Вы тут

Жыхары аграгарадка Лясны расказалі пра свае праблемы на прыёме ў Наталлі Качанавай


Члены Прэзідыума Савета Рэспублікі правялі ўчора адзіны дзень прыёму грамадзян у Мінскім раёне: аг. Лясны, Сеніца, Заслаўе, г. п. Мачулішчы. Такую форму работы са зваротамі людзей прымянілі ўпершыню, каб паглядзець на праблемы па-іншаму, атрымаць аператыўную і актуальную інфармацыю. Карэспандэнт «Звязды» пабывала на прыёме старшыні Савета Рэспублікі Наталлі КАЧАНАВАЙ у Бараўлянскім сельвыканкаме (аг. Лясны).


Чыя вежа ў Валяр'янаве?

Мінскі раён — гэта прысталічча з вялікай шчыльнасцю пражывання, мноствам людзей і сваімі асаблівымі праблемамі. Падчас прыёму, на які запісалася каля 30 чалавек, высветлілася, што найбольш вострыя пытанні датычацца праблем з водазабеспячэннем, добраўпарадкаваннем і абслугоўваннем жылля.

Перадаць на баланс водаканала Мінскага раёна воданапорную вежу, водаправодныя сеткі і свідравіну ўжо больш за год хочуць жыхары 170 домаўладанняў вёскі Валяр'янава. Яны сцвярджаюць, што цяпер камунікацыі знаходзяцца ў руках камерсантаў, і адмаўляюцца плаціць грошы за ваду, бо не ведаюць, у чыю кішэню яны «пацякуць». Праблему высвятляюць у тым ліку праз суд і АБЭЗ (аддзел па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі), аднак усе скаргі «блакіруюцца на ўзроўні раённага выканкама», упэўнена Кацярына Іванаўна, якая прыйшла на прыём:

— Фактычна цяпер сеткі безгаспадарчыя, хоць на паперы належаць кааператыву індывідуальных забудоўшчыкаў (КІЗ) «Лугавы», у якога няма старшыні. На вежу няма праваўстаноўных дакументаў. Мы хочам перайсці на баланс дзяржавы, каб мець дакладныя тарыфы, абслугоўванне і санітарны кантроль вады.

Уладзімір ЮРГЕВІЧ, старшыня Мінскага райвыканкама, у адказ заўважыў, што сеткі належаць КІЗ «Лугавы»:

— У нас ёсць рашэнне 2019 года аб водавыкарыстанні свідравіны, якая ўваходзіць у склад інжынерных камунікацый, так што сеткі небезгаспадарчыя... Няхай збіраецца сход, які і вырашыць, ці перадаваць камунікацыі водаканалу.

— Водныя камунікацыі, якія маюць такі ўплыў на жыццё людзей, не павінны знаходзіцца невядома ў чыіх руках, — пагадзілася з заяўніцай Наталля Качанава і запэўніла, што вырашаць гэтае пытанне будуць на ўзроўні краіны з удзелам ЖКГ і МУС.

Нітратная вада і затапленні ў Каралёвым Стане

Праблема з чыстай пітной вадой з лютага пануе ў дамах жыхароў вуліц Школьная, Зарэчная, Магістральная, Маскоўская ў вёсцы Каралёў Стан, расказала заяўніца Ірына
Георгіеўна:

— У вадзе павышаны ўзровень нітратаў, ужываць яе нельга. Дагэтуль жыхарам і ў школы, і ў дзіцячыя сады прывозяць цыстэрны з вадой. Спачатку раённы водаканал уласнымі сіламі спрабаваў чысціць сеткі. Пасля высветлілася, што трэба набываць абсталяванне для фільтрацыі вады. А нядаўна сказалі, што пастаўшчыкі не могуць прывезці патрэбныя рэагенты.

Кіраўнік сталічнага райвыканкама патлумачыў, што комплекс па водаачыстцы вады ад нітратаў ужо збіраецца, неабходныя рэагенты будуць, і да 15 ліпеня пітная вада ізноў з'явіцца ў жыхароў. Наталля Качанава скараціла тэрмін гатоўнасці работ па комплексе да 1 ліпеня.

Адсутнасць асфальту на вуліцы Школьная ў пэўных месцах — яшчэ адна праблема, якую ўзняла Ірына Георгіеўна.

— Мы дадзім даручэнне даследаваць, наколькі сітуацыя праблематычная, магчыма, на 2022 год гэту вуліцу трэба будзе ўключыць у план работ, — паабяцала старшыня Савета Рэспублікі.

Жыхарка Мінскага раёна Тамара Уладзіміраўна папрасіла адрамантаваць страху на доме, бо вада залівае шчыток на лесвічнай пляцоўцы, і жыхары перыядычна застаюцца без святла. Два-тры разы на год выклікаюць аварыйную службу.

— У 2018-м у вашым доме рабілі бягучы рамонт страхі. У найбліжэйшы час вырашым пытанне з ліўневай каналізацыяй, якая праходзіць праз дом. Стыкі сцен, страху і трэшчыны па фасадзе адрамантуем да 1 верасня, — паабяцаў старшыня райвыканкама.

— У людзей павінна быць суха, а ад дажджу ці ад каналізацыі іх залівае — няважна, — выказалася Наталля Качанава. — Найперш трэба зрабіць страху, каб не траціць лішнія сродкі на метад спроб і памылак. Бяда ў тым, што часта бягучыя рамонты робяцца для «адчапнога». Гэта часовыя работы, а трэба выявіць прычыну заліцця страхі, каб пасля ўстараняць гэта.

Якасць вады, паветра, харчавання — першасныя задачы і жыццёва важныя пытанні, якія мясцовым уладам трэба аператыўна вырашаць, бо ад гэтага залежыць здароўе нашых грамадзян. Многія пытанні, з якімі звярнуліся людзі, ужо вырашаюцца, рэзюмавала старшыня Савета Рэспублікі і паабяцала, што такія формы работы са зваротамі грамадзян будуць практыкаваць і ў іншых рэгіёнах краіны.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Вада, рамонт, дарогі

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.