Вы тут

Можна толькі пачуць, альбо «Як грошай на машыну, дык мамка, дай...»


Недзе чытала, што мыццё — уручную — прыраўноўваецца да работы трактарыста (прасаванне — да работы муляра), што дзень звычайнай хатняй тупаніны забірае ў жанчын, столькі ж энергіі, колькі два футбольныя матчы ў футбаліста, што за год мы перамываем пяць тон посуду і «прабягаем» «ад печы да парога» (а ў гарадах — ад мыйкі да пліты?) больш за тысячу кіламетраў...

Цікавая інфармацыя, хоць, шчыра кажучы, асаблівага даверу яна не выклікала (бо хто ж, здавалася, тое лічыў-вымяраў?)...

Недаацэньваем тэхніку, якая насамрэч можа (і, відаць, даўно?!) не толькі мыць-прыбіраць-прасаваць, але і засведчыць, што той жа абед для невялічкай сям'і і на гэткай жа невялічкай кухні — гэта амаль... тысяча крокаў, якія дай бог прайсці.


Смех смехам

Спадарыня Ала жыве адна. І досыць даўно. Днямі, казала, заўважыла, што пачынае сама з сабой размаўляць: раіцца, нахвальваць, сварыцца, шукаць кампрамісу...

Даслоўна: «Іду вось раніцай на кухню і кажу сабе, што трэба зрабіць сняданак. Потым сама ў сябе пытаюся: «Ты есці хочаш?». Сама ж адказваю: «Не, пакуль не хачу»... Дык нашто тады гатаваць? Глядзіш — была задача, і тут жа яе няма.

Расказала пра гэта сваім — сыну, сястры... Яны пасмяяліся. Мне таксама смешна — пакуль...»

Канец цытаты.

Нелюбоў? Да халадоў

Крамы таварам забітыя: што называецца, носа не ўткнуць,  нешта з адзежы з кранштэйнаў не выцягнуць, не разгледзець як след, хоць...

Спадніца спадабалася — доўгая, чорная, у такой куды хочаш можна пайсці: зранку — на работу, вечарам — у госці...

— Яна з жакетам, гэта касцюм, — абарвала думкі прадавачка. — І, дарэчы, на вас...

Прыйшлося памераць: спадніца — нібыта тут і была, а вось верх...

— Велікаваты як быццам?

— Ну што вы? У самы раз! — пераконвала дзяўчына, ды гэтак настойліва...

Узяла, прынесла дамоў і спадніцу нават насіла. А вось жакет...

Хто яго толькі не мераў! Некаму з сябровак-сваячак-суседак не падыходзіў фасон, некаму колер, памер... У выніку новая добрая рэч з крамнаю біркай у шафе так бы і звіселася, калі б... не маразы, якія прымусілі выцягнуць, надзець і ўбачыць, што жакет зусім не вялікі («мой памерчык», як казаў Папандопала), а ўжо ж цёплы, утульны, мілы...

Яшчэ і тым, дарэчы, што... нікому не падышоў.

...Гэта мы пра што? Пра адзежыну, рэч? Хоць з тым жа поспехам маглі пра... чалавека.

Рэч з гісторыяй

Першая ў пад'ездзе стол-кніга з'явілася ў Львоўны. Суседзі пра гэта ведалі і час ад часу прыходзілі пазычаць, каб дома сабраць гасцей, каб адсвяткаваць — хто вяселле, хто юбілей, хто радзіны...

Потым жыццё змянілася, і стол часцей сталі браць на хаўтуры.

Цяпер (нават на іх!) грамада ўжо не збіраецца — каранцін, і стол стаіць непатрэбны.

Аб што разбіваюцца мары

І шчасціла ў жыцці, і няшчасціла, але каб так...

Мы загадзя, да дробных драбніц спланавалі водпуск, купілі білеты, даляцелі да Барселоны, даехалі да цёплага мора, пасяліліся ў атэлі... Потым з яго па адмысловай лесвіцы (да сёння ў вачах!) спусціліся на пляж і ўбачылі, які ж там цёплы пясочак, якая чыстая ціхая вада!.. Мы нават пакупаліся ў ёй (ура!) і прайшлі па беразе: з асалодай выпілі кавы, з'елі марожанае.

Гэта ўсё днём, а ўвечары мы ўжо мералі тэмпературу (за 39!) і чакалі доктара.

...Чула, што той прыехаў, бачыла, як падышоў да ложка, што здзівіла — працягнуў руку:

— Канстанцін.

Падала сваю. Назвала імя.

Далей — ці не ўсё як звычайна? Доктар пытаў, калі і адкуль прыляцелі, што елі-пілі, чым хварэлі, на што алергія — «агучыў» дыягназ, выпісаў рэцэпт з падрабязным апісаннем, як прымаць і якіх наступстваў чакаць — заўтра, паслязаўтра...

На той выпадак, калі нешта пойдзе не так, пакінуў свой нумар тэлефона і папрасіў званіць яму — нават ноччу (?).

Вось гэта, апошняе, як і першае (поціск рукі) здзівіла, здаецца, найбольш. Мы нават памарылі, што некалі і ў нас, дома, доктар вось гэтак жа будзе прыходзіць — падаваць руку і разам з ёй — цвёрдае адчуванне, што ты ў бядзе не адзін, што цябе выцягнуць... Абавязкова!

Тры гады прайшло — мара пакуль не збылася. І (пандэмія...) ужо, напэўна, не збудзецца.

Як там у Губермана?

Учусь терпеть, учусь терять

и при любой житейской стуже

учусь, присвистнув, повторять:

Плевать, не сделалось бы хуже.

Як ёсць...

Яны абедзве, і котка, і гаспадыня, былі ў гадах — яшчэ мякка кажучы...

І хвароб у абедзвюх таксама хапала. У жанчыны, прынамсі, цукровы дыябет, сэрца, суставы...

Але ж калі захварэла котка і дзеці адмовіліся завезці яе ў клініку, бабуля сама наняла таксі, паехала да доктара — на кансультацыю, потым — на ўколы...

Можа, па дарозе дзе, можа, у той лячэбніцы да жанчыны прычапіўся ковід, і справіцца з ім яна не змагла.

А котка — тая нішто сабе, паправілася і цяпер жыве ў дзяцей.

Аргумент

Дзе адзін Якубавіч, там смех, дзе два — там, здараецца, рогат: гумарныя браты, і абодвух, як выглядае, хлебам не кармі — дай пахваліцца, хоць чым. Старэйшы, напрыклад, не праміне сказаць, што вайну заспеў, хоць нарадзіўся ў лютым 43-га і ўсяго, што помніць, як «на сваіх крывых» (ад рахіту) уцякаў ад роднага бацькі (той з фронту вярнуўся)... А малодшы — народжаны ў лютым праз дзесяць гадоў, што жыў «пры Сталіне».

Дарэчы, калі «бацька народаў» памёр, іх бабуля моцна гаравала, і старэйшы з гэтых унукаў дагэтуль помніць, як яе суцяшаў. Прасіў: «Ну не плач ты... Калі вельмі трэба, у нас яшчэ адзін Сталін народзіцца... У мяне ж во брат нарадзіўся!»

Лавіся, рыбка...

Знаёмец выйшаў на пенсію, не паспеў як след адпачыць — кінуўся шукаць работу ці хоць нейкі занятак.

На блізкай рэчцы мужчын заўважыў, да аднаго падышоў: далікатна пацікавіўся, якая рыба клюе і на што? Выслухаў адказ, абдумаў — папытаў, дзе лепей вуды купіць, і крышку павесялеў, вырашыў, што яно ж на карысць: і тэлевізар глядзець не буду, і нешта злаўлю... Хай не кожны дзень, хай кату...

Вось толькі той...

Да плотак, паршывец, яшчэ падышоў, панюхаў — паглядзеў у вочы гаспадару: «Ты хочаш, — моўчкі спытаў, — каб я гэта з'еў?» — «А што, — здзівіўся кармілец, — не будзеш?» Кот — нават не падумаў: задраўшы хвост, пашыбаваў прэч.

І потым за ўвесь надвячорак ні разу не падышоў! І спаць з ім таксама не лёг... «З тыдзень не размаўляў, — скардзіўся знаёмец. — Мусіць, падумаў, што я атруты прынёс?.. Вось і лаві гарадскую рыбу, вось і еш яе».

Ваенная хітрасць

«...Пайшлі са мной! — ледзь павітаўшыся, загадвае сваячка (ёй пяты гадок). — Я вам цацкі свае пакажу». — «Калі ласка, не ўсе, — просіць дачку матуля, — толькі самыя-самыя... Добра? А то гасцей без вячэры пакінеш».

І сапраўды, бо цацак у малой — проста безліч, як, відаць, у многіх сённяшніх дзяцей: іншае пакаленне, іншае жыццё.

У пасляваенным, як расказваў адзін з дзядоў, яны, малыя, гулялі з кавалачкам аўчыны, да якой мацаваўся грузік, усё гэта нагой падкідвалася ўверх (хто вышэй?!) і потым прыгожым «парашуцікам» апускалася ўніз... Цікава, калі б не чарга: дзяцей тады збіралася шмат, цацка была адна. Ды і кажух «знаёмы» толькі адзін.

З маразамі гаспадар яго выцягнуў з шафы, хацеў апрануць і вачам не паверыў: дзірка — з кулак! — пад правай пахай і амаль такая ж — пад левай! Адкуль?

...Як паказаў «допыт», латкі выразаў яго сынок.

Чаму з-пад пах? Ваенная хітрасць: думаў, што ў гэтым месцы бацька не заўважыць. Ды і мароз туды не залезе.

Яны і мы

Віка не замужам. І не была. Кажа, што сама вінаватая, бо маладая-дурная, закахалася ў жанатага, з перыферыі. Той раз на месяц прыязджаў, кляўся-бажыўся, што развядзецца, зробіць кар'еру (ён казаў: «Возьме Мінск»), і ўжо тут распачне новае жыццё з ёю. Віка спала і бачыла... Галоўнае — зблізку, можна сказаць, бо каханак і сапраўды падымаўся ўгору!

Зваліўся ўраз: няшчасны выпадак, трое пацярпелых, крымінальная справа... Не да Вікі было... Ды і засталося. Адна яна, хоць кавалеры здараюцца.

Па выхадных, прынамсі, яна да бабулі ездзіць — у краму схадзіць, нешта прыбраць, памыць...

Надоечы вось праведвала; каля пад'езда бабулін сусед запыніў (прыгожы, казала, мужчына, інвалід-калясачнік): «камплімент адвесіў» — сказаў, калі б быў здаровы, то дакладна з ёй ажаніўся б!

Рада была: цэлы дзень на крылах лётала, а ўвечары неяк само дайшло, што калі б ён быў здаровы, то, пэўна ж, недзе працаваў бы, некуды ездзіў-хадзіў, з некім сустракаўся і таксама ажаніўся б.

Як усе яе аднакласнікі і ўсе аднагрупнікі...

І далёка не ўсе аднакласніцы-аднагрупніцы.

Можна толькі пачуць...

Горад, раніца, нешырокая сцежка ў снезе. Па ёй штодня да прыпынку — назад, балазе ён блізка — рукою падаць... І тралейбус якраз «на падыходзе»: калі падбегчы, можна паспець.

Зрываемся з месца, бяжым, «па дарозе» даганяем жанчыну. Яна таксама як быццам «бяжыць», праўда, вельмі марудна, бо ў так званай дублёнцы, бо «сем пудоў» важыць і ў абедзвюх руках валачэ па сумцы.

Адну з іх мы маглі б «падхапіць», дапамагчы жанчыне, але тады на гэты тралейбус не паспелі б ні мы, ні яна. А так — шанц ёсць. І рэальны: мы, што называецца, ідзём на абгон, залятаем у салон і... нікуды не едзем, таму што следам за намі (кіроўца — чалавек: пачакаў!) у адчыненыя дзверы тралейбуса караскаецца тая жанчына, спехам (бо ў яе звініць тэлефон) ставіць сумку (выглядае — на чыюсьці нагу, бо тут жа ўздымаецца вэрхал), выцягвае з кішэні мабільнік, ссоўвае шапку — адказвае на нечае «прывітанне, ты дзе?» яшчэ спакойным: «У тралейбусе. Еду ў вёску». — «Чаму сваім ходам? — пытаецца нехта. — Што зяць?..»

Раз'юшаны бык спакайней бы, відаць, «прыняў» чырвонае, чым жанчына адзін напамін...

— Што зяць?! — на ўвесь салон паўтарае яна. — А ты дык не ведаеш?! Як грошай на машыну, дык ты, мамка, дай, а як падвезці куды, дык, цешча, пайшла ты...»

Яна кажа, куды, і пасля гэтага народ перад ёй моўчкі расступаецца: дае прайсці да свабоднага месца (яно, як ні дзіўна, знайшлося) і нават падстаўляе сумкі.

Значыць, разумее, што вось гэту, як стрэл, кароткую фразу нельга прыдумаць, — можна толькі пачуць...

Ад таго, хто папярэдне «выплакаў».

Пытанне на засыпку

...Некалі даўно — і, вядома ж, з нагоды — злажылася кароткае:

Кожны ранак ёсць прычына

Дыфірамбы пець мужчынам

І прасіць іх, дарагіх,

Ад бяды і адзіноты

Ад нястачы і самоты

Берагчы найперш малых,

Берагчы сваю Айчыну,

Берагчы сваю жанчыну

І хоць парачку чужых.

Потым і неяк міжволі гэтыя радкі «перапісаліся» і загучалі трохі інакш:

Кожны ранак ёсць прычына

Дыфірамбы пець жанчынам

І прасіць іх, дарагіх,

Ад бяды і адзіноты

Ад нястачы і самоты

Берагчы найперш малых,

Берагчы сваю Айчыну,

Берагчы свайго мужчыну

І хоць парачку чужых.

Хто-ніхто палічыў гэта «формулай шчасця» (нават агульнага), для якога чаго толькі нам не зычаць?! Міхайлаўна — апроч іншага і найбольш сваім раўналеткам — лёгкай хады і яснай памяці!.. Надоечы, праўда (шмат было віншаванняў!), «зарапартавалася» і памяці пажадала... светлай.

Разам пасмяяліся. Разам думалі: памылілася яна ці ўсё ж такі не?

Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.