Вы тут

Курсанты-першакурснікі Акадэміі МУС прынялі прысягу на вернасць Беларусі і яе народу


Гэтыя вельмі важныя словы навабранцы галоўнай міліцэйскай альма-матар краіны вымавілі на плошчы Дзяржаўнага сцяга. Сёлета шэрагі акадэміі папоўніла звыш 440 курсантаў, у тым ліку каля 20 дзяўчат.


Усе яны ўжо прайшлі курс маладога байца. За месяц засвоілі агнявую, страявую і фізічную падрыхтоўку, атрымалі тэарэтычныя першапачатковыя веды, якія спатрэбяцца ім у прафесіі. Цвёрда ўпэўненыя ў правільнасці свайго выбару, юнакі і дзяўчаты прынялі ўдзел у адной з галоўных урачыстасцяў свайго жыцця.

Як адзначыў намеснік міністра ўнутраных спраў генерал-маёр міліцыі Сяргей ХАМЕНКА, сярод усіх міліцэйскіх рытуалаў прыняцце прысягі з'яўляецца самым хвалюючым, які запамінаецца на ўсё жыццё ў найдрабнейшых дэталях. «Вымавіўшы слова «клянуся», вы сёння ўсклалі на сябе самую высокую адказнасць за абарону жыцця і здароўя людзей, павагу іх правоў і свабод, — звярнуўся да курсантаў прадстаўнік сілавога ведамства. — Гэта клятва вернасці нашай роднай Беларусі назаўсёды застанецца ў вашых сэрцах, будзе вашым надзейным арыенцірам у службе».

Сяргей Хаменка падкрэсліў, што сёння ў Акадэмію МУС паступілі найлепшыя прадстаўнікі маладога пакалення. «Гэта адказ тым зласліўцам, якія кажуць аб зніжэнні іміджу беларускай міліцыі, — удакладніў намеснік міністра. — Гэтыя людзі валодаюць ведамі, яны фізічна развітыя, а ў іх вачах — імкненне палепшыць жыццё».

Каб павіншаваць хлопцаў і дзяўчат з прыняццем прысягі, на плошчы Дзяржаўнага сцяга сабраліся родныя і блізкія, а таксама сябры ўчарашніх школьнікаў.

— Паступіўшы ў Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў, вы сталі на вахту па ахове закона, — акцэнтавала ўвагу новага папаўнення мама курсанта Алеся Лябедзік. — Вы заўсёды павінны памятаць, што галоўны абавязак супрацоўніка сілавога блока — мець халодны розум, гарачае сэрца і крыштальна чыстае сумленне, верна і шчыра служыць народу. Гледзячы на гэтыя стройныя шэрагі, мы, вашы бацькі, адчуваем вялізны гонар і радасць: вы абралі нялёгкі, але вельмі ганаровы шлях — служыць свайму народу, сваёй Радзіме.

Сярод іх — і Мікіта Лукашэвіч. Калі паўстала пытанне аб будучай прафесіі, малады чалавек ніколькі не вагаўся: перад ім быў заўсёды прыклад — бацька. Участковага, якога ў акрузе, дзе ён служыў, называлі сучасным Аніськіным, вельмі любілі і паважалі людзі, бо ён заўжды прыходзіў на дапамогу. На жаль, афіцэр міліцыі падчас выканання службовых абавязкаў загінуў. Сёння бацькаву справу працягвае яго сын.

— Дынастыя не спыняецца ўжо ў трэцім пакаленні: дзядуля Мікіты ў мінулым — палкоўнік міліцыі, — расказвае Наталля Лукашэвіч, мама курсанта. — Мы не настойвалі, каб па гэтым шляху пайшоў і сын, аднак ён сам прыняў рашэнне, і мы яго толькі падтрымліваем.

Словы прысягі ўчора вымавілі яшчэ і курсанты Магілёўскага інстытута МУС. Сярод тых, хто прыняў рашэнне служыць у міліцыі, — нямала прадаўжальнікаў сямейных дынастый супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, а таксама выпускнікоў кадэцкіх вучылішчаў.

— Міліцэйская прафесія прад'яўляе да вас, хто прысвяціў сябе справе барацьбы са злачыннасцю, асаблівыя патрабаванні, — павіншаваў навабранцаў з прыняццем прысягі намеснік міністра ўнутраных спраў генерал-маёр міліцыі Генадзь КАЗАКЕВІЧ. — Супрацоўнік павінен быць усебакова развітым, прынцыповым і патрабавальным да сябе і навакольных, непрымірымым да фактаў парушэння закона, а таксама гуманным і справядлівым, смелым у хвіліну небяспекі, хуткім у прыняцці рашэння.

Чатыры гады навучання праляцяць вельмі хутка, і сённяшнія навабранцы зноў збяруцца на плошчы Дзяржаўнага сцяга, дзе ім будзе прысвоена першае афіцэрскае званне. А пакуль у добры шлях!

Вераніка КАНЮТА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Абралі ганаровы шлях

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.