Вы тут

У Сусветны дзень донара кроў здалі чыноўнікі і кіраўнікі грамадскіх арганізацый


Учора, у Сусветны дзень донара, здалі кроў міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч, генеральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа Вольга Мычко, намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Іван Лаўрыновіч, кіраўнік краінавага офіса Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў Беларусі Масуд Дара. Выязны пункт арганізавала Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа на базе свайго вучэбнага цэнтра сумесна з РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх тэхналогій.


Мі­ністр ахо­вы зда­роўя Дзміт­рый Пі­не­віч (злева) у час здачы крыві.

Дзмітрый Піневіч у размове з журналістамі падзяліўся, што кроў здае ўжо шмат гадоў, з 17-гадовага ўзросту, калі паступіў у Ленінградскую ваенна-медыцынскую акадэмію. Цяпер працягвае традыцыю ў якасці міністра аховы здароўя.

— Донарства з'яўляецца элементам фарміравання адказнасці кожнага з нас за тых, каму патрэбна кроў. Прыкладна 100 тысяч донараў штогод здаюць кроў, з яе рыхтуецца каля 240 тон разных кампанентаў. Вельмі важна, што кроў цяпер менш запатрабавана ў экстраннай дапамозе, бо выкарыстоўваюцца новыя тэхналогіі, у тым ліку ў правядзенні планавых і экстранных аперацый, адпаведна, менш кровастрат. Таму донарская кроў больш ідзе на перапрацоўку. І гэтыя кампаненты планава выкарыстоўваюцца ў медыцынскай дапамозе дзецям і дарослым. Таму кожны, хто здае кроў, уносіць часцінку сваёй дапамогі тут і цяпер дзецям і дарослым, якія маюць у гэтым патрэбу, — адзначыў Дзмітрый Піневіч.

Ён падкрэсліў, што, нягледзячы на падрыхтаваны адпаведны законапраект, татальнага бязвыплатнага донарства ў Беларусі не будзе. Пры шэрагу паказанняў здача крыві і плазмы застанецца платнай. Бязвыплатнае донарства пры гэтым таксама не бясплатнае. Усе донары атрымліваюць кампенсацыі на харчаванне, аднаўленне і за патрачаны рабочы дзень.

— Бязвыплатнае донарства — гэта індыкатар фарміравання грамадства, яго спеласці і гатоўнасці да садзейнічання і аказання дапамогі, — адзначыў Дзмітрый Піневіч.

Генеральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа Вольга Мычко таксама традыцыйна сярод тых, хто штогод бязвыплатна здае кроў.

— Паводле закона, падтрымка бязвыплатнага донарства з'яўляецца адной з важных задач Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Сённяшняя акцыя — гэта падвядзенне вынікаў той работы, якая праводзіцца на працягу ўсяго года, — адзначыла Вольга Мычко.

Толькі за два тыдні чэрвеня больш за 600 валанцёраў і работнікаў Чырвонага Крыжа сталі донарамі, учора — яшчэ 380 чалавек. Агулам амаль тысяча валанцёраў гэтай арганізацыі паўдзельнічала ў акцыі бязвыплатнага донарства.

— Напэўна, многія бачылі фільм «Плаці наперад». Хочацца спадзявацца, што нікому з нас донарская кроў не спатрэбіцца, але гэта тая гісторыя, калі, зрабіўшы запас, заплаціўшы наперад, мы дапамагаем іншым, — рэзюмавала Вольга Мычко.

Дырэктар РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх тэхналогій Фёдар Карпенка адзначыў, што донарская кроў патрабуецца кожны дзень.

— Штодзённа ў краіне адбываецца каля 2—2,5 тысячы пераліванняў. І гэта магчыма толькі дзякуючы донарам, якія платна ці бязвыплатна, але трацяць свой час, рэсурсы і энергію, каб дапамагчы іншаму.

На выязным пункце ўчора было нарыхтавана каля 30 літраў розных кампанентаў крыві, што дазволіць аказаць дапамогу 70 чалавекам. Донарская кроў і яе кампаненты запатрабаваны пры планавых аперацыях, аператыўнай родадапамозе, трансплантацыях органаў і тканак, пры вялікіх аперацыях у кардыялогіі, кардыяхірургіі, анкалогіі, дзіцячай анкагематалогіі.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Дапамога тут і цяпер

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.