Вы тут

Як выратаваць цыбулю...


Ці можна дапамагчы цыбулі, у якой пёры пачалі вянуць, сохнуць і падаць? Можна, калі знайсці прычыну, якая прывяла да згаданай праблемы. Да пажаўцення пяра часцей за ўсё прыводзяць памылкі ў доглядзе за цыбуляй і напад шкоднікаў.


Недастатковы паліў

Цыбулі, асабліва ў пачатку вегетацыі, трэба шмат вады. Дзякуючы ёй адбываецца актыўны рост надземнай часткі, назапашванне ў ёй пажыўных рэчываў і вадкасці. Калі стаіць гарачае надвор'е і вільгаці расліне недастаткова, пёры страчваюць пругкасць, пачынаюць жоўкнуць і ламацца. Праверце глебу: калі на глыбіні 3-5 см грунт сухі, значыць, цыбулі патрэбен паліў.

Як часта паліваць цыбулю? Вядома, гэта залежыць ад умоў надвор'я. Пры адсутнасці дажджоў у чэрвені — пачатку ліпеня цыбулю паліваюць не радзей як 1-2 разы на тыдзень з разліку 10-15 л вады на 1 кв. м. Потым колькасць паліву памяншаюць, а за 2 тыдні да паспявання цыбулін цалкам спыняюць. У адваротным выпадку пагоршыцца смак цыбулі, яна будзе дрэнна захоўвацца і пачне гніць.

Недахоп азоту

Пажаўценне пяра цыбулі ў чэрвені часта паказвае на недахоп у глебе азоту, які вельмі неабходны раслінам у пачатку развіцця. Да пажаўцення ў такім разе часта дадаецца невялікая колькасць пёраў, яны растуць кароткія і вузкія.

Каб запоўніць дэфіцыт дадзенага элемента, падкарміце цыбулю любым азотным угнаеннем.

Калі вы аддаяце перавагу мінеральным угнаенням, то вазьміце мачавіну (карбамід) — адно з найбольш канцэнтраваных азотных угнаенняў. Растварыце 10—15 г прэпарату ў 10 л вады і паліце пасадкі.

Прыхільнікі арганікі могуць выкарыстоўваць настой каравяка, конскага гною або курынага памёту. Добры эфект дае сумяшчэнне арганічнага і мінеральнага ўгнаенняў. У 10 л вады развядзіце 1 л каравяку і настойвайце некалькі дзён, а затым дадайце 1 ст. л. мачавіны. Гатовай падкормкай праліце пасадкі цыбулі.

Выдатным азотным угнаеннем з'яўляецца таксама травяны настой. Свежаскошаную траву, у якой яшчэ не паспела насенне, здрабніце і запоўніце гэтай масай ёмістасць на 2/3. Затым даліце даверху вады і пакіньце прыкладна на тыдзень. Калі настой будзе гатовы (у ёмістасці перастане ўтварацца пена), развядзіце яго вадой (1:5) і паліце дадзенай падкормкай градкі з цыбуляй.

Шкоднікі цыбулі

Да пажаўцення пяра цыбулі можа прывесці таксама пашкоджанне раслін шкоднікамі. Часцей за ўсё «вінаватай» з'яўляецца цыбульная муха — самы распаўсюджаны шкоднік цыбулі.

У сярэдзіне мая пачынаецца лёт цыбульнай мухі. Гэта насякомае само па сабе шкоды пасадкам не прыносіць — гэта робяць яго лічынкі. Цыбульная муха адкладвае на цыбуліны, пёры і глебу побач з раслінамі яйкі, з якіх на працягу тыдня з'яўляюцца лічынкі. Яны ўгрызаюцца ў мякаць цыбулі і могуць знішчыць усю цыбуліну цалкам, калі не прымаць ніякіх мер.

Каб пераканацца ў тым, што пажаўценне цыбулі адбылося менавіта з гэтай прычыны, выкапайце некалькі раслін і ўважліва агледзьце сцябло і цыбуліну. Калі знойдзеце там невялікіх белых чарвячкоў, значыць, вінаватая сапраўды цыбульная муха і трэба без прамаруджання пачынаць барацьбу.

Калі не знішчыць гэтае пакаленне лічынак у пачатку ліпеня, пасля акуклівання яны ператворацца ў мух, якія дадуць яшчэ адно пакаленне. І ваш ураджай зноў апынецца пад пагрозай.

Як змагацца з цыбульнай мухай? Памятайце, што справіцца з гэтым шкоднікам за адзін раз не атрымаецца — вам прыйдзецца рэгулярна апрацоўваць пасадкі на працягу сезона, каб не дапусціць размнажэння мухі і выратаваць расліны. Акрамя таго, чым раней вы выявіце шкодніка, тым вышэйшыя шанцы на перамогу.

Прыпудрыванне

Некалькі разоў за сезон пасыпце градкі драўняным попелам або тытунёвым пылком. Можна ўжыць таксама сумесь з 1 ст. л. тытунёвага пылку, 1 ст. л. перцу, 1 шклянкі попелу. Змяшайце ўсё гэта і пасыпце пасадкі. Такі састаў выкарыстоўваюць не толькі для барацьбы з цыбульнай мухай, але і для прафілактыкі грыбковых захворванняў.

Бярозавы дзёгаць

Яшчэ адзін сродак, які эфектыўна змагаецца з цыбульнай мухай, — бярозавы дзёгаць. У 10 л вады растварыце 30 г гаспадарчага мыла і 1 ст. л. дзёгцю. Палівайце атрыманым растворам градкі кожныя 2 тыдні. За сезон правядзіце не менш за 2-3 такія палівы.

Добрай прафілактыкай з'яўлення цыбульнай мухі з'яўляецца замочванне цыбулі-сеянкі перад пасадкай на працягу 30 хвілін у растворы дзёгцю: 1 ч. л. дзёгцю на 1 л вады.

Нашатырны спірт

Дадзены сродак дапаможа справіцца адразу з дзвюма праблемамі: недахопам азоту ў глебе і лічынкамі цыбульнай мухі.
У 10 л вады развядзіце 3 ст. л. 10 %-га нашатырнага спірту (прадаецца ў аптэцы). Затым дадайце такую колькасць марганцоўкі, каб атрымаўся ружовы раствор. Усё размяшайце. Палівайце атрыманым растворам пасадкі адзін раз на тыдзень, папярэдне намачыўшы зямлю. Колькасць паліву будзе залежаць ад ступені пашкоджання цыбулі: часам дастаткова два разы, часам даводзіцца паліваць не менш за пяць.

Інсектыцыды

Калі справіцца з цыбульнай мухай народнымі сродкамі не атрымалася, прыйдзецца ўжываць інсектыцыды — хімічныя прэпараты для барацьбы з насякомымі-шкоднікамі. Добра зарэкамендавалі сябе «Мухаед» і «Алатар». Ужывайце іх строга па інструкцыі, каб не нанесці шкоду сабе і сваім пасадкам.

У якасці прафілактычнага сродку многія агароднікі выкарыстоўваюць сумесныя пасадкі на адной градцы цыбулі і морквы. Цыбульная муха не любіць паху морквы, таму не адкладвае свае яйкі побач з гэтай раслінай.

Грыбковыя захворванні цыбулі

Вырвіце расліну з коранем і разрэжце цыбуліну. Калі ад яе зыходзіць непрыемны гніласны пах, на зрэзе бачныя пашкоджаныя лускавінкі (яны шараватыя або празрыстыя), а на донцы — белы або жоўты міцэлій, карані пачалі гніць, а донца стала мяккае, то ў цыбулі адно з самых небяспечных грыбковых захворванняў — фузарыёз (гнілата донца). Пры гэтай хваробе ў цыбулі пачынаюць жоўкнуць кончыкі пёраў, а сама цыбуліна становіцца мяккая і вадзяністая.

Як змагацца з фузарыёзам?

Па-першае, трэба выдаліць усе расліны з прыкметамі пашкоджання. Так вы зможаце засцерагчы свае пасадкі ад хуткага распаўсюджвання хваробы.

Па-другое, паліце градку моцным растворам марганцоўкі ці біяфунгіцыдамі «Фітаспарын-М» альбо «Агат-25 Супер» (развядзіце па інструкцыі). Гэтыя прэпараты эфектыўна змагаюцца з грыбковымі захворваннямі, аднак праводзіць апрацоўку трэба пры першых прыкметах хваробы. У адваротным выпадку давядзецца выкарыстоўваць больш моцныя фунгіцыды, напрыклад «Максім».

Ірына ТАМКОВІЧ

Фота: pixabay.com

Загаловак у газеце: Цыбуля сохне і падае. У чым прычына і як яе выратаваць?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.