Вы тут

У Нацыянальным гістарычным музеі пачаў работу праект «Промні святла. Лёс жанчыны ў гады Халакосту»


У Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь пачаў работу выставачны праект «Промні святла. Лёс жанчыны ў гады Халакосту». Фотавыстаўка складаецца з дзевяці тэматычных блокаў, кожны з якіх дае яркую ілюстрацыю да жыцця яўрэйскіх жанчын, іх супрацьстаяння злу і жорсткасці часу.


Каханне, мацярынства, аказанне дапамогі блізкім, захаванне жаноцкасці, сяброўства, вера, супраціўленне і выратаванне, клопат пра ежу, творчасць — гэта, бадай, тыя акцэнты, што можна вылучыць у прадстаўленых гледачу работах. Экспазіцыя грунтуецца на архівах, даследаваннях, паказаннях сведкаў і фотаздымках. Роля жанчын у часы Вялікай Айчыннай была вельмі значная, паколькі мужчыны сышлі на вайну, а вырашэнне ўсіх надзённых пытанняў легла на жаночыя плечы. Дзякуючы сваёй стойкасці і сіле ім удалося захаваць не толькі жыццё, але і чалавечыя каштоўнасці.

Выстаўку прадстаўляе мемарыяльны комплекс гісторыі Халакосту «Яд ва-Шэм» (знаходзіцца ў Іерусаліме), які з'яўляецца не толькі музеем, але і даследчыцкім інстытутам. Яго галоўная мэта палягае ў тым, каб аднавіць як мага больш імёнаў і лёсаў тых, каму выпала жыць і змагацца ў тых жахлівых умовах. Беларуская зямля памятае трагедыю яўрэйскага народа — 800 тысяч яўрэяў былі знішчаныя тут фашысцкімі акупантамі. Беларусы, як і яўрэі, пацярпелі ад нацызму, змагаліся з ім. Кожны тэматычны блок выставачнага праекта не толькі паказвае маштаб трагедыі, але і распавядае аб промнях дабра, надзеі і святла, якія здолелі адшукаць у сабе яўрэйскія жанчыны — менавіта гэта зашыфравана ў назве выстаўкі.

Праект рэалізоўваецца ў рамках супрацоўніцтва Нацыянальнага гістарычнага музея з Ізраільскім культурным цэнтрам «Натыў» пры пасольстве Ізраіля ў Беларусі. Раней ён экспанаваўся ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Выстаўку можна наведаць да 1 снежня. І зрабіць тое варта, каб не толькі згадаць мінулае і яго гераічных людзей, але і захаваць гістарычную памяць, перадаць яе наступнаму пакаленню з надзеяй, што больш падобнае не паўторыцца.

Алена ДРАПКО

Загаловак у газеце: Застацца жанчынай насуперак злу

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.