Вы тут

Ад пластыку да кліматычных змен


На VІІ пасяджэнні Міждзяржаўнага экалагічнага савета СНД прадстаўнікі краін-удзельніц абмеркавалі актуальныя праблемы рэгіёна і абмяняліся вопытам у іх вырашэнні.


Як адзначыў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Андрэй ХУДЫК, савет — выдатная пляцоўка для вырашэння самых актуальных «зялёных» пытанняў на міжнародным узроўні, перш за ўсё змены клімату, аховы навакольнага асяроддзя і экалагічнай бяспекі. Ад правядзення мэтанакіраванай, прадметнай работы ў гэтым кірунку залежаць дабрабыт і росквіт усяго чалавецтва. Мэта ж савета — зрабіць максімальны канкрэтны практычны ўнёсак у рашэнне дадзеных задач.

Пластыку бой!

Падчас пасяджэння беларускі бок падзяліўся вопытам работы па пераходзе ад пластыкавай упакоўкі да экалагічна бяспечнай.

— Наша краіна з'яўляецца лідарам у пытанні абыходжання з адходамі на постсавецкай прасторы, — адзначыў Андрэй Худык. — Сёлета мы плануем, што каля 30 % ЦКА будзе ўцягнута ў эканоміку краіны.

Намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр КОРБУТ расказаў, як у Беларусі арганізавана забарона выкарыстання аднаразовага пластыкавага посуду ў аб'ектах грамадскага харчавання, як ажыццяўляецца пераход аб'ектаў гандлю да больш шырокага ўжывання напояў у шкляной тары, пакетаў, аднаразовага посуду і сталовых прыбораў з паперы, мінімізуецца продаж пластыкавых аднаразовых рэчаў.

— Важна прадухіляць утварэнне адходаў, пераглядаць свае падыходы да пакупак, — упэўнены Аляксандр Корбут. — Выбіраючы замест аднаразовай упакоўкі шматразовую, спажыўцы ўздзейнічаюць на вытворцаў.

Беларускім вопытам зацікавіліся і іншыя краіны — удзельніцы СНД. Многія з іх таксама робяць пэўныя крокі па змяншэнні выкарыстання пластыкавай упакоўкі. Так, ва Узбекістане бясплатная выдача пакетаў пад забаронай з 2019 года. У Арменіі з 1 студзеня 2022 года будзе забаронена прадаваць аднаразовыя пластыкавыя пакеты таўшчынёй да 50 мікрон. Плануецца адмовіцца ад пластыкавай тары ці зменшыць колькасць пластыку ва ўпакоўцы ў Таджыкістане і Кыргызстане.

Як гандляваць выкідамі?

Закранулі ўдзельнікі мерапрыемства і пытанне вугляроднага рэгулявання з улікам «зялёнага пагаднення», прынятага ў ЕС, і ўвядзення на яго тэрыторыі з 2026 года вугляроднага падатку. Паколькі Беларусь, як і іншыя краіны Садружнасці, экспартуе сваю прадукцыю ў Заходнюю Еўропу, неабходна зніжаць яе вугляродаёмістасць для павышэння канкурэнтаздольнасці.

Намеснік дырэктара дэпартамента кліматычнай палітыкі і «зялёных» тэхналогій Міністэрства экалогіі, геалогіі і прыродных рэсурсаў Рэспублікі Казахстан Айнур КАПБАЕВА расказала пра вопыт сваёй краіны ў галіне гандлю выкідамі парніковых газаў. Сістэма дзяржаўнага рэгулявання ў сферы выкідаў і паглынанняў парніковых газаў там дзейнічае з 2011 года. У рамках новага Экалагічнага кодэкса яна была ўдасканалена для выканання абавязацельстваў Парыжскага пагаднення. Пачынаючы з 2021 года вугляродны бюджэт будзе штогод скарачацца на 1,5 % ад узроўню вугляроднага бюджэту 1990 года. Сістэма ахоплівае каля 40 % усіх агульнанацыянальных выкідаў і рэгулюе энергетычны, горназдабывальны, металургічны, хімічны, апрацоўчы сектары і іншыя. Кампаніі з больш тэхналагічнымі вытворчасцямі могуць прадаць лішкі квот на выкіды тым, хто не мадэрнізуе свае прадпрыемствы.

Устойлівае развіццё

Падзяліліся краіны — удзельніцы СНД і сваімі поспехамі ва ўкараненні Мэт устойлівага развіцця ў галіне аховы навакольнага асяроддзя. Так, напрыклад, у Кыргызстане прынятая нацыянальная стратэгія захавання снежнага барса на 2013—2023 гады. Плануецца таксама павялічыць плошчу асабліва ахоўных прыродных тэрыторый з 7,4 да 10 %.

У Расіі займаюцца ачысткай ад смецця прыбярэжных тэрыторый рэк і азёр, рэалізоўваецца праект па захаванні возера Байкал. Займаюцца там і смеццем — за апошні час доля адходаў, якія перапрацоўваюцца, склала ў краіне больш за 8,5 %.

Аляксандр Корбут расказаў, як у Беларусі працуюць над захаваннем тарфянікаў. Наталля Інчына, начальнік упраўлення рэгулявання ўздзеяння на атмасфернае паветра, змену клімату і экспертызы Мінпрыроды, адзначыла, што ў найбліжэйшы час беларускі ўрад прыме новы нацыянальны ўнёсак краіны, у адпаведнасці з якім плануецца скараціць выкіды парніковых газаў на 35 % да 2030 года адносна ўзроўню 1990-га.


Згодна з планам работы МЭС СНД на 2022—2023 гады, у гэты час плануецца вывучыць магчымасць збліжэння падыходаў і гарманізацыі нацыянальнага заканадаўства ў вобласці аховы навакольнага асяроддзя.

Вераніка КОЛАСАВА

Прэв’ю: прэс-службы Мінпрыроды

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.