Вы тут

ХХV Міжнародны тэатральны фестываль «Белая Вежа» пройдзе ў Брэсце з 10 да 18 верасня


ХХV Міжнародны тэатральны фестываль «Белая Вежа» пройдзе ў Брэсце з 10 да 18 верасня. Творчыя калектывы розных краін прыедуць у Беларусь, каб падарыць гледачу яркія эмоцыі. У фестывальнай афішы заяўлены 22 тэатры з сямі краін — Беларусі, Арменіі, Грузіі, Казахстана, Малдовы, Расіі і Таджыкістана. Фестываль прысвечаны 30-гадоваму юбілею Саюза Незалежных Дзяржаў і праводзіцца пры садзейнічанні Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва.


Праграма фестывалю ўжо вядомая, знайсці яе можна на афіцыйным сайце Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы. У спісе пастановак адразу сустракаюцца вядомыя, шматабяцальныя назвы: «Вій», «Запіскі юнага лекара», «Новая зямля», «На дне» і шмат што іншае. Паказ адбудзецца на трох мовах — беларускай, рускай і таджыкскай (у суправаджэнні сінхроннага перакладу на рускую мову). Пастаноўкі пройдуць на трох пляцоўках горада: у вялікай і малой залах Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы, у Палацы культуры прафсаюзаў і Брэсцкім тэатры лялек. Сярод чаканых удзельнікаў фестывалю — чатыры ўладальнікі Гран-пры папярэдніх форумаў, лаўрэаты Нацыянальнай тэатральнай прэміі Беларусі і расійскай «Залатой маскі».

Пра цікавыя дэталі будучага мерапрыемства мы даведаліся ў дырэктара Міжнароднага тэатральнага фестывалю «Белая Вежа», заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Аляксандра Козака:

— Што адметнага адбудзецца на сёлетнім фестывалі? Чым здзівяць гледача?

— Сёлета з-за абмежавальных ковідных мер фестываль будзе праходзіць без удзелу еўрапейскіх калектываў. Гэта дазволіла нам больш увагі аддаць цікавым і перспектыўным тэатрам краін СНД, з якімі мы будзем рады пазнаёміць нашых гледачоў. Таксама ў фестывалі гэтага года шырока прадстаўлена беларуская праграма. Дзевяць нацыянальных калектываў парадуюць сваёй творчасцю берасцейцаў. Гэта і Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага з Мінска, які прадставіць сцэнічную фантазію на гістарычную тэму — «Пане Каханку», і Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі з эксперыментальнай пастаноўкай «Шлюб з ветрам», дзе большая частка дыялогаў заменена музыкай і песнямі. У блоку тэатра лялек будуць прадстаўлены цэлыя тры вядомыя беларускія калектывы. Брэсцкі тэатр лялек выступіць з драмай па класіцы беларускай літаратуры «Новая зямля». Магілёўскі абласны тэатр лялек пакажа сучасную дзёрзкую інтэрпрэтацыю класічнай аповесці Вальтэра «Кандзіда, або Аптымізм», а Беларускі дзяржаўны тэатр лялек раскажа аб цяжкай працы маладых медыцынскіх работнікаў у спектаклі «Запіскі юнага ўрача» паводле Булгакава. Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы ў рамках форуму пакажа адну са сваіх апошніх прэм'ер — эксперыментальны спектакль па сучаснай драме «Дзень Б.» у пастаноўцы Дзяніса Фёдарава. Пастаноўка яркая і ўжо палюбілася брастаўчанам. І гэта далёка не ўсё. Мы спадзяёмся, што гледачы фестывалю па-новаму адкрыюць для сябе нацыянальны тэатр, а таксама тэатр краін СНД.

— Якія фестывальныя традыцыі будуць захоўвацца сёлета?

— Самая галоўная традыцыя тэатральнага фестывалю «Белая Вежа» — гэта падбор якаснай і разнастайнай рэпертуарнай афішы. На мой погляд, нягледзячы на ўсе абмежаванні, мы справіліся з гэтай задачай. У афішы гэтага года прадстаўлены спектаклі драматычныя, музычныя і пластычныя, а таксама спектаклі тэатра лялек для дарослых і дзяцей. Кожны глядач знойдзе тую пастаноўку, якая кране яго і запомніцца на доўгія гады. На мой погляд, менавіта дзякуючы прафесійнаму адбору спектакляў рэпутацыя нашага фестывалю з году ў год мацнее, а брэсцкая публіка з нецярпеннем чакае верасня.

— Чаму варта схадзіць на фестываль?

— Гэта заўсёды вялікае культурнае свята. Ён дорыць гледачам незабыўныя эмоцыі, якія застаюцца ў сэрцы надоўга. А таксама наш форум дазваляе брэсцкай публіцы пазнаёміцца з велізарнай разнастайнасцю культур, з тэатральным мастацтвам розных дзяржаў і нацый. Гэта ўнікальны шанц убачыць тэатральны працэс у яго развіцці. Дзякуючы форуму мы падтрымліваем і развіваем дыялог культур, спрыяем фарміраванню сяброўскіх адносін і з'яўленню новых творчых праектаў. Мы робім усё магчымае, каб паход у тэатр быў прыемным і бяспечным баўленнем часу.

— З-за ковіду ёсць складанасці ў правядзенні масавых мерапрыемстваў. У сувязі з гэтым, магчыма, будуць анлайн-спектаклі?

— Тэатр усё ж, на мой погляд, — мастацтва кантактнае. Прысутнасць гледача ў зале дапамагае ходу спектакля, натхняе артыстаў і напаўняе пастаноўкі сапраўдным жыццём. Таму мы прыклалі максімальныя намаганні, каб мерапрыемства прайшло ў жывым фармаце. Будзьце ўпэўненыя, што ўсе антыковідныя меры будуць выкананы. Мы таксама просім гледачоў пры паходзе ў тэатр строга прытрымлівацца масачнага рэжыму, каб засцерагчы сябе і гасцей.

Азнаёміцца з праграмай фестывалю і набыць квіткі на спектаклі можна ў касе тэатра з дапамогай электроннага заказу квіткоў на сайце і па тэлефоне 34-26-57.

Ангеліна ВАРАТЫНСКАЯ

Загаловак у газеце: «Фестываль — гэта радасць і духоўны рост»

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.