Вы тут

Фельчар патрэбны ў вёсцы, басейн — у горадзе


Прамую лінію з жыхарамі вобласці правёў у мінулую суботу старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль ЛІС.


Да губернатара на гэты раз дазваніліся 30 чалавек з Брэста, Баранавіч, Пінска, Бярозаўскага, Баранавіцкага, Маларыцкага, Пружанскага, іншых раёнаў. Пытанні датычыліся добраўпарадкавання, рамонту дарог, медыцынскага абслугоўвання, будаўніцтва новых аб'ектаў.

Жыхары вёскі Варанілавічы Пружанскага раёна паскардзіліся, што з лета не працуе ФАП, малады спецыяліст звольнілася пасля адпрацоўкі размеркавання, а на яе месца нікога не накіравалі. Цяпер да вяскоўцаў прыязджае ўрач па графіку, а ў астатні час трэба ехаць на прыём у паліклініку ў Ружаны. А зараз, падчас пандэміі, людзям неабходна максімальна абмяжоўваць паездкі. З гэтым пагадзіўся кіраўнік вобласці і паабяцаў паспрыяць вырашэнню праблемы.

Як растлумачыла карэспандэнту газеты старшыня Ружанскага сельвыканкама Аксана ЮРКОЎСКАЯ, да яе таксама звярталіся з гэтым пытаннем жыхары вёскі. Камплектацыяй кадраў займаецца галіна аховы здароўя, а яна, як відаць, не прадугледзела сітуацыю і своечасова не знайшла спецыяліста. Але, паводле звестак кіраўніка мясцовай улады, гэтым займаюцца. «Вакансію запаўняюць неабавязкова маладым спецыялістам. Бывае, спецыяліст пераедзе ў нашы мясціны з іншых, бывае, жанчына выходзіць з дэкрэтнага водпуску, ёй неабходная работа... Адлегласць ад Варанілавіч да Ружан — шэсць кіламетраў, і ў іншай эпідсітуацыі адсутнасць фельчара не ўспрымалася б так востра, а цяпер гэта стала сапраўднай праблемай. Але пытанне на кантролі, спадзяёмся, што ў найбліжэйшы час яно вырашыцца», — пераканана старшыня сельскага Савета.

Жыхар Ляхавіч, што пазваніў на прамую лінію, прасіў пабудаваць басейн у іх райцэнтры. Але кіраўнік рэгіёна патлумачыў, што вялікага басейна няма нават у Баранавічах, дзе пражывае 180 тысяч чалавек. Таму будаваць у перспектыве давядзецца найперш у Баранавічах. А ў Ляхавічах, якія размешчаны ў 30 кіламетрах ад вялікага горада, трэба разгледзець будаўніцтва невялікага басейна, напрыклад, у школе альбо дзіцячым садку.

Як заўсёды, ад тэлефонных абанентаў паступалі пытанні па добраўпарадкаванні, рамонце дарог, паляпшэнні якасці пітной вады, іншых надзённых праблемах. А вось жыхар вёскі Дамачава Брэсцкага раёна заклапочаны тым, што пад пагрозу зрыву трапіла навагодняя традыцыя — у вялікім населеным пункце не працуе лазня.

Усе аўтары зваротаў атрымалі тлумачэнні, парады. Па некалькіх найбольш актуальных пытаннях адказным асобам дадзены даручэнні.

Яна СВЕТАВА

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.