра юбілей выдання


26 лютага 1932 года пабачыў свет першы нумар газеты «Літаратура і мастацтва». Газеты, якая вось ужо 90 гадоў аб'ядноўвае вакол сябе беларускую творчую інтэлігенцыю, а для многіх пісьменнікаў, крытыкаў, навукоўцаў, журналістаў стала часткай біяграфіі. Гэтак, як і для мяне, — у свой час я працавала ў «ЛіМе» загадчыкам аддзела крытыкі. Памятаю ўнікальную творчую атмасферу, кабінеты, якія нагадвалі клубы ці дыскусійныя пляцоўкі — сюды кожны дзень заходзілі паэты і мастакі, кампазітары і артысты, ад мэтраў да пачаткоўцаў, не толькі занесці нейкі матэрыял, але каб сустрэцца, падыскусіраваць...


Калі пачынаеш рыхтаваць артыкул па гісторыі беларускай літаратуры, нельга абысціся без цытат з колішняга «ЛіМа», які адлюстраваў на сваіх старонках цэлую эпоху. А аналізуючы сённяшнія падзеі, звяртаешся да сённяшняга «ЛіМа» — што ж пішуць пра гэта калегі?

Так, мы жывём у іншай інфармацыйнай прасторы. У нечым змяніліся і літаратура, і мастацтва, і, мабыць, сама творчая інтэлігенцыя, для якой адрасаваны «ЛіМ». Штотыднёвік узначальвае перакладчык, літаратуразнаўца, гісторык культуры Аляксей Чарота. Паслухаем разважанні галоўнага рэдактара пра сённяшні дзень адной з найстарэйшых газет краіны.

Пра аўдыторыю і аўтараў

— Наш чытач — усе, хто лічыць сябе інтэлігентам, і ўсе, хто мае дачыненне да культуры. У першую чаргу да літаратуры, але і да іншых сфер таксама. Мастакі, артысты, рэжысёры, музыкі... Стараемся асвятляць кожны цікавы творчы праект. «ЛіМ» — гэта ж летапіс беларускай культуры. Відаць, не было такога вядомага пісьменніка, які б не дэбютаваў у свой час на старонках «Літаратуры і мастацтва». І, зразумела, мы стараемся працягваць гэтую традыцыю — адкрываць новыя імёны. Знайсці таленты не так лёгка, моладзь ахвотней вывешвае свае літаратурныя спробы ў сеціве. Надрукавацца на старонцы ў інтэрнэце прасцей, чым у газеце. Ніякай рэдактуры, ніякага адбору... Вывесіў вершы ці апавяданні на сайт і атрымлівай лайкі. Але дасылаюць і нам, прыходзяць... У першую чаргу студэнты факультэта журналістыкі і філалагічнага. Зусім нядаўна ў нас была апублікаваная проза дзвюх студэнтак з гэтых факультэтаў БДУ. Ёсць і матэрыялы, якія можна назваць гістарычнай з'явай, — згадаю шэраг публікацый апошняга твора Алеся Разанава, паэта, які нядаўна сышоў ад нас. Яшчэ пры яго жыцці мы пачалі друкаваць яго кнігу «След самаеда», якую ён паспеў падрыхтаваць, але яна пакуль не выйшла асобным выданнем. У наступным нумары будзе чарговая частка гэтай кнігі. І пры тым, што цяпер цяжка дачакацца водгукаў на любую публікацыю, ужо атрымалі водгукі на твор Разанава, былі і згадкі ў прэсе. Таму прыемна, што і сённяшняга чытача можна зацікавіць інтэлектуальнай беларускай літаратурай.

Пра сённяшні фармат

— Мы стараемся прысутнічаць у інтэрнэт-прасторы. Ёсць старонка газеты «Літаратура і мастацтва» на сайце Выдавецкага дома «Звязда», старонка ў «Фэйсбуку», дзе таксама змяшчаем свае матэрыялы. Апошнім часам усё менш людзей хочуць трымаць у руках папяровае выданне ці кнігу, таму стараемся звяртаць увагу на бібліятэкі, якія з'яўляюцца нашымі асноўнымі падпісчыкамі. Дзякуючы гэтаму, «ЛіМ» чытаюць нашмат больш людзей, чым лічба накладу. Дарэчы, невыпадкова ў нас ёсць рубрыка «Бібліятэчная прастора». Увогуле, мы не імкнёмся надта мяняць фармат газеты, таму што разумеем, што моладзь жыве ў іншай інфармацыйнай прасторы, а наш чытач — старэйшае пакаленне. Мяняліся назвы рубрык, але па сутнасці задача іх тая ж — адлюстраванне культурнага працэсу нашай краіны. Праўда, ёсць балючае пытанне — літаратурная крытыка. Яно балючае не столькі для нашай газеты, колькі ўвогуле для літаратурнага працэсу, таму што знайсці сёння сур'ёзную крытыку, сур'ёзны разбор літаратурнага твора ну вельмі складана. Не ведаю, з чым звязаны працэс заняпаду літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства... Можа, з тым, што сёння дастаткова тры сказы напісаць на «Фэйсбуку», каб выказацца пра твор? А ў нашай газеце наймагутнейшыя традыцыі крытыкі! Трэба працаваць усім разам, каб іх аднавіць. Супрацоўнічаем з Інстытутам літаратуразнаўства, секцыяй крытыкі Саюза пісьменнікаў Беларусі. Прыдумалі спецыяльную рубрыку «ЛіМ-прэзентацыя».

«ЛіМ» як частка лёсу

— У нумары газеты, прысвечаным юбілею, мы пастараліся ўспомніць былых супрацоўнікаў, якія шмат зрабілі для выдання. Мікола Трус, намеснік галоўнага рэдактара «ЛіМа», папрацаваў у архівах, пашукаў цікавыя звесткі пра пачатак штотыднёвіка — думаю, для многіх гэта стане адкрыццём. А маё першае знаёмства з «ЛіМам»... нават не магу сказаць, калі адбылося…

У раннім дзяцінстве, бо мой бацька ўсё жыццё яго выпісваў, гэтая газета заўсёды была ў нас дома, як і расійская «Литературная газета». Можна сказаць, што на іх я і выхоўваўся. Зразумела, калі ўзначаліў «ЛіМ», успрыняцце выдання змянілася, бо гэта быў мой першы досвед працы ў газеце, дагэтуль я працаваў толькі ў часопісах. Змянілася на нейкім «тэхнічным» узроўні, я пачаў разумець, як няпроста ствараць «ЛіМ»... Але газета засталася для мяне ўсё той жа блізкай сэрцу спадарожніцай.

Што ж, няхай у «ЛіМа» прыбавіцца ўдзячных чытачоў і новых выдатных аўтараў. Шчыра жадаем нашым калегам плёну, натхнення і даўгалецця — да векавога юбілею засталося не так шмат!

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.