Вы тут

Гісторыя з канверта. Як Сцяпанавіча жанілі


Кот Фёдар з вышыні сёмага паверха з цікаўнасцю назіраў за вераб'ямі. Яго гаспадыня Кацярына смажыла катлеты і складвала ў рондальчык — збіралася да сяброўкі на лецішча з катом, хай па траўцы пагуляе.


Фота: pixabay.com

Сення Кацярына будзе знаёміць сяброўку са Сцяпанавічам. Чалавек ён добры, хоць і празмерна педантычны. Стаміўся ад адзіноты, а з Любай яны будуць добрай парай. Абодва хударлявыя, працавітыя, адзінокія.

Люба папрасіла дапамагчы ў падвязцы кустоў у агародзе, і Каця паклікала з сабой Сцяпанавіча. Ведаючы яго ахайнасць і насцярожанае стаўленне да катоў, прыкідвала, як сказаць, што Фёдар паедзе з імі.

Ужо дзесяць гадоў Сцяпанавіч трывае нервовае напружанне на агульнай кухні з былой жонкай. Ён рэгулярна працірае пыл, а яна на злосць смеціць. Ад гэтага Сцяпанавіч перажывае, худнее і сохне, а былая пераможна рагоча і таўсцее. Вярнуўшыся з санаторыя, Сцяпанавіч знайшоў свой посуд, які старанна мыў і дэзынфіцыраваў, у павуціне пад ваннай.

Чаша цярпення перапоўнілася, і Сцяпанавіч прыняў цвёрдае рашэнне змяніць жыццё. Ён пагадзіўся пазнаёміцца з Кацінай сяброўкай. Люба жыла адна ў двухпакаёвай кватэры, мела лецішча і дваццаць сотак чарназёму.

Раніцай Сцяпанавіч прыехаў на сваёй машыне. Кацярына памахала яму з балкона. Мужчына зразумеў гэта як знак запрашэння і праз хвіліну ўжо стаяў каля парога. Каця ўздыхнула і, прадбачліва зачыніўшы дзверы ў пакоі, запрасіла ўвайсці. Госць акінуў уважлівым позіркам памяшканне і зняў начышчаныя чаравікі. Пах туалетнай вады запоўніў пярэдні пакой.

— Аладкі будзеце?

— Мабыць. Даўно іх не еў.

Сцяпанавіч смакаваў аладкі. Ён яшчэ не здагадваўся, што кот едзе з імі. А Фёдар прыглядаўся і прынюхваўся да госця.

Праз некалькі хвілін спускаліся да машыны.

Катоў Сцяпанавіч на дух не пераносіў, але на гэты раз вырашаўся яго лёс, і ён, пераадольваючы непрыязнасць, нават пагладзіў жывёлінку. Убачыўшы вымытую да бляску машыну, Каця зразумела, што ідэя ўзяць Фёдара была дрэннай.

Сцяпанавіч галантна адкрыў дзверцы, і Каця з Фёдарам на руках села на аксамітавае сядзенне. Сцяпанавіч дастаў белую сурвэтку і працёр бездакорна чыстае шкло. У Каці ўзнікла падазрэнне: ён дэзынфіцыруе ўсе свае рэчы.

Машына кранулася. Кот напружыўся ў Каці на каленях і спалохана паглядзеў у акно.

Раптам ён вырваўся і пачаў даследаваць машыну па перыметры, у тым ліку пад нагамі кіроўцы. Сцяпанавіч мужна выносіў гэтае свавольства, але твар яго выказваў пакуты. Каця, злавіўшы Фёдара, міралюбна паабяцала:

— На лецішчы пачышчу машыну.

Сцяпанавіч ветліва рыпнуў зубамі: «Пачышчу сам».

...Люба ў шортах і майцы сустрэла іх каля брамы. Яна трымала вядро з разведзеным курыным памётам. Пах уразіў гарадскіх жыхароў.

— Я ж памідоры падкормліваю! — патлумачыла гаспадыня.

Госцю даручылі падрыхтаваць усё каля вогнішча ў садзе. Сцяпанавіч адкрыў багажнік, у якім выявіўся цэлы склад. Дастаў акуратна складзены выпрасаваны камбінезон і працоўныя туфлі, пайшоў пераапранацца. Куды падзецца, калі ўжо прыехаў.

Потым яны насілі з калонкі ваду і налівалі ў кадку. Сумесная праца неяк зблізіла — жартавалі, смяяліся. Пасля Каця памыла рукі ў кадцы і прапанавала памыцца Сцяпанавічу.

— Я зараз, — ён кідаўся ад кадкі як чорт ад ладану, дастаў з багажніка бутэльку з вадой і чыстыя сурвэткі. Рукі мыў доўга і старанна. Селі за стол, выпілі па чарцы і схапіліся за лыжкі. Госць затармазіў, разглядаючы алюмініевую лыжку пад рознымі вугламі. Яна была ў дробных увагнутасцях і чорных кропачках. Каця падала іншую, папераджальна апаласнуўшы яе кіпенем, і падумала: «Як ён тут, пры такой ахайнасці, прыжывецца?» Перасіліўшы гідлівасць, Сцяпанавіч закусіў.

Пасля абеду падвязалі кусты. А ўвечары ў кампаніі суседзяў гатавалі шашлыкі ў садзе. Гарэла вогнішча, весела патрэскваючы і адганяючы камароў.

Суседка прынесла гітару, і над пасёлкам паплыў высокі чысты голас. Песня расказвала пра каханне. Кот Фёдар ляжаў на бервяне каля вогнішча, ён таксама марыў у гэтую зорную ноч. Віно сагравала і кружыла галаву, песня будзіла пачуцці. Люба падлівала Сцяпанавічу напой, сэрца стукала, і рука неспадзявана дакраналася да яго рукі.

Сцяпанавіч дзякаваў і збянтэжана адсоўваў келіх:

— Не люблю спіртное, люблю салодкае!

Летнія ночы кароткія. Каця шапнула Любе:

— Ні пуху ні пер'я, — і пайшла з катом начаваць да суседкі, што для Сцяпанавіча стала нечаканасцю.

— Не пакідайце мяне аднаго, — прашаптаў ён, схапіўшы Кацю за руку, з-за чаго кот ірвануўся і знік у траве. — Я некалькі гадоў не быў блізкі з жанчынай... Прабачце, я адчуваю, што магу быць з вамі адкрытым, — збянтэжана прызнаўся ён.

— Не турбуйцеся, Люба вас не кране, — супакоіла яго Каця і пабегла лавіць ката.

Сцяпанавіч адчуваў няёмкасць. Адпраўляючыся на дачу, ён быў гатовы да перамен, але цяпер панічна баяўся абняславіцца і выглядаць смешным. Яго кінула ў холад. Хударлявае цела сціснулася, лапаткі завастрыліся, касцістыя рукі неспакойна абтрасалі пінжак. Па-здрадніцку падціскаліся і без таго тонкія вусны. Ён сапраўды даўно не сустракаўся з жанчынамі.

Сцяпанавіч разумеў, што ў такім стане не варта нават рыпацца. Разам з тым не выклікала сумненняў, што жанчына вызначана чакае ад яго дзеянняў. З-за наплыву эмоцый у яго падняўся ціск, забалела галава. Ён выпіў таблетку.

Люба паслала сабе на іншай канапе. Пакой цьмяна асвятляў ліхтар за акном.

— Вам зручна? — спытала гаспадыня.

— Так, дзякуй, — пахаладзеў Сцяпанавіч.

Яна паднялася папіць.

— Можа, вады падаць?

— Не, дзякуй.

Люба вярнулася на канапу, Сцяпанавіч уздыхнуў. Ён не спаў, думаў пра Любу. Яна таксама не спала, думала пра Сцяпанавіча. Было ясна: Сцяпаныч не арол.

Абодва гэта адчувалі, абодвум было нязручна. Пакруціўшыся ў ложку, Люба зрабіла адчайны крок:

— Вы не спіце?

Сцяпанавіч маўчаў. Люба, пачакала:

— Я чую, не спіце! Можа, дапамагчы заснуць? — і... нырнула да яго пад коўдру...

Цяпер Люба і Сцяпаныч жывуць разам. Лецішча стала проста казкай. Сцяпаныч даводзіць усё да ідэальнага стану. А Каця радуецца за сяброўку, у якой усё добра.

Валянціна БЫСТРЫМОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.