Вы тут

Шляхамі беларускіх кампазітараў


У мінулую нядзелю на «Беларусь 3» стартаваў паказ дакументальна-пазнавальнага цыкла «Кампазітары Беларусі». Генетыка, асяроддзе, адукацыя альбо прыроджаны дар — што абуждала талент у беларускіх музычных геніяў розных часоў? Адказы на гэтае і многія іншыя пытанні гледачы змогуць адшукваць у кампаніі стваральнікаў праекта.


У першым выпуску паказалі творчасць кампазітара, дырыжора, педагога, народнага артыста СССР Яўгена Глебава. У сваім аўтарскім метадзе ён апеляваў да існуючага і дзеючага музычна-гістарычнага поля, дзе здолеў стварыць уласны музычны стыль з найшырэйшым дыяпазонам пачуццяў і настрояў. Разнастайнасць тэм, сюжэтаў, вобразаў, яркасць індывідуальнай манеры і прафесіяналізм зрабілі музыку Глебава з'явай сучаснага музычнага мастацтва і вылучылі кампазітара ў першыя шэрагі мастакоў агульнаславянскай культуры...

Не менш цікавыя і каларытныя творчыя і жыццёвыя біяграфіі хаваюцца за імёнамі Мікалая Аладава, Яўгена Цікоцкага, Сяргея Картэса, Ігара Лучанка, Іосіфа Жыновіча, Анатоля Багатырова і іншых. Беларусь ведае шмат творцаў, якія ўзбагацілі не толькі нацыянальны, але і сусветны музычны працэс. Іх творы сталі візітоўкамі нашай краіны, вывучаюцца ў кансерваторыях і акадэміях і дагэтуль застаюцца ў рэпертуары шматлікіх музычных калектываў.

Кожны выпуск праекта «Кампазітары Беларусі» прысвячаецца адной са знакавых асоб у гісторыі айчыннага музычнага мастацтва. Разам з музыказнаўцамі, крытыкамі, дырыжорамі, вакалістамі і інструменталістамі сацыякультурны тэлеканал пагартае старонкі творчай біяграфіі і нотных сшыткаў самых вядомых прадстаўнікоў акадэмічнай, фальклорнай і эстраднай музыкі, а іх эталонныя творы прагучаць у выкананні прафесійных калектываў. У наступным выпуску 14 лістапада нас чакае знаёмства з асобай Уладзіміра Солтана. Аўтар шэрагу інструментальных твораў і оперы «Дзікае паляванне караля Стаха», якая ўдастоілася Дзяржаўнай прэміі Беларусі. Жанравая разнастайнасць, інтанацыйная дакладнасць і насычаная эмацыянальнасць — так характарызуюць музыку маэстра. Думаю, пасля прагляду праграмы, прысвечанай творчасці кампазітара, кожны зможа адкрыць для сябе новыя старонкі ў яго біяграфіі.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.