Вы тут

Новая рэдакцыя Кодэкса аб адукацыі — што трэба мець на ўвазе


Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон, які зацвярджае новую рэдакцыю Кодэкса аб адукацыі. У абноўленай рэдакцыі, у прыватнасці, прапаноўваецца іншае вызначэнне самой адукацыі. Яе мэтай становіцца не толькі рознабаковае развіццё асобы навучэнца, але і фарміраванне ў яго кампетэнцый. Агульная сярэдняя адукацыя становіцца абавязковай: яе можна атрымаць не толькі ў агульнаадукацыйных установах, але і ў сістэме прафесійна-тэхнічнай або сярэдняй спецыяльнай адукацыі, а таксама ў вячэрніх класах або ў парадку экстэрнату.


Фота: pexels.com

Школа

Прадугледжваецца правядзенне выніковай атэстацыі пасля завяршэння агульнай сярэдняй адукацыі па асобных вучэбных прадметах у выглядзе цэнтралізаванага экзамену. Парадак яго правядзення будзе зацверджаны Міністэрствам адукацыі.

У Кодэксе замацавана нарматыўнае фінансаванне дзяржаўных устаноў адукацыі, якое паказала падчас эксперыментаў сваю эфектыўнасць.

Для ўпарадкавання работы прыватных устаноў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі закладзена магчымасць фінансавання часткі расходаў такіх устаноў за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў у парадку, які вызначаецца урадам.

У мэтах выключэння ўвядзення ў зман насельніцтва Кодэксам прадугледжаны забарона на выкарыстанне ў найменнях юрыдычных асоб, якія не з'яўляюцца ўстановамі адукацыі, назваў «дзіцячы сад», «школа», «гімназія», «ліцэй», «вучылішча», «каледж», «універсітэт», «інстытут», «акадэмія», калі іншае не ўстаноўлена заканадаўчымі актамі.

З'яўляецца новы від дадатковай адукацыі — для адораных дзяцей і моладзі на базе Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка.

Правы і абавязкі

У абноўленым Кодэксе змены закранулі і патрабаванні да ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Так, прадугледжваецца спыненне адукацыйных адносін з навучэнцамі, якія прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за аднаразовае ўчыненне грубага адміністрацыйнага правапарушэння або прыцягнуты да крымінальнай адказнасці.

У праект уведзена паняцце «канфлікт інтарэсаў педагагічнага работніка». Пад ім маецца на ўвазе сітуацыя, калі ў педагога ўзнікае зацікаўленасць у атрыманні якой-небудзь выгады, што супярэчыць інтарэсам навучэнцаў або іх бацькоў. Напрыклад, на ўроку настаўнік павярхоўна патлумачыў матэрыял і вучань не засвоіў тэму. Замест таго, каб арганізаваць працэс з дапамогай падтрымлівальных заняткаў, настаўнік прапаноўвае свае паслугі ўжо ў якасці рэпетытара.

Новая рэдакцыя Кодэкса пазбаўлена залішняй дэталізацыі. Напрыклад, шкала адзнак, самі адзнакі і запісы, якія выкарыстоўваюцца для ацэньвання вучобы, будуць устанаўлівацца не Кодэксам, а Правіламі правядзення атэстацыі. Гэта дазволіць пры неабходнасці хутка ўнесці змены не ў Кодэкс, што дастаткова складана і займае шмат часу, а непасрэдна ў Правілы.

Перададзены паўнамоцтвы мясцовым выканаўчым і распарадчым органам і іншым заснавальнікам па ўстанаўленні або змяненні норм напаўняльнасці груп і класаў.

Прафесійная адукацыя

У новым Кодэксе прадугледжваецца скарачэнне тэрміну атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Так, на аснове агульнай сярэдняй адукацыі ў дзённай форме ён складзе ад шасці месяцаў да аднаго года (цяпер — ад года да двух гадоў).

Уводзіцца адзінае найменне ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі — каледж.

Застаюцца тры віды ВНУ: інстытут, акадэмія (кансерваторыя), універсітэт.

Навацыяй з'яўляецца магчымасць рэалізацыі адукацыйных праграм у сеткавай форме шляхам узаемадзеяння ўстаноў адукацыі паміж сабой і з іншымі арганізацыямі з выкарыстаннем іх рэсурсаў і матэрыяльна-тэхнічнай базы.

Прадугледжваецца развіццё дыстанцыйнай формы як самастойнай формы атрымання адукацыі. Раней яна была ўсяго толькі разнавіднасцю завочнай.

Асаблівая ўвага ў Кодэксе ўдзяляецца сацыяльнай абароне навучэнцаў і выпускнікоў. Дзеючыя нормы дапоўнены. Так, выпускнікі, якія навучаліся на платнай аснове і звярнуліся па накіраванне на работу, будуць атрымліваць статус маладога спецыяліста.

 

Змяненні для абітурыентаў 

Таксама Прэзідэнт краіны зацвердзіў новую рэдакцыю Правілаў прыёму асоб для атрымання вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Новыя Правілы ўвязаны з навэламі Кодэкса аб адукацыі. Так, выпускнікі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі будуць здаваць выніковыя іспыты па адной з дзяржаўных моў і матэматыцы ў форме цэнтралізаванага экзамену. У сувязі з гэтым устаноўлена, што паступленне ў ВНУ з 2023 года будзе ажыццяўляцца на падставе сертыфікатаў цэнтралізаванага экзамену, вынікаў цэнтралізаванага тэсціравання (па профільных прадметах), а таксама сярэдняга бала дакумента аб адукацыі. Усё гэта павысіць адказнасць настаўнікаў за вынікі сваёй работы і скароціць нагрузку на вучняў 11 класаў.

Таксама ў новых рэдакцыях Кодэкса і Правілаў прыёму істотна пашыраюцца магчымасці мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў як формы дзяржаўнага заказу. Калі раней яна распаўсюджвалася толькі на пэўныя населеныя пункты (чарнобыльскія, сельскія рэгіёны, гарады з насельніцтвам да 20 тысяч), то зараз такі дагавор можа заключыць арганізацыя-заказчык кадраў, якая знаходзіцца ў любым пункце Беларусі.

Пры гэтым плануецца, што для паступлення на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі з 2023 года абітурыент будзе здаваць унутраны ўступны іспыт (вусны экзамен), які дазволіць «убачыць» і правесці адбор матываваных абітурыентаў.

У 2023 годзе ў сілу ўступяць нормы аб павелічэнні ва ўстановах вышэйшай адукацыі колькасці бюджэтных месцаў на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў па сельскагаспадарчых спецыяльнасцях — да 70 працэнтаў ад кантрольных лічбаў прыёму, па медыцынскіх — да 80 працэнтаў, па іншых спецыяльнасцях — да 60 працэнтаў.

У мэтах адбору найбольш падрыхтаваных, матываваных абітурыентаў прадугледжваецца шэраг ільгот: з 2022 года — для выпускнікоў спартыўна-педагагічных і ваенна-патрыятычных класаў, а з 2023 года — для пераможцаў Рэспубліканскіх і ўнутрыўніверсітэцкіх алімпіяд, Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарку.

Паступленне ў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь з 2023 года будзе ажыццяўляцца па асаблівым парадку.

Пры паступленні ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі залічэнне абітурыентаў будзе ажыццяўляцца па конкурсе сярэдняга бала дакумента аб адукацыі.

Новая рэдакцыя Правілаў прыёму ўзгоднена з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі і ведамствамі, прайшла шырокае грамадскае абмеркаванне. Яна забяспечвае захаванне разумнага балансу інтарэсаў дзяржорганаў, арганізацый — заказчыкаў кадраў, устаноў адукацыі, абітурыентаў і іх бацькоў.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.