Вы тут

Самадзейнасць — гэта дзейнасць


Выйшаў другі том кнігі «Творчыя калектывы беларусаў замежжа». У выданні сабрана шмат цікавай і карыснай інфармацыі пра таленавітых супляменнікаў з розных краін.


Нагадаем, першы том кнігі пабачыў свет напрыканцы 2019 года. І мы пра тое пісалі: «Самадзейныя: родныя, надзейныя». — ГР, 02.10.2019. У ім пададзены матэрыялы пра развіццё, станаўленне творчых суполак беларусаў за мяжой. У Рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культур упэўнены: з выхадам 2‑га тома выдання нацыянальна-культурная прысутнасць беларусаў у свеце, на розных кантынентах стала яшчэ больш відавочнай.

Пра розныя суполкі, творчыя гурты піша наша газета. І ўсё ж — далёка не пра ўсе! Бо ў свеце дзейнічае каля 200 творчых беларускіх калектываў. Звесткі пра іх сабралі супрацоўнікі РЦНК: кіраўнік аддзела народнай творчасці, кандыдат філалагічных навук Алесь Лозка і намесніца дырэктара РЦНК Валянціна Грышкевіч. Па словах аўтараў, найбольш пашыраныя за мяжой ансамблі беларускай песні, асабліва ў Латвіі, Літве, Польшчы, Расіі, Эстоніі. А танцавальных калектываў значна менш. Апошнім часам зменшылася й колькасць калектываў тэатральных. Ёсць хоры, харавыя капэлы, фальклорныя, харэаграфічныя, вакальныя, вакальна-харэаграфічныя, інструментальныя, вакальна-інструментальныя, фолк-рокавыя ансамблі. Ёсць і творчыя аб’яднанні мастакоў, пісьменнікаў, а таксама сямейныя, жаночыя, мужчынскія, дзіцячыя ды іншыя творчыя суполкі.

Узроставы дыяпазон удзельнікаў калектываў — ад дзяцей да пенсіянераў. Прычым у беларускіх творчых гуртах знаходзяць сабе месца для самарэалізацыі не толькі беларусы ды нашчадкі былых перасяленцаў з зямлі нашай Бацькаўшчыны: «літвіны», «літвякі», «палешукі», «палачаны», «палякі з мовай беларускай», «віленцы», «магілёўцы», «самаходы» ды іншыя нашы суродзічы ў расійскай Сібіры, Казахстане. Ёсць выхадцы з беларускіх сем’яў і з паселішчаў Зямлі Беларускай. Нават ёсць такія беларусы ў замежжы, якія нікуды й не перасяляліся — прыкладам, ва усходняй Польшчы. Значная частка калектываў — змешанага тыпу: напрыклад, беларусы, украінцы й рускія. Адпаведна й рэпертуар — змешаны, як, напрыклад, у Сербіі: там ёсць вакальны ансамбль «Раса».

Цікава, што ў некаторых краінах творчыя калектывы паяднаныя, працуюць супольна ў культурных цэнтрах. І наша газета нямала піша, напрыклад, пра справы, праекты Цэнтра беларускай культуры ў латвійскім Даўгаўпілсе, а гэта ж — установа тамтэйшай гарадской думы. Плённа працуе і дзяржаўная бюджэтная ўстанова Новасібірскі цэнтр беларускай культуры — у Сібіры, у Расіі. У розных краінах аматары самадзейнай творчасці збіраюцца на фэсты беларускай песні: як, напрыклад, у Латвіі, Літве, Польшчы, Расіі.

Кожныя тры гады творчыя калектывы спевакоў, музыкаў, танцораў, а таксама й мастакі, пісьменнікі, майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва запрашаюцца ў сталіцу Беларусі на вялікі Фэст мастацтваў беларусаў свету. Мяркуецца, што пройдзе ён і сёлата. Да таго ж кіраўнікі аматарскіх калектываў мастацкай творчасці прыязджаюць штогод у РЦНК на тыднёвую творчую стажыроўку: яна ладзіцца з удзелам прафесійных калектываў мастацкай творчасці Беларусі. Каб быць у курсе спраў — падтрымлівайце кантакты з РЦНК, з беларускімі дыппрадстаўніцтвамі ў замежжы.

Першы і другі тамы кнігі «Творчыя калектывы беларусаў замежжа» былі выдадзены ў межах падпраграмы «Беларусы ў свеце» Дзяржпраграмы «Культура Беларусі» на 2016–2020 гады.

Ганна ЛАГУН

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.