Вы тут

На Гомельшчыне сёння праходзяць акцыі бязвыплатнага донарства


14 чэрвеня ў Сусветны дзень донара крыві дабрачынныя мерапрыемствы на Гомельшчыне арганізавала абласная арганізацыя Беларускага Чырвонага Крыжа. У Гомелі ўсіх ахвотных прыняць удзел у акцыі сустрэлі ў навучальным цэнтры абласной арганізацыі БЧК.


— У Сусветны дзень донара крыві мы звяртаем увагу грамадскасці на неабходнасць і важнасць бязвыплатнага донарства. Прыемна адзначыць, што менавіта Міжнародны рух Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца стаялі ля вытокаў заснавання і адзначэння гэтага міжнароднага дня ў 2005 годзе, — звярнула увагу намеснік старшыні Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа Алеся Касцюк. — Мы гаворым словы падзякі валанцёрам, якія на рэгулярнай аснове з’яўляюцца донарамі, і звяртаемся да ўсіх людзей, каб яны не заставаліся абыякавымі. 

Як адзначыла Алеся Касцюк, сёння на Гомельшчыне ў акцыі прымаюць удзел не толькі валанцёры руху Чырвонага Крыжа, але і супрацоўнікі арганізацыі. Толькі ў Гомелі на працягу дня донарамі стануць каля 40 чалавек. 

Многія з тых, хто прыйшоў здаваць кроў у арганізаваным пункце ў Гомелі, сталі донарамі ўпершыню. Адна з валанцёраў — Святлана. Кажа, што з радасцю адгукнулася на запрашэнне далучыцца да акцыі.

— Ведаю, што пры родах, кесаравым сячэнні жанчынам бывае патрэбна пераліванне крыві. Для мяне гэта важны фактар, каб бязвыплатна дапамагчы і здаць кроў, — тлумачыць валанцёр.

Да размовы далучаецца і гамяльчанка Ірына, якая здае кроў таксама ўпершыню:

— На працы ўсім распавяла, наколькі важна паўдзельнічаць. Думаю, многія захочуць узяць з мяне прыклад.

Валанцёры адзначаюць добрую арганізацыю самога працэсу здачы крыві. Яе, дарэчы, забяспечваюць супрацоўнікі Гомельскага абласнога цэнтра трансфузіялогіі. 

Пасля працэдуры донару выдаецца сухі паёк для папаўнення сіл альбо кампенсацыя на падсілкаванне.

Традыцыйна, як адзначаюць арганізатары акцыі, бяруць удзел у дабрачынным мерапрыемстве супрацоўнікі прадпрыемстваў і арганізацый абласнога цэнтра. Адны з актыўных донараў працуюць на прадпрыемстве «Мілкавіта». Ганаровымі донарамі называюць і супрацоўнікаў Беларускага Чырвонага Крыжа — многія з іх гадамі бязвыплатна здаюць кроў.

З памяшкання, дзе арганізаваны забор крыві, якраз выходзіць галоўная медыцынская сястра Гомельскай абласной арганізацыі БЧК Марына Кундас. Медык сёння сама ў якасці донара.

— Здаю кроў у сёмы раз. У мяне адна з самых распаўсюджаных груп крыві — другая станоўчая. Упершыню стала донарам, калі яшчэ вучылася ў медыцынскім каледжы, — падзялілася Марына Сяргееўна. — Сярод маіх блізкіх, сяброў, знаёмых многія таксама выступаюць бязвыплатнымі донарамі.

Галоўная рэкамендацыя ад медыка пасля працэдуры — больш піць вады. 

Усім валанцёрам, дарэчы, пасля здачы крыві абавязкова выдаюць пітную ваду, просяць заставацца пад наглядам медыкаў нейкі час, каб упэўніцца, што ўсё ў парадку.

— У донараў, якія робяць гэта ўпершыню, вызначаем групу крыві і рэзус-фактар. Усе, хто ўжо выступаў у якасці донараў, зафіксаваны ў базе даных. У тых, хто здае кроў паўторна, вызначаем узровень гемаглабіну. Увогуле на падставе гэтага паказчыка ўрач дапушчае чалавека да працэдуры ці адмаўляе, — патлумачыла ўрач-тэрапеўт Гомельскага абласнога цэнтра трансфузіялогіі Марына Маляўка. 

Па словах медыка, перад працэдурай яны настройваюць донараў псіхалагічна. 

— Галоўнае — зразумець, што фізіялагічная страта крыві выклікае мінімальны стрэс, яна даволі лёгка і хутка кампенсуецца прыёмам вадкасці, абмежаваннем фізічнай нагрузкі. Мы даём ўсе рэкамендацыі як перад данацыяй, так і пасля, — распавяла ўрач-тэрапеўт.

Спецыялісты нагадалі: донарам у нашай краіне можа стаць любы дзеяздольны здаровы чалавек ад 18 да 65 гадоў. Пры гэтым трэба прытрымлівацца пэўных правілаў донарства. Сярод іх — не ўступаць у выпадковыя палавыя сувязі, не рабіць на працягу шасці месяцаў татуіроўкі і пірсінгі, ін’екцыі ботакса, павелічэнне вуснаў і шэраг іншых аперацый па амаладжэнні.

А таксама за два дні перад здачай не ўжываць алкаголь, мінімум за гадзіну да працэдуры не курыць, за тры дні спыніць прыём пэўных лекаў (па ўзгадненні з урачом). 

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.