Вы тут

Сонечны зайчык стаў прычынай пажару. Судовыя эксперты-пажаратэхнікі патлумачылі, як такое магчыма


Не так даўно ў Лідзе ў службу МНС паступілі звесткі, што адзін з пакояў на адзінаццатым паверсе інтэрната загарэўся. Пах гары адчуў сусед, які і выклікаў выратавальнікаў. Сам гаспадар у гэты час быў на працы. Супрацоўнікам МНС, якія прыбылі на месца здарэння, ліквідавалі пажар, выбіўшы дзверы. Агонь сапсаваў драўляны падваконнік і стол. Абышлося без пацярпелых. Паводле папярэдняй версіі, прычынай узгарання сталі сонечныя прамяні, якія сфакусаваліся на паверхні драўлянага стала праз шкляны слоік, напоўнены вадой. Слоік стаяў на падваконніку ў пакоі, на вуліцы ў той дзень было сонечнае надвор’е.


Каб ўстанавіць тэхнічную прычыну пажару, прызначалася судовая пажарна-тэхнічная экспертыза ва ўпраўленні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Гродзенскай вобласці.

Намеснік начальніка ўпраўлення спецыяльных экспертыз УГКСЭ па Гродзенскай вобласці падпалкоўнік юстыцыі Дзяніс КРАПІЎНІЦКІ распавёў аб выніках праведзенай экспертызы:

— Устаноўлена, што ў дадзеным выпадку адбылося спалучэнне шэрагу ўмоў, якія і прывялі да пажару. Гэта — наяўнасць сонечных прамянёў, прадмета, здольнага факусаваць сонечныя прамяні, а менавіта шклянога слоіка з вадой, і гаручага матэрыялу (у дадзеным выпадку гаворка ідзе аб паверхні драўлянага стала). У кропцы факусіроўкі сонечных прамянёў тэмпература паступова павялічвалася і дасягнула тэмпературы самазагарання (тлення) адпаведнага матэрыялу. У экспертнай практыцы такія здарэнні сустракаюцца рэдка, але, як бачым, выключаць іх не варта.

Падобны выпадак адбыўся ў мінулым годзе ў Юрацішках Іўеўскага раёна. Жанчына пакінула трохлітровы слоік з вадой на прыступках веранды свайго дома і сышла. Праз некаторы час грамадзянін заўважыў, што ад дома ідзе дым і выклікаў МНС. Як і ў папярэдняй сітуацыі, прычынай пажару сталі сонечныя прамяні, якія сфакусаваліся на паверхні драўлянай ашалёўкі веранды дома праз шкляны слоік, напоўненую вадой.

Фокусам аптычнай сістэмы могуць быць розныя шкляныя слоікі і бутэлькі з вадой, акуляры, павелічальнае шкло і іншыя прадметы. У сонечныя дні грамадзянам варта памятаць пра гэта, каб пазбегнуць падобных здарэнняў.

Сёлета судовымі экспертамі ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Гродзенскай вобласці праведзена больш за 90 пажарна-тэхнічных экспертыз. Як паказвае практыка, найбольш частая прычына пажараў — гэта бестурботнасць людзей пры выкарыстанні крыніц адкрытага агню. Таксама не менш распаўсюджанай прычынай ўзнікнення пажараў з’яўляюцца няспраўнасці або невыкананне правілаў эксплуатацыі электратэхнічных прылад у электрычных сетках, што часцяком у канчатковым выніку прыводзіць да стварэння ў іх пажаранебяспечных аварыйных рэжымаў, такіх як перагрузка, фармаванне вялікіх пераходных супраціваў, кароткае замыканне.

Летам пытанне забеспячэння пажарнай бяспекі з’яўляецца асабліва актуальным, заўважаюць у кіраванні ГКСЭ па Гродзенскай вобласці. Справа ў тым, што ў гарачыя і сухія дні вялікая небяспека ўзнікнення пажараў у памяшканнях, на прысядзібных участках, а таксама ў лясных масівах. Банальная неасцярожнасць з агнём можа прывесці да пажару і стаць прычынай сур’ёзных наступстваў.

Аліса СКІБА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.