Вы тут

Адбылася канферэнцыя «Супрацьдзеянне знешнім выклікам і пагрозам: парламенцкае вымярэнне Саюзнай дзяржавы»


Міжнародная канферэнцыя «Супрацьдзеянне знешнім выклікам і пагрозам: парламенцкае вымярэнне Саюзнай дзяржавы» адначасова, дзякуючы інфармацыйным тэхналогіям, адбылася на дзвюх пляцоўках — у Нацыянальным прэс-цэнтры Беларусі і МІА «Расія сёння». У мінскай і маскоўскай студыях у дыскусіі прынялі ўдзел дэпутаты Парламенцкага Сходу, парламентарыі, прадстаўнікі міжнародных арганізацый, міністэрстваў і ведамстваў Беларусі і Расіі, а таксама вядучыя эксперты ў галіне права і паліталогіі, навукоўцы і выкладчыкі ВНУ дзвюх краін.


Экспертная супольнасць абмеркавала спосабы процідзеяння знешнім выклікам і пагрозам, выбарчае заканадаўства, а таксама практыку яго прымянення суседнімі краінамі. Асаблівую ўвагу выступоўцы ўдзялілі пытанням захавання гістарычнай памяці, супрацьдзеяння спробам гераізацыі нацызму і перагляду вынікаў Вялікай Айчыннай вайны.

Як адзначыў старшыня камісіі Парламенцкага сходу па пытаннях знешняй палітыкі, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей РАЧКОЎ, Рэспубліка Беларусь і Расійская Федэрацыя адчуваюць беспрэцэдэнтны знешні ціск, які праяўляецца як у прымяненні традыцыйных палітычных, эканамічных, прававых механізмаў, так і ў абсалютна новых — часта неахайных, якія знаходзяцца за межамі канструктыву. «Такія дзеянні накіраваны на пазбаўленне палітычнай, эканамічнай самастойнасці нашых краін, страту суверэнітэту, а ў выніку знішчэнне суверэнных незалежных дзяржаў, — перакананы парламентарый. — З гэтага пункту гледжання для Беларусі і Расіі процідзеянне знешняй пагрозе з'яўляецца адной з асноўных задач у межах забеспячэння бяспекі нашых краін. І мы не можам не рэагаваць на спробы абмежавання правоў нашых грамадзян, умяшальніцтва ва ўнутраныя справы нашых краін».

— Мы бачым, наколькі сучасныя выклікі і пагрозы змянілі палітру ў тым ліку міжнародных адносін, — лічыць старшыня камісіі Парламенцкага сходу па заканадаўстве і рэгламенце, член камітэта Дзяржаўнай думы па справах Садружнасці Незалежных Дзяржаў, еўразійскай інтэграцыі і сувязях з суайчыннікамі Арцём ТУРАЎ. — Сістэма, выбудаваная пасля Вялікай Айчыннай вайны, сёння дастаткова разбалансаваная. Краіны аб'яднанага Захаду прысвоілі сабе права вызначаць, хто з'яўляецца дэмакратычным рэжымам, і без усялякага сораму, без якіх-небудзь санкцый, без нейкіх дакументаў, міжнародных рашэнняў могуць умешвацца ва ўнутраныя справы суверэнных дзяржаў. Мы павінны быць гатовыя адказваць на сучасным узроўні на тыя ці іншыя выклікі.

Намеснік старшыні Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, першы намеснік старшыні Дзяржаўнай думы Іван МЕЛЬНІКАЎ акцэнтаваў увагу на захаванні гістарычнай памяці. «Калі гаворка заходзіць пра захаванне гістарычнай памяці, у большасці выпадкаў у якасці прыкладаў прыводзяцца факты скажэння падзей Вялікай Айчыннай вайны, у цэлым Другой сусветнай, перагляду яе вынікаў, а таксама спробы гераізацыі нацызму, — падкрэсліў парламентарый. — Спробы гэтыя прадуманыя і наўмысныя. Вынікі Другой сусветнай вайны, вынікі Вялікай Перамогі савецкага народа ляжаць у аснове практычна ўсіх геапалітычных рэалій нашага часу. Так ці інакш гэта ўплывае на адносіны большасці краін і народаў. Сёння любыя адхіленні ад агульнапрызнаных рашэнняў Нюрнбергскага трыбунала — не проста правакацыя, а імкненне змяняць цяперашняе, мяняючы мінулае. Чым шырэйшае поле гістарычнай неадукаванасці, тым большы плён фальсіфікатара.

Абмяркоўваючы пытанні захавання гістарычнай памяці, удзельнікі канферэнцыі аднагалосна канстатавалі, што ў апошнія гады ў шэрагу замежных краін сталі больш жорсткімі замахі на вынікі Другой сусветнай вайны, на перамогу савецкага народа над фашызмам.

— Абарона Айчыны — справа не толькі вайскоўцаў, а і палітыкаў, — лічыць намеснік старшыні Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Андрэй САВІНЫХ. — І ў святле падзей, якія адбываюцца сёння вакол Беларусі і Расіі, нам вельмі важна выпрацаваць меры сумеснага і, галоўнае, адэкватнага рэагавання на знешнія выклікі і пагрозы. Ніхто, напэўна, не цешыць сябе ілюзіяй, што нас пакінуць у спакоі. Наадварот, сілы, зацікаўленыя ў аслабленні пазіцый Саюзнай дзяржавы, будуць пастаянна выпрабоўваць нас на трываласць. Салідны ваенна-прамысловы патэнцыял, правядзенне ўзгодненай абароннай палітыкі дазваляюць нам забяспечваць тэрытарыяльную цэласнасць і суверэнітэт нашых краін на належным узроўні. Аднак сучасная барацьба за геапалітычнае панаванне і не прадугледжвае класічнага ваеннага ўварвання. Лінія супрацьстаяння ўсё больш змяшчаецца ў светапоглядную і эканамічную плоскасці. Навязванне нам чужых ідэалаў і каштоўнасцяў — сёння гэта адна з галоўных пагроз. І мы на асабістым вопыце пераканаліся, якой разбуральнай сілай часам валодае гэтая кагнітыўная зброя. Спроба дзяржаўнага перавароту ў Беларусі наглядна сведчыць аб сапраўдных намерах так названых «абаронцаў» свабоды і дэмакратыі. Нашу краіну спрабавалі выкарыстаць у якасці агрэсіі, накіраванай на дэстабілізацыю абстаноўкі і перадзел сфер уплыву ў рэгіёне. Аднак гэты план не спрацаваў.

Па словах старшыні Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзіі ЯРМОШЫНАЙ, з улікам таго, што мяцяжы ўсё часцей сталі адбывацца як вынік галоўных выбарчых кампаній, можна прыйсці да высновы, што выбары перасталі з'яўляцца ўнутранай справай саміх дзяржаў, а, наадварот, сталі нагодай для непрытоенага міжнароднага ўмяшальніцтва ў іх справы. «Зыходзячы з апошніх падзей, акрэсліваецца і іншая тэндэнцыя, якая палохае, — выбары перасталі служыць мэце здабыцця народнай згоды, а ўсё часцей служаць супрацьлеглай мэце, накіраванай на раскол грамадства і дзяржавы», — мяркуе Лідзія Ярмошына.

Вераніка КАНЮТА

Прэв’ю — pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.