Вы тут

Як прайшло гуканне вясны ў музеі народнай архітэктуры і побыту


Ці заўважылі вы, як раптоўна пацяплела, як лагодна прыгрэла сонейка? Мабыць, надвор’е ўрэшце палепшылася таму, што ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту адбылося гуканне вясны...


Не заўсёды вясна-красна прыходзіць да нас згодна з календаром. Сёлета яна выдалася нейкай нерашучай і раз-пораз адступала перад зімой. Таму ў суботу, 27 сакавіка, супрацоўнікі музея запрасілі ўсіх гасцей да галоўнай сцэны, каб дружна пагукаць яе.

Свята распачаў фальклорны ансамбль «Скарбніца традыцый» сталічнага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Ветразь». Звонка загучалі на прасторы традыцыйныя спевы-вяснянкі:

Аго, вясна, аго, красна,

Што ж ты нам прынясла?

Старым бабкам па кіёчку,

А дзевачкам па вяночку,

Малым дзеткам па яечку…

Песні неўзабаве перайшлі ў танцы. З дапамогай удзельнікаў ансамбля жадаючыя маглі крыху навучыцца танцаваць «Вераб’я», польку-бабачку, «Ойру». А вясёлы карагод увабраў у сябе і закруціў нават самых нерашучых і няўмелых.

На тэрыторыі музея разгарнуўся кірмаш рамеснікаў. Тут можна было набыць ганчарны посуд, вырабы з саломкі і металу, лялькі ды іншыя сувеніры, пачаставацца смачным мядовым квасам і жытнёвым хлебам.

У будынку вясковай школы да свята была прымеркавана міні-выстава гліняных птушачак-свістулек з фондаў музея. Тут жа наведвальнікам прапанавалі ажно два майстар-класы па вырабе веснавых птушак з паперы або тканіны. Іх можна было павесіць на ўпадабанае дрэва ці забраць з сабой.

Важная частка свята — урачысты абыход хат. Гаспадыні выносяць гасцям пачастункі і згаджаюцца пагукаць вясну разам. А з-пад адной страхі — ну хіба гэта не цуд — вылятае першы абуджаны матыль!

На апошнім падворку праводзіцца абрад «Жавароначкі». Ён павінен быў прывабіць птушак, каб яны віліся над вёскай і спявалі, а далёка не адляталі. Дарослыя і дзеці падкідваюць на посцілцы жавароначкаў, вылепленых з цеста.

Нарэшце вялізная працэсія спускаецца да ракі... і трапляе ў снежнае царства Зімы. Дык вось дзе яна, хітрая, хаваецца! Трэба напужаць яе — распаліць вогнішча і завесці вакол яго карагод з песнямі.

Самую прыгожую дзяўчыну абіраюць Вяснянкай і надзяваюць ёй на галаву вянок. (У гэтай адказнай ролі — навуковая супрацоўніца музея Яна Патапенка.) Хлопцы садзяць Вяснянку на барану і цягнуць — выконваюць старадаўні абрад, які мусіць паспрыяць урадлівасці.

Гуканне вясны завяршаецца спальваннем плота, на якім усталявана кола. Ён плыве па рацэ, а ўслед гучаць развітальныя спевы. Сыходзьце, холад і змрок! Забірайце з сабой смутак і нягоды. Бывай, зіма! Вясна адгукнулася: яна прыйшла да нас з натхняльнай усмешкай, з новымі спадзяваннямі.

Святлана ІШЧАНКА

Фота аўтара

Загаловак у газеце: «Вясну заклікаці, зіму замыкаці»....

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.