Вы тут

На рынак — з праверкай КДК. Што ж насамрэч адбываецца на базарах?


Камітэтам дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці разам з супрацоўнікамі фінансавай міліцыі і іншых кантралюючых (наглядных) органаў комплексна вывучаны пытанні функцыянавання рынкаў. Многія патэнцыяльныя пакупнікі ходзяць туды ў надзеі купіць якасны тавар па параўнальна нізкай цане. Асабліва калі гэта датычыцца сельскагаспадарчай прадукцыі. Што ж насамрэч адбываецца на базарах, як называюць такія гандлёвыя лакацыі ў народзе?


 pixabay.com

Негаспадарскі падыход

У Падзвінні 42 рынкі і міні-рынкі, на якіх больш за 7,7 тысячы гандлёвых месцаў. У тым ліку прыблізна 1,7 тысячы — па продажы сельскагаспадарчай прадукцыі. Прадаўцам уласнай сельгаспрадукцыі на шаснаццаці рынках выдзяляюць 132 месцы бясплатна.

— Маніторынг правялі на чатырох найбольш буйных рынках у Віцебску, Полацку і Оршы. У цэнтры ўвагі была магчымасць продажу прадукцыі ўласнай вытворчасці. Высветлілася, што значная колькасць месцаў для адпаведнага гандлю пустуе. Напрыклад, на «Смаленскім рынку» ў Віцебску незапатрабаваная прыкладна чвэрць ад агульнай колькасці спецыяльных месцаў, на Аршанскім рынку — 23 %, у Полацку — 58 %, — удакладніў Алег Кундзелеў, начальнік упраўлення кантролю за работай галін гаспадаркі Камітэта дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці.

Выяўлены парушэнні заканадаўства аб гандлі і цэнах, санітарна-эпідэміялагічных нормаў і правілаў, факты рэалізацыі прадукцыі без дакументаў, якія пацвярджаюць яе набыццё. Зарэгістраваны факты выплаты прадаўцам заработнай платы ў канвертах, незарэгістраванай прадпрымальніцкай дзейнасці.

Вызначылі і недахопы ў арганізацыі работы з боку адміністрацый рынкаў па падтрыманні парадку на тэрыторыі і гандлёвых месцах. Нездавальняючая сітуацыя на віцебскім «Смаленскім рынку», дзе адсутнічае дакладнае заніраванне месцаў, вызначаных для продажу сельгаспрадукцыі. Яны размешчаны на тэрыторыі разрознена і нязручна для наведвальнікаў. Як вынік, асноўная колькасць грамадзян вядзе гандаль гароднінай, саджанцамі, расадай, ягадамі па-за тэрыторыяй рынку: на аўтастаянцы і на тратуары. Там вельмі зручна гандляваць, бо шмат людзей прыязджае на рынак на аўто, побач вуліца, дзе таксама шматлюдна. Ды і плаціць за права продажу не трэба. Каб тут не ствараўся хаос, аб неабходнасці аператыўнага вырашэння праблемы праінфармаваныя Віцебскія аблвыканкам і гарвыканкам.

Якасць і законнасць

— Таксама ўстанавілі, што не вызначаны аднолькавыя падыходы па прадастаўленні грамадзянам, якія гандлююць сельгаспрадукцыяй уласнай вытворчасці, ільгот па аплаце гандлёвых месцаў. Напрыклад, на рынку ў Оршы прадугледжана зніжэнне ў два разы стаўкі па арэнднай плаце для ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і прыраўнаваных да іх асоб. Таксама на дадзеным рынку дваццаць месцаў выдзяляецца грамадзянам бясплатна. Пры гэтым на рынках Віцебскага абласнога спажывецкага таварыства ў Віцебску і Полацку адпаведных ільгот па аплаце няма, — працягвае Алег Кундзелеў.

Супрацоўнікамі органаў фінансавых расследаванняў на рынках у Полацку і Оршы выкрытыя факты прыцягнення трыма індывідуальнымі прадпрымальнікамі да гандлю чатырох грамадзян без афармлення працоўных адносін. Аплата працы грамадзян адбывалася без утрымання і пералічэння ў бюджэт падаходнага падатку і без выплаты ўзносаў у фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.

На рынках у Віцебску і Оршы ў некаторых месцах продажу адсутнічалі дакументы, якія пацвярджаюць якасць і бяспеку сельскагаспадарчай прадукцыі. Паводле тлумачэння прадаўцоў, прадукцыя, якая рэалізоўваецца, набывалася імі за наяўны разлік на аптовых рынках Мінска без дакументаў.

На тэрыторыі, прылеглай да «Смаленскага рынку» ў Віцебску, выяўлены факт правядзення грамадзянкай незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці па рэалізацыі каля 120 карэкцыйных акуляраў на суму 610 рублёў. Там жа выяўлена рэалізацыя прадукцыі індывідуальным прадпрымальнікам, чый прававы статус з 2017 года несапраўдны з-за знаходжання ў стадыі ліквідацыі. Аднак нягледзячы на існуючую забарону на здзяйсненне здзелак, не звязаных з ліквідацыяй, прадпрымальнік вяла гандаль акулярамі. Пры гэтым адсутнічалі дакументы, якія пацвярджаюць набыццё тавараў і іх якасць.

Паўсюдна выяўлены парушэнні санітарных нормаў, якія датычацца ўмоў захоўвання харчовай прадукцыі, наяўнасці дакументаў па якасці і бяспецы тавараў, якія рэалізоўваюцца, неабходнай маркіроўкі на таварах.

У дачыненні да парушальнікаў распачаты адміністрацыйныя працэсы, на тавар накладзены арышт.

Вагі не павяралі!

У некаторых прадаўцоў на «Смаленскім рынку» выяўлены парушэнні заканадаўства аб цэнах. Напрыклад, адным з прыватных прадпрыемстваў гандлёвыя надбаўкі на вараныя каўбасныя вырабы былі перавышаныя ад 4 да 25 працэнтаў. Той жа прадавец неабгрунтавана павысіў рознічныя цэны на дадзеную прадукцыю ў маі на 8,9 %, тады як дапушчальна павялічваць цэны толькі на 0,2 % у месяц.

Аналагічныя парушэнні выяўлены яшчэ ў трох індывідуальных прадпрымальнікаў, якія неабгрунтавана завышалі цэны на каўбасныя, мясныя вырабы і гародніну. Вінаватыя прыцягнутыя галоўным упраўленнем Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь па вобласці да адміністрацыйнай адказнасці.

Шматлікія парушэнні, у тым ліку абароны правоў спажыўцоў, у першым паўгоддзі выяўлены на рынках цэнтрамі гігіены і эпідэміялогіі больш чым у палове правераных аб'ектаў гандлю. Па ўсіх фактах забяспечана прыняцце мер па спыненні парушэнняў. Вынесены трыццаць патрабаванняў аб забароне рэалізацыі прадукцыі і дзве прапановы аб прыпыненні дзейнасці аб'ектаў. Вінаватых прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці.

Супрацоўнікамі Дзяржстандарта на рынках традыцыйна выяўляецца вялікая колькасць выпадкаў, калі вагі не павяраюць (павяраць — вызначаць дакладнасць іх работы): толькі за шэсць месяцаў бягучага года — больш за трыццаць такіх фактаў. Безумоўна, на такіх «прыборах» можна абважваць спажыўцоў.

Па выніках кантрольных мерапрыемстваў Віцебскаму аблвыканкаму, раённым і гарадскім выканкамам прапанавана прыняць дадатковыя меры па стварэнні ўмоў для рэалізацыі прадукцыі на рынках з захаваннем інтарэсаў прадаўцоў. Неабходныя адзіны падыход да льгот, вызначэнне зручных зон рэалізацыі і гэтак далей.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: На рынак — з праверкай

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.