Вы тут

За першыя восем сутак новага года на пажарах загінулі 34 чалавекі!


Кожны дзень у жыллёвым фондзе фіксуюцца пажары. На жаль, без ахвяр не абыходзіцца. Толькі за адны суткі з 8 на 9 студзеня ў агні загінулі дзевяць чалавек! Прычым у адным выпадку зафіксаваны адразу дзве смерці, у другім — чатыры!


Падвойная гібель адбылася пазаўчора ў сталіцы. За пяць хвілін да апоўначы ратавальнікам паступіла паведамленне аб пажары ў пяціпавярховым жылым доме ў завулку Клумава. Супрацоўнікі МНС знайшлі загінулых гаспадара і грамадзяніна, які знаходзіўся ў яго ў гасцях. Папярэдняя прычына інцыдэнту — неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні. Пажар, які забраў адразу чатыры чалавечыя жыцці, успыхнуў у Слуцку. Трагедыя адбылася ў двухкватэрным жылым доме вечарам 8 студзеня. Да прыбыцця ратавальнікаў сусед выцягнуў мужчыну, які перададзены медыкам. Яшчэ два мужчыны і дзве жанчыны былі знойдзены без прыкмет жыцця. Абставіны і прычыны здарэння высвятляюцца.

Як паведамляе афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Яўген Бараноўскі, за першыя восем сутак новага года ратавальнікі выязджалі на тушэнне 213 пажараў, на якіх загінулі 34 чалавекі. «Гэта вельмі сур’ёзны рост загінулых у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, калі ахвяр агню было 14 чалавек, — адзначае ён. — Акрамя таго, павялічылася колькасць пажараў: за першыя восем сутак мінулага года было зафіксавана 157 узгаранняў. Аналіз усіх выпадкаў паказвае, што большасць пажараў адбылося па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём. Мы гэта звязваем з працяглымі выхаднымі, калі некаторыя людзі злоўжываюць алкагольнымі напоямі, кураць. Плюс назіралася вельмі нізкая тэмпература паветра, якая паўплывала на тое, што людзі канцэнтраваліся ў цёплых памяшканнях».

Пры гэтым, як звяртае ўвагу Яўген Бараноўскі, у цяперашні перыяд узгаранняў, якія адбываюцца з-за няспраўнасці печаў або іх няправільнай эксплуатацыі, у асноўным, не ўзнікае. «Гэта звязана з тым, што большасць людзей падрыхтавалі свае печы да зімы, — тлумачыць ён. — Найчасцей пячныя пажары фіксуюцца ў пачатку ацяпляльнага сезона. Калі печка вытрымала першае прапальванне, то ўсё павінна быць нармальна, і да канца сезона, калі правільна яе эксплуатаваць і ўтрымліваць у парадку, праблем не ўзнікае».

Гібель дзяцей — віна дарослых

Летась звыш 70% пажараў з гібеллю людзей адбылося менавіта па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём. Аднак аб тым, што ведаюць нават дзеці, чамусьці забываюцца дарослыя, якія кураць дома ці напіваюцца да бяспамяцтва, у выніку чаго не здольныя кантраляваць абстаноўку.

Менавіта «адключанасць» дарослых ад рэальнасці прывяла да трагедыі ў Віцебску, якая адбылася акурат на каталіцкія Каляды. На паведамленне аб пажары ратавальнікі выехалі днём. Пры абследаванні кватэры ў адным з пакояў яны знайшлі дзіця 2018 года нараджэння і яго маці 1982 года нараджэння, якія гасцявалі ў дзядулі з бабуляй. У суседнім пакоі знаходзіліся і гаспадары кватэры: мужчына і яго жонка. Усіх знойдзеных супрацоўнікі МНС перадалі медыкам, якія канстатавалі іх смерць. Следча-аператыўнай групай устаноўлена, што ачаг узгарання знаходзіўся ў ванным пакоі, дзе былі складзены газеты. Сваякі загінулых паведамілі, што сям’я злоўжывала алкагольнымі напоямі, а пяцігадовае дзіця любіла гуляць з запалкамі. Па папярэдняй версіі, гэтая недзіцячая забава і прывяла да трагедыі. Дарослыя, у сувязі са сваім станам, проста не змаглі своечасова адрэагаваць на ўзгаранне, а магчыма, увогуле «праспалі» сваю смерць.

У ноч на 25 снежня, літаральна за паўсутак да трагедыі ў Віцебску, агонь забраў дзіцячае жыццё ў Дзяржынскім раёне. Пажар адбыўся ў аграгарадку Негарэлае. Калі на месца выкліку прыехалі падраздзяленні МНС, то дах гарэў адкрытым полымем, хата была моцна задымлена. Ратавальнікі знайшлі ў доме і вынеслі на вуліцу хлопчыка 2016 года нараджэння. У медыцынскай дапамозе ён, на жаль, ужо не меў патрэбы — было вельмі позна. Бацькі пацярпелага, а таксама сястрычка (2018 года нараджэння) пакінулі будынак да прыбыцця супрацоўнікаў МНС. Пяцігадовую дзяўчынку шпіталізавалі — у цяперашні час яе жыццю нічога не пагражае. Як высветлілася, бацькі дзяцей злоўжываюць алкаголем і нідзе не працуюць. У пачатку 2023 года непаўналетніх увогуле забіралі з сям’і. Разглядаецца некалькі версій узнікнення пажару. Асноўная — неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні.

І ў першым, і ў другім выпадку з-за згубных звычак сваіх бацькоў пацярпелі дзеці. Падобныя няшчасныя выпадкі фіксуюцца кожны год, аднак ці многія дарослыя, якія вядуць нездаровы лад жыцця, вучацца на чужых памылках? На жаль, нават гібель уласнага дзіцяці, якая адбылася па віне дарослага, не заўсёды прымушае стаць на шлях выпраўлення.

Думайце пра тых, хто побач

Ратавальнікі не перастаюць паўтараць: калі вы не можаце адмовіцца ад гэтай згубнай звычкі, то хаця б выконвайце элементарныя правілы бяспекі пры курэнні. «Не курыце ў кватэры, а тым больш у ложку, крэсле або на канапе, асабліва ў стане алкагольнага ап’янення, — рэкамендуе афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Анастасія Швайбовіч. — Не выкарыстоўвайце ў якасці попельніцы папяровыя скруткі, скрынкі ад запалак ці цыгарэт — яны могуць загарэцца. Не кідайце непатушаныя цыгарэты на падлогу, а складайце іх у незгаральную ёмістасць, лепш за ўсё, напоўненую вадой. Каб засцерагчы тых, хто жыве побач, не кідайце нават патушаныя цыгарэты з балконаў і лоджый».

Аднак ці многія прыслухоўваюцца да парад людзей, якія на свае вочы бачаць, да чаго можа прывесці бяскрыўдная, на першы погляд, цыгарэта? Не падумаў пра сваю пажылую маці і яе 45-гадовы сын, які любіў пакурыць дома. Аб тым, што ў адной з вёсак Хойніцкага раёна здарыўся пажар, ратавальнікі даведаліся вечарам 2 студзеня. Прыбыўшы на месца здарэння, супрацоўнікі МНС у задымленай кухні, на падлозе, знайшлі і вынеслі на чыстае паветра 85-гадовую гаспадыню дома. Жанчыну агледзелі медработнікі: яна не пацярпела. А вось яе сын стаў ахвярай сваёй пагубнай звычкі: без прыкмет жыцця яго знайшлі ва ўласным ложку.

Прычынай пажару нават не аднаго будынка магла стаць непатушаная цыгарэта на Гродзеншчыне. Каля апоўначы 1 студзеня ратавальнікам паступіла паведамленне аб тым, што ў вёсцы Рыбніца Гродзенскага раёна гарыць гаспадарчая пабудова. Пажарныя разлікі неадкладна накіраваліся па ўказаным адрасе. Па прыбыцці супрацоўнікаў МНС да месца здарэння, унутры драўлянай пабудовы было заўважана шчыльнае задымленне. Людзей у памяшканні, на шчасце, не было. А ўсё дзякуючы неабыякаваму мясцоваму жыхару, які ўбачыў, што на суседскім падворку гарыць гаспадарчая пабудова, і кінуўся на дапамогу пагарэльцу. Адчыніўшы дзверы, на падлозе мужчына знайшоў 46-гадовага гаспадара, вынес яго на чыстае паветра, а затым патушыў падпаленыя пасцельныя прыналежнасці. У стане сярэдняй ступені цяжкасці выратаваны быў шпіталізаваны ў гарадскую клінічную бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі.

Пра тых, хто побач, не задумваўся, калі курыў, і адзін з жыхароў шматпавярховіка ў Слоніме. Аб тым, што ў яго кватэры — пажар, ратавальнікам паведаміў гараджанін, які праходзіў міма. Супрацоўнікі МНС, якія прыбылі па ўказаным адрасе, выявілі, што ачаг узгарання знаходзіцца ў адной з кватэр на чацвёртым паверсе: з акна выбіваўся дым. Ратавальнікі арганізавалі эвакуацыю жыхароў з вышэй размешчаных кватэр і пачалі тушыць пажар.

Было ўстаноўлена, што жыллё належыць мясцоваму 30-гадоваму жыхару. Як распавёў сам гаспадар, у момант здарэння ён спаў. Пачуўшы жаласлівае мяўканне хатняга ката, мужчына прачнуўся і ўбачыў, што гарыць кухня. Пагарэлец паспрабаваў самастойна ліквідаваць узгаранне. Аднак, убачыўшы, што спробы не прыносяць поспеху, ён выйшаў на балкон і чакаў прыбыцця МНС. У выніку са шматпавярховіка былі эвакуяваны сем чалавек, у тым ліку двое дзяцей. Медыцынская дапамога жыхарам не спатрэбілася, пасля праветрывання яны вярнуліся ў свае кватэры. Віноўнік узгарання быў шпіталізаваны ў раённую бальніцу. Пры спробе самастойнага тушэння пажару ён атрымаў тэрмічныя апёкі. Пасля таго, як ён паправіцца, яму давядзецца наводзіць парадак у кватэры: агнём пашкоджаны мэбля, маёмасць у кухні, закураны сцены, столь. Аднак галоўнае, што застаўся жывы — усё дзякуючы кату, які своечасова разбудзіў гаспадара.

Пажарны апавяшчальнік — надзейны сябар

Марозы мацнеюць, а таму даводзіцца часцей паліць у печы. Пры гэтым не заўсёды выконваюцца правілы бяспечнай яе эксплуатацыі. У выніку ў зімовы перыяд павялічваецца колькасць пажараў, якія ўзнікаюць з-за парушэння правілаў пажарнай бяспекі. І віной гэтаму — чалавечая бесклапотнасць. Нехта спадзяецца, што гэтую зіму печ вытрымае без рамонту, іншыя ж грэбуюць правіламі карыстання электрапрыборамі. У ацяпляльны перыяд важна пераканаецца, што печы і электраправодка спраўныя.

Заўчаснае закрыццё коміна ацяпляльнай печы магло прывесці да трагедыі ў Барысаве. На шчасце, абышлося шпіталізацыяй пяцігадовага дзіцяці. Напярэдадні сям’я распаліла ў печы. Праз некаторы час бацькі пасля закрыцця коміна заўважылі, што дзяўчынцы стала кепска, і выклікалі хуткую медыцынскую дапамогу. Ратавальнікі нагадалі дарослым, што заканчваць топку печы неабходна пасля поўнага прагарання вуглёў (не менш як за дзве гадзіны да адыходу да сну). А з-за няспраўнасці электраабсталявання днямі пажар успыхнуў у Мінскім раёне. Агнём быў пашкоджаны дах, сцены, маёмасць. На шчасце, абышлося без ахвяр.

Дарэчы, не варта недаацэньваць магчымасці аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. Як паказала жыццё, там, дзе ўстаноўлены гэтыя невялікія прыстасаванні, удалося пазбегнуць самых сумных наступстваў пажару. За прыкладамі далёка хадзіць не трэба. Светлае свята Раства Хрыстовага для адной сям’і з Верхнядзвінскага раёна магло быць апошнім, калі б не аўтаномны пажарны апавяшчальнік, які своечасова паведаміў жыхарам кватэры аб узгаранні. Пры гэтым, як высветлілася, пажар адбыўся не ў іх, а суседзяў. Гаспадыня кватэры, яе брат, інвалід па апорна-рухальным апараце, і муж выйшлі з дому. Пасля чаго муж жанчыны пайшоў да суседа, аднак у ягонай кватэры было ўсё ўжо ў дыме. На крыкі іншых жыхароў дома ён не рэагаваў. Ратавальнікі, якія прыбылі на месца здарэння, знайшлі моцна абгарэлага мужчыну. Прычына трагедыі пакуль высвятляецца. Асноўная версія — неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні.

«Што датычыцца рэкамендацый, як пазбегнуць падобных наступстваў, то ў першую чаргу гэта асабістая адказнасць людзей, — падкрэслівае Яўген Бараноўскі. — Практыка паказвае, што і ў святы, і ў паўсядзённай жыццядзейнасці грамадзяне забываюцца аб элементарных правілах бяспекі, уласнай бяспекі. Свае паводзіны варта карэкціраваць. Вядома, інфармацыйны складнік вельмі важны для таго, каб скараціць колькасць пажараў. Акрамя таго, узмацняецца прафілактычная работа на месцах, асабліва ў сельскай мясцовасці: большасць пажараў фіксуецца ў прыватных дамах».

У бліжэйшыя выхадныя па ўсёй краіне пройдуць вялікія маніторынгавыя мерапрыемствы, дзе ратавальнікі будуць гутарыць з людзьмі, правяраць печкі, домаўладанні — на прадмет пажарнай небяспекі. У мерапрыемствах задзейнічаюць назіральныя камісіі, зацікаўленыя суб’екты прафілактыкі. У групе асаблівай увагі — пажылыя грамадзяне, інваліды і шматдзетныя сем’і.

Вераніка КАНЮТА

Фота з сайта МНС

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.