Вы тут

Уручэнне першай павесткі ў Гомельскай школе зрабілі ўрачыстым святам


Кожны юнак ведае, што аднойчы прыйдзе той момант, калі неабходна будзе з'явіцца ў ваенкамат, а магчымасць накіравацца на службу ў войска з далёкай перспектывы можа ператварыцца ў хуткую рэальнасць. Веданне гэтага факта не змяншае стрэс, які перажывае будучы прызыўнік. У Гомельскай сярэдняй школе № 59 з уручэння павестак у ваенкамат старшакласнікам змаглі зрабіць запамінальнае свята. Яно дапамагае юнакам адчуць гонар за магчымасць прайсці «школу мужнасці».


 Кіраўнік ваенна-патрыятычнага выхавання СШ № 59 г. Гомеля Дзмітрый Уклейка праводзіць урокі мужнасці.

Імкненне да цікавага, нефармальнага падыходу ў выхаванні патрыятычнай свядомасці вучняў — заслуга кіраўніка ваенна-патрыятычнага выхавання Гомельскай СШ № 59 Дзмітрыя Уклейкі. Сапраўдны падпалкоўнік у школе — «малады спецыяліст» — працуе з пачатку бягучага вучэбнага года. Па асноўнай спецыяльнасці Дзмітрый Мікалаевіч — афіцэр кіравання падраздзяленнямі пагранічнай службы. Ёй і аддаў 20 гадоў жыцця. Падчас вучобы ў ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь атрымаў дыплом сацыяльнага педагога — псіхолага. Можа, таму прафесійны ваенны так хутка і асвоіўся ў школьным навучальным працэсе. Яго пазакласныя ўрокі дадатковыя, але вельмі папулярныя сярод вучняў усіх класаў.

— Калі ў 2000 годзе атрымліваў дыплом, падумаў: на пенсію выйду — у школу пайду працаваць. Як у ваду глядзеў. Усе веды спатрэбіліся. Я ж на розных камандзірскіх пасадах заўсёды вучыў салдат. Быў нават старшым выкладчыкам кіналагічнага цэнтра — рыхтаваў прапаршчыкаў да работы са службовымі сабакамі. Калі салдат вучыш, валодаеш методыкай выкладання. Мне казалі так: вучы салдат таму, што патрэбна на вайне. Цяпер таксама ідзе вайна — інфармацыйная. Таму і дзяцей трэба вучыць арыентавацца ў інфармацыйнай прасторы, — дзеліцца Дзмітрый Уклейка.

Па яго словах, у вялізным інфармацыйным патоку не тое што дзеці — дарослыя не здольны сарыентавацца. Многія падлеткі жывуць у віртуальным свеце анімэ ці камп'ютарных гульняў. Кіраўнік ваенна-патрыятычнага выхавання на сваіх занятках можа навучыць дзяцей думаць лагічна, супастаўляць падзеі, якія адбываліся ў мінулым і адбываюцца сёння вакол нас.

Між тым для правядзення пазакласных урокаў па ваенна-патрыятычным выхаванні ў гэтай гомельскай школе спецыяльна абсталявалі кабінет. Зрабілі новы, вельмі цікава інфармацыйна скампанаваны стэнд з партрэтамі і кароткай інфармацыяй пра піянераў-герояў. Дарэчы, на тым жа стэндзе знайшлося месца і для фотаздымка Ромы Кагатоўскага і інфармацыі пра нашага сучасніка, які вынес з палаючага дома свайго маленькага браціка. Ёсць тут і інфармацыйная старонка, якую час ад часу абнаўляюць самі школьнікі. Яны знаходзяць інфармацыю пра сваякоў, якія ваявалі, і такім чынам расказваюць пра іх іншым навучэнцам.

Сам жа кіраўнік ваенна-патрыятычнага выхавання кажа, што цяпер заняты падборам сучаснай фільматэкі пра вайну, якую можна было б выкарыстоўваць на ўроках патрыятычнага выхавання.

Акрамя таго, сёння па ініцыятыве Дзмітрыя Уклейкі сярэдняя школа № 59 пакуль адзіная ў Гомелі далучылася да новага выхаваўчага праекта «Кінаўрокі ў школах міру».

— На занятках вучні праглядаюць кароткаметражныя фільмы, у якіх ставіцца якая-небудзь маральна-этычная праблема, — тлумачыць ваенрук. — Пасля прагляду мы разам абмяркоўваем фільм і ставім мэту — зрабіць нейкую добрую справу. Нядаўна мы з нашымі вучнямі, напрыклад, зрабілі паштоўкі са словамі падзякі школьным прыбіральшчыцам, кухарам — супрацоўнікам школы, ад працы якіх шмат залежыць, але пра якіх заўсёды неяк забываюць. Самая апошняя наша новая карысная актыўнасць — гэта калі дзецям даецца заданне дапамагаць па гаспадарцы бацькам і рабіць відэасправаздачы. Потым мы гэта манціруем разам, арганізоўваем прагляд ролікаў у розных класах, каб дзеці маглі браць прыклад адзін з аднаго.

Дзмітрый Мікалаевіч упэўнены, што выхаванне патрыятызму і пачынаецца з невялікіх простых добрых спраў, якія трэба рабіць пастаянна:

— Дзецям важна разабрацца ў сапраўдных каштоўнасцях. Звычайных быццам бы: чаму трэба паважаць старшых, як адрозніць дабро ад зла. Ім трэба ведаць, што такое любоў, у тым ліку да Радзімы. Урэшце, цаніць тое, што ёсць цяпер у іх жыцці. Калі чалавек можа гэта адчуваць і разумець, тады ён здольны здзейсніць подзвіг. Нам пра вайну расказвалі людзі, якія ведалі ўсё на сваім вопыце. У мяне, напрыклад, дзед ваяваў, а бабуля пякла хлеб для партызан. Цяпер жа пра вайну могуць расказваць гісторыкі, якія атрымалі адукацыю за мяжой. Інфармацыя ад іх сумніўная, яны ўжо спрабуюць ўвогуле перапісаць гісторыю, памяняць арыенціры ў грамадстве.

Кіраўнік ваенна-патрыятычнага выхавання з горыччу адзначае: на жаль, бацькі яго вучняў мала што ведаюць пра гераічныя ваенныя подзвігі продкаў, таму і дзецям нічога не могуць расказаць. У яшчэ толькі пачынаючага настаўніка, вядома, ёсць сумненні: ці здолее ён паўплываць на гэту сітуацыю. Кажа, навучыць хаця б аднаго школьніка ведаць і любіць сваю краіну, яе гісторыю, крытычна мысліць — для яго ўжо перамога.

— Калі я прыйшоў у школу — пачалося быццам новае жыццё. Я трапіў туды, дзе па-сапраўднаму патрэбны, — расказвае аб сваім стаўленні да новага жыццёвага вопыту Дзмітрый Уклейка. — Тут дзеткі з чыстымі вачыма слухаюць пра піянераў-герояў, і ім гэта цікава. Думаю, яны запомняць тое, што я ім расказваю, і бацькам сваім раскажуць. З дарослымі школьнікамі мы разважаем па-даросламу. Кажу: «Вас ніхто жыццю так не навучыць, як трудавік і ваенрук». Пры гэтым прызнаюся: я спачатку думаў, што сённяшніх дзяцей вучаць так, як і нас некалі. Высветлілася, гэта зусім інакш. Служыць хлопцы не хочуць у арміі. Ім я паказваю відэа з ваенных устаноў вышэйшай адукацыі, расказваю пра перспектывы пасля заканчэння ваеннага ВНУ.

Як інфанагоду для сваіх заняткаў кіраўнік ваенна-патрыятычнага выхавання выкарыстоўвае і важныя даты, гістарычныя і сучасныя падзеі, палітычную сітуацыю. Напрыклад, са старэйшымі дзецьмі, як і з настаўнікамі, цяпер у школе абмяркоўваюць змены і дапаўненні ў Канстытуцыю.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.