Вы тут

Валерый Мулявін: Я нават падчас пералётаў заўважаў, як бацька ў паўдрымоце выстукваў пальцамі нейкі рытм


Пяць фактаў пра Уладзіміра Мулявіна

Уладзімір Мулявін на прыкладзе ўласнага жыцця і творчасці паказаў, наколькі любоў — пачуццё стваральнае. Пра гэта сведчаць і яго песні, якія сталі хітамі, і тое, як успамінаюць і захоўваюць памяць аб ім родныя, блізкія, сябры і калегі. Напярэдадні юбілею Уладзіміра Георгіевіча «Звязда» сустрэлася з сынам «песняра», каб знайсці новыя штрыхі да партрэта творцы.


1. Калі закахаўся ў Святлану Пенкіну, скінуў дзеля яе вагу, а ў Афрыцы ратаваў яе ад малярыі

— Валерый Уладзіміравіч, канцэрты памяці бацькі, спробы розных людзей прасачыць яго жыццёвы і творчы шлях — гэта заўсёды радасць для вас альбо ўсё ж «раскрыванне» душэўнай раны?

— З татам у мяне звязана шмат добрых успамінаў, і я з радасцю заўсёды дзялюся імі. Але боль ад страты роднага чалавека па-ранейшаму жыве ўнутры, і ён нікуды не знікне. Я працяглы час пасля бацькавай смерці не мог развітацца з ім у сэрцы. Гэта немагчыма. Ты проста з часам вучышся прымаць усё, як ёсць.

— Што ці хто дапамаглі вам?

— Перш за ўсё мне дапамагала мама. У яе ўсё трансфармавалася ў імкненне ўсімі магчымымі шляхамі зберагчы памяць пра тату. Яна пераключылася ў гэтае рэчышча. І няхай прагучыць банальна, час таксама лечыць і згладжвае вастрыню ўспрымання таго, што адбылося. Нічога не зменіш і назад не вернеш... Застаецца толькі памяць.

— Які прыклад мужа, калі браць яго стаўленне да вашай маці, бачылі перад сабой?

— Дай бог кожнаму знайсці такую жанчыну, як мама, і любіць яе так, як гэта ўмеў тата. Яны супадалі фізічна, духоўна і творча. Тата вельмі прыгожа заляцаўся да мамы. Ён заўсёды клапаціўся аб ёй: лятаў да яе на здымкі, даглядаў, калі яна хварэла. Неяк праехаў да яе тысячу кіламетраў за рулём у бальніцу. Нават скінуў вагу дзеля мамы, як яны толькі пачалі сустракацца. Вартаваў і ратаваў, калі яна ў Афрыцы захварэла на малярыю. Прысвячаў ёй песні. Бацька кахаў маці, і гэта было ўзаемна.

2. Быў просты ў зносінах, а калі памыляўся ў людзях, прымаў гэта дастойна

— Калі казаць пра бацькоўства, у чым вам хочацца быць падобным на тату?

— У многіх рэчах. Тое, што я бачыў у бацьку, стала пэўным арыенцірам у жыцці. Прыстойнасць была для яго заўсёды характэрная. Мужнасць і стойкасць выразна заўважныя ў ім, асабліва пасля аварыі. Я рос побач з мудрым мужчынам, які меў багаты жыццёвы вопыт. Бацька быў вельмі простым чалавекам у зносінах з іншымі. Умеў і любіў пажартаваць. У яго было пачуццё такту. Бацьку даводзілася памыляцца ў людзях, але ён годна гэта прымаў, хоць і моцна перажываў. Такія якасці, як дабрыня, шчырасць і жаданне дапамагчы іншым, таксама былі для мяне паказальныя ў ім.

«Вялікі дзякуй тату, што паказаў мне свет».

3. Калі вярнуўся з гастроляў па Афрыцы, то быў з барадой, а ў падарунак сыну прывёз барабаны

— Вы шмат з ім паездзілі па свеце. Гэта, думаю, таксама ўплывала на ваша выхаванне і фарміраванне як асобы...

— У нас была якая сітуацыя: тата з мамай працавалі ў адным калектыве, таму так атрымлівалася, што я быў амаль увесь час побач з імі. У садок амаль не хадзіў, затое ездзіў з бацькамі на гастролі. А калі мяне нельга было ўзяць з сабой (гэта былі іх паездкі ў Афрыку, Манголію і Паўночную Карэю), то да нас прыязджаў дзядуля, каб пабыць са мной. Вядома, я крыўдзіўся тады, але потым выяўлялася, што рашэнне бацькоў было правільным. Яны ведалі і ацэньвалі рызыку і жадалі мяне абараніць.

— Што потым вам тата расказваў пра паездкі, у якія вы не траплялі?

— Калі тата вярнуўся з гастроляў па Афрыцы, то ён быў з барадой. А ў падарунак мне прывезлі барабаны. Расказвалі шмат цікавага. Так, напрыклад, бацькам удалося пабываць там, дзе былі французскія калоніі, пабачыць афрыканцаў з французскімі манерамі. Альбо неяк іх пасялілі ў бунгала на тэрыторыі прыватнага парку, дзе можна было назіраць шмат рознай жыўнасці. І каб не раздражняцца ад гэтага суседства, артысты давалі экзатычным жывёлам нашы звычайныя імёны.

— А якімі былі вашы ўражанні ад гастрольных паездак?

— Вялікі дзякуй бацьку, што паказаў мне свет. Бо я рос у савецкі час, і трапіць за мяжу тады было вялікай удачай. Пасля таго як мы аб'ездзілі савецкія краіны, былі паездкі ў Польшчу, Германію, Амерыку. Напярэдадні нашага першага пералёту за акіян тата сказаў: «Глядзі, сын, ты можаш выбраць — альбо мы едзем на гастролі і прывозім табе падарунак, альбо на гэтыя грошы купляем табе білет». Выбраў апошняе. У выніку, праўда, атрымаў і паездку, і падарунак... А калі трапілі ў Нью-Ёрк, то быў пад уражаннем ад горада з разнастайнасцю культур. У нашых гастрольных вандроўках па Амерыцы я назіраў, што хоць «Песняроў» там і не ведалі так, як на Радзіме, але публіцы іх выступленні падабаліся. Іх музыка сцірала межы паміж краінамі і людзьмі. Яшчэ пасля канцэртаў артыстам дарылі кветкі, і пасля тата заўсёды дарыў іх жанчынам у гасцініцы, дзе мы жылі. А калі мы высяляліся з атэля, тата напамінаў, што трэба пасля сябе пакінуць парадак: «Пра Мулявіна будуць меркаваць не толькі па тым, як я спяваў на сцэне, а і па тым, як з'ехаў з гасцініцы». Бацька заўсёды паважаў працу іншых людзей.

4. Найлепшым адпачынкам Мулявін лічыў «паляжаць з кнігай»

— Стамляліся ад рытму гастрольнага жыцця?

— Пераезды цяжкія для артыстаў, бо часам адразу пасля пералёту ім трэба быць на сцэне. Няпроста і маральна. Тата мне расказваў, як, атрымаўшы звестку аб смерці брата, усё роўна даваў канцэрт, хоць і амаль праз слёзы і з болем у сэрцы. Але ён не мог адмовіць людзям, якія чакалі іх выступлення.

— Здараліся ва Уладзіміра Георгіевіча творчыя крызісы?

— Такога, каб яму не пісалася, я не памятаю. Калі ішла работа над нейкай праграмай, то нават на адпачынку ён абдумваў яе. У таты заўсёды былі нейкія планы, ідэі, і так было да апошняга. Бывала, я нават падчас пералётаў заўважаў, як бацька ў паўдрымоце выстукваў пальцамі нейкі рытм. Ён казаў, што для яго лепш за ўсё паляжаць з кнігай. Але ж калі гэта было чытанне паэзіі, то пасля «вырастала» ў праект. Творчасць і бацька былі непадзельныя.

— Гледзячы на поспех бацькі, вам не хацелася стаць такім жа артыстам?

— У мяне было ўсведамленне, што для гэтага трэба быць як мінімум ім. Сам я ў дзяцінстве больш марыў пра кіно. Але вельмі ўдзячны тату, што ён настойваў на тым, каб я вучыўся ў музычнай школе. Ён даваў мне свабоду выбару, але разам з тым карэкціраваў мой шлях у нейкіх момантах.

«Я рос побач з мудрым мужчынам, які меў багаты жыццёвы вопыт».

5. Любіў кнігу Гашэка «Прыгоды бравага салдата Швейка»

— Ці супадалі вашы густы, напрыклад, адносна музыкі, кніг?

— Так, на шчасце, у музыцы нам шмат падабалася аднолькавага. Любілі слухаць «Бітлз», Джо Кокера, Чайкоўскага, джаз... Што датычыцца літаратуры, вельмі ўдзячны бацьку за знаёмства з кнігай «Прыгоды бравага салдата Швейка». Маглі мы і кіно паглядзець, бо абодва любілі, каб кінастужка была якаснай, незалежна ад жанру. Разам машыны рамантавалі, на рыбалку ездзілі, ежу гатавалі...

— Як паўплываў на вас татаў сыход?

— Пасля яго смерці ўсё, што ён заклаў у мяне, набыло вялікае значэнне ў маім жыцці. І гэтыя моманты сталі мне апорай. Вось, скажам, тата любіў бываць у царкве, каб памаліцца, падумаць, і мяне браў з сабой. І часам, калі я сумую па ім альбо перажываю нейкія складаныя моманты, то таксама магу пайсці ў храм. Альбо, прымаючы нейкае рашэнне, асабліва калі і таты яно датычыцца, я спрабую ўявіць, як бы рабіў ён сам. Я тады рэзка стаў дарослым...

Ведаеце, я веру, што чалавек пасля смерці трапляе ў свет духоўны. І спадзяюся, цяпер мае бацькі разам і зверху назіраюць за мной, радуюцца, дапамагаюць і аберагаюць.

Алена ДРАПКО

Фота Яна ХВЕДЧЫНА і з архіва суразмоўцы

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.