Вы тут

Як пазбегнуць пажараў па прычыне няправільнай эксплуатацыі пячнога ацяплення і электраабсталявання


Пажары ў жылым фондзе працягваюць успыхваць то ў адным, то ў другім рэгіёне краіны. Ратавальнікі прафесійна спраўляюцца з вогненнай стыхіяй, у прамым сэнсе выцягваюць людзей з таго свету. Аднак не заўсёды ў надзвычайнай сітуацыі ёсць каму выклікаць супрацоўнікаў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, а чалавеку, каб атруціцца чадным газам, як вядома, дастаткова ўсяго некалькіх хвілін...


Прычына большасці пажараў, якія фіксуюцца апошнім часам, — неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні. З-за гэтага — і найбольшая колькасць лятальных выпадкаў. Аднак не толькі непатушаная цыгарэта становіцца прычынай узгаранняў. Да трагічных наступстваў прыводзяць няспраўныя электрасеткі, электраабсталяванне, іх няправільная эксплуатацыя. Нярэдка ў самы разгар халадоў падводзіць гаспадароў і ўласная печ: як правіла, надзвычайныя сітуацыі адбываюцца з-за няспраўнасці або парушэння правілаў мантажу печаў, цеплагенерацыйных агрэгатаў.

Перапальванне печы, расколіна коміна і няспраўная электраправодка

Менавіта безуважлівасць да ўласнай печы, якую неабходна было падрыхтаваць да пачатку халадоў, прывяла да пажару ў Капыльскім раёне. Трагедыі ў ноч на панядзелак не дапусцілі неабыякавыя людзі, якія выратавалі гаспадара хаты. Заўважыў узгаранне аднавясковец, які вяртаўся дадому з фермерскай гаспадаркі. Падышоўшы да дома з яшчэ адным відавочцам, праз акно яны заўважылі ў жылым пакоі чалавека, які ляжаў на ложку. Разбіўшы акно, адзін з мужчын залез у дом, разбудзіў яго гаспадара, пасля чаго абодва тым жа шляхам пакінулі хату, ахопленую полымем. На шчасце, ніхто не пацярпеў. Падраздзяленні МНС ліквідавалі ўзгаранне. У выніку пажару знішчаны дах, пашкоджаны сцены і маёмасць па ўсёй плошчы жылога дома. Папярэдняя прычына здарэння — парушэнне правілаў эксплуатацыі печаў, цеплагенерацыйных агрэгатаў і прылад (расколіна коміна).

З-за парушэння правілаў эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання (калі больш канкрэтна — з-за кароткага замыкання праводкі цеплавога абагравальніка) у Слаўгарадзе пасля ночы маглі не прачнуцца маці і яе трое дзяцей. Узгаранне адбылося ў інтэрнаце, дзе сям’я жыве. Як распавяла 23-гадовая жанчына, вечарам яна пакінула ўключаны абагравальнік у адным з пакояў і разам з дзецьмі пайшла спаць. Бліжэй да апоўначы гаспадыня прачнулася ад гуку аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, размешчаных у блоку, затым зайшла ў суседні пакой, дзе спала яе дзіця, і ўбачыла, што гарыць абагравальнік. Жанчына адключыла прыбор ад электрасеткі і заліла ўзгаранне вадой. Затым разбудзіла дзяцей і вывела іх у калідор інтэрната. Супрацоўнікі хуткай дапамогі, якія прыбылі на месца здарэння, агледзелі маці і дзяцей: яны не пацярпелі.

Пажар пашкодзіў маёмасць у блоку, былі закураны сцены і столь у пакоі. Эвакуацыя жыхароў інтэрната не праводзілася. Справа ў тым, што адначасова спрацавалі пажарныя апавяшчальнікі ў калідоры інтэрната, сістэма абвесткі аб пажары, а таксама сістэма перадачы паведамлення аб надзвычайнай сітуацыі «Маланка». Гэта дазволіла жыхарам і супрацоўнікам інтэрната своечасова адрэагаваць на здарэнне.

Дзякуючы аўтаномнаму пажарнаму апавяшчальніку заўчасна не пайшла з жыцця і жыхарка вёскі Думічы Капыльскага раёна. Гаспадыня знаходзілася на кухні, як раптам пачула характэрны гук. У адным з пакояў яна ўбачыла агонь. Пенсіянерка выйшла на вуліцу і выклікала ратавальнікаў. Пажарныя аператыўна прыбылі на выклік і патушылі агонь, які паспеў поўнасцю знішчыць дах і пашкодзіць сцены. Прычына, якая прывяла да пажару, — парушэнне правіл эксплуатацыі печаў, цеплагенерацыйных агрэгатаў і прылад (расколіна коміна).

Адсутнасць нармаванай адступкі, якая была дапушчана пры мантажы печы, прывяла да пажару ў Любанскім раёне. Паведамленне аб узгаранні ў вёсцы Калінаўка паступіла ратавальнікам вечарам 9 студзеня. Падраздзяленні МНС, якія аператыўна выехалі на месца здарэння, выявілі задымленне ўнутры хаты. Пры правядзенні разведкі на ложку ў жылым пакоі выявілі гаспадара дома. Мужчыну вынеслі на вуліцу і перадалі медыкам. Пацярпелы быў дастаўлены ў раённую бальніцу.

Да ўзгарання прывяло і перапальванне печы ў жылым доме ў вёсцы Крупейкі Лоеўскага раёна. Парушэнне правілаў эксплуатацыі печы дапусціла гаспадыня. У момант узнікнення пажару 84-гадовая жанчына спала. Прачнулася ад гуку аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка і самастойна выйшла на вуліцу. Суседзі выклікалі ратавальнікаў, пажар быў ліквідаваны. Агонь знішчыў дах, пашкодзіў сцены і маёмасць. На шчасце, абышлося без пацярпелых.

— Аўтаномны пажарны апавяшчальнік адчувальны нават да нязначнага задымлення ў памяшканні, што спрыяе хуткаму выяўленню ўзгарання на ранняй стадыі, — заўважае афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Анастасія Швайбовіч. — Пры з’яўленні дыму ён падае моцны гукавы сігнал, які здольны апавясціць і пабудзіць чалавека, калі той спіць. Аўтаномны пажарны апавяшчальнік рэкамендуецца ўсталёўваць у кожным жылым пакоі, у цэнтральнай частцы столі з невялікім зрушэннем у бок акна або дзвярэй — там, дзе забяспечаны пастаянны паветраабмен.

Падрыхтуйце печ і эксплуатуйце электрапрыборы правільна

Супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях чарговы раз звяртаюць увагу на патрабаванні да эксплуатацыі пячнога ацяплення.

Наступствы пажараў, якія адбыліся з-за няправільнай эксплуатацыі печы  або электраабсталявання

Па-першае, участак падлогі з гаручых матэрыялаў перад паліўнай адтулінай павінен быць абаронены негаручым матэрыялам шырынёй не меней чым 0,5 метра і даўжынёй не меней чым 0,7 метра. Размяшчэнне гаручых рэчываў і матэрыялаў на ім не дапускаецца (напрыклад, складванне дроў).

Па-другое, мінімальныя адлегласці ад паверхняў цеплагенерацыйных апаратаў да гаручых рэчываў і матэрыялаў павінны выключаць загаранне гаручых рэчываў і матэрыялаў.

Па-трэцяе, дымавыя трубы, зыходзячы з умоў эксплуатацыі, трэба перыядычна чысціць ад сажы (не радзей чым адзін раз на год!).

Па-чацвёртае, печы, паверхні труб і сцен, у якіх праходзяць дымавыя каналы, павінны быць спраўнымі, без скразных расколін. Для вызначэння расколін на ранняй стадыі комін неабходна абтынкаваць і пабяліць.

Па-пятае, штогод перад ацяпляльным сезонам неабходна праводзіць праверку спраўнасці печы, дымавых труб (каналаў).

Па-шостае, попел, вуглі і шлак, выдаленыя з цеплагенерацыйных апаратаў, печаў, павінны быць пралітыя вадой да іх поўнага згасання.

Па-сёмае, пры распальванні печы ні ў якім разе нельга выкарыстоўваць гаручыя і лёгкія на ўзгаранне вадкасці.

Не перагравайце печ, не паліце яе з адчыненымі дзверцамі, за выключэннем выпадкаў, калі канструкцыя печы прадугледжвае яе паленне з адчыненай камерай. І самае галоўнае — не пакідайце печ, якая паліцца, без нагляду. Выкананне правілаў пажарнай бяспекі зберажэ ваша жыццё і жыццё вашых блізкіх у перыяд ацяпляльнага сезона.

Каб пазбегнуць пажараў па прычыне няправільнай эксплуатацыі электраабсталявання, не выкарыстоўвайце няспраўныя выключальнікі, разеткі, аголеныя правады, а таксама самаробныя прыборы. З мэтай недапушчэння перагрузкі электрасеткі забараняецца адначасова ўключаць некалькі магутных спажыўцоў электраэнергіі. Сачыце за спраўнасцю электраправодкі і давярайце яе мантаж толькі прафесіяналам.

— Абавязкова адключайце электрапрыборы, сыходзячы з дому, — рэкамендуе Анастасія Швайбовіч. — Будзьце ўважлівыя пры эксплуатацыі электраабсталявання і своечасова арганізоўвайце яго рамонт. Звярніце ўвагу на зарадныя прылады планшэтаў, тэлефонаў і іншых гаджэтаў — ні ў якім разе не пакідайце іх у электрасетцы на ноч ці сыходзячы з дому: яны таксама нярэдка становяцца прычынай пажараў.

Вераніка КАНЮТА

Фота прэс-службы МНС

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.