Вы тут

З чым звярталіся людзі да старшыні Віцебскага аблсавета дэпутатаў Уладзіміра Цярэнцьева


«Прамая лінія — гэта эфектыўны інструмент непасрэднага ўзаемадзеяння з насельніцтвам на адлегласці. Многія людзі з раёнаў нашай вобласці з розных прычын не могуць наведаць прыём грамадзян, таму такая форма работы будзе актуальная заўсёды, хоць званкоў з кожным разам паступае ўсё менш. Гэта з'яўляецца паказчыкам таго, што пытанні, якія ўзнікаюць, мы стараемся вырашаць аператыўна», — падкрэсліў кіраўнік дэпутацкага корпуса паўночнага рэгіёна.


Фота «Віцебскія весткі».

На здзіўленне, з васьмі званкоў не было ні адной прэтэнзіі да работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якая звычайна лідзіруе ў рэйтынгу праблемных пытанняў. Жыхар аграгарадка Копысь Аршанскага раёна адзначыў, што прадстаўнікі аблвыканкама недастаткова часта праводзяць прыёмы грамадзян у Оршы, каб усе жадаючыя маглі звярнуцца. Мужчына і сам з-за недастатковага інфармавання праз сродкі масавай інфармацыі не трапіў у студзені на прыём да намесніка старшыні аблвыканкама. «Варта падкрэсліць, што Орша знаходзіцца ў цэнтры ўвагі не толькі кіраўніцтва Віцебшчыны, але і розных службаў і арганізацый, якія рэгулярна прымаюць прапановы па ўдасканаленні ўзроўню жыцця ў раёне», — адзначыў Уладзімір Цярэнцьеў і запэўніў, што ў красавіку ў рамках Адзінага дня інфармавання асабіста наведае Копысь разам з кіраўнікамі ўпраўленняў вобласці.

У жыхароў Чашніцкага раёна саспела калектыўнае «рыбнае» пытанне. Возера Лукомльскае, якое з'яўляецца месцам прыцягнення не толькі мясцовых аматараў «мокрага палявання», але і рыбакоў з Мінска і нават Расіі, больш за пяць гадоў таму было ўзята ў арэнду. Як вынік — арандатары ўвялі платную рыбалку, што стварыла сярод мясцовых жыхароў — і не толькі — грамадскі рэзананс. Ні для каго не сакрэт, што амаль усе азёры цяпер знаходзяцца ў арэндзе — гэта правільна, у кожнага воднага аб'екта павінен быць свой гаспадар, які будзе сачыць і за арганізацыяй парадку ў прыбярэжнай зоне, і за рыбнай разнастайнасцю, якая каштуе вялікіх грошай. Напрыклад, Лукомльскае зарыбілі сцерляддзю, таўсталобікам, карпам і шчупаком. Свядомасць мясцовых жыхароў, для якіх рыбалка заўсёды была спосабам заробку і адпачынку, не змагла пераключыцца так хутка на тое, што трэба плаціць. Арандатарам паступалі пагрозы ад рыбакоў, калектыўныя скаргі накіроўваліся ў мясцовыя органы ўлады, і быццам бы пытанне было вырашана — для мясцовых жыхароў дзейнічалі льготныя абанементы. Аднак цяпер па Новалукомлі пракацілася другая хваля незадаволенасці — разавае наведванне возера з мэтай парыбачыць каштуе 2,50 рубля. Сума невялікая, аднак для пенсіянераў, якія прывыклі практычна штодня адпачываць з вудай, — даволі істотная. Старшыня абласнога Савета дэпутатаў паабяцаў жыхарам Чашніцкага раёна паспрыяць у вырашэнні дадзенага пытання.

Адразу два званкі, якія паступілі на прамую лінію, датычыліся аховы здароўя, прычым пытанні ўскосна перасякаліся, закранаючы не столькі недахопы ў рабоце медыкаў, колькі стаўленне грамадзян да ўзніклых праблем. Так, жыхарка Віцебска наракала, што паліклініку, якая знаходзіцца блізка ад яе дома, пераносяць. Раней пажылым грамадзянам было вельмі зручна ў крокавай даступнасці наведваць масаж, неабходныя стацыянарныя працэдуры, а цяпер да ўрачоў прыйдзецца ехаць некалькі прыпынкаў.

Справа ў тым, што цяперашні будынак, у якім размяшчаецца паліклініка, патрабуе капітальнага рамонту, і габарыты памяшканняў перавышаюць існуючы там медыцынскі персанал — адным словам, тэрыторыі аб'екта аховы здароўя больш, чым патрабуецца. У сувязі з гэтым і было вырашана перанесці паліклініку ў новае камфартабельнае памяшканне, якое знаходзіцца ад месца пражывання жанчыны за некалькі прыпынкаў, а не на іншым канцы горада.

З падобным пытаннем звярнулася і жыхарка Рубы (пасёлак, які знаходзіцца ў мяжы Віцебска): яна папрасіла паспрыяць у накіраванні ў шостую паліклініку ўрача-рэўматолага, таму што пакуль жыхары Рубы вымушаныя ездзіць па ўсім горадзе ў пошуках спецыяліста, а рабіць тое з болем у нагах вельмі цяжка. Прычым жыхары просяць накіраваць доктара ў віцебскую паліклініку не на шэсць дзён у тыдзень, а каб ён мог прымаць пацыентаў хоць бы два-тры дні, яны гатовыя пры неабходнасці ездзіць на прыём за 17 кіламетраў. «Вядома, ўрача мы накіруем неадкладна. Важна, каб у кожнай установе аховы здароўя аказвалася неабходная насельніцтву дапамога», — адзначыў Уладзімір Уладзіміравіч.

Жыхары Баронікаў папрасілі дапамогі ў вырашэнні праблемы бадзяжных сабак, якія тэрарызуюць мінакоў каля газанапаўняльнай станцыі. Грамадзяне звярталіся і ў міліцыю, і ў мясцовыя органы ўлады, — адказу няма. Сабак падкормліваюць і трымаюць у якасці аховы на гэтай самай станцыі, але без прывязі, што істотна ўскладняе шлях на прыпынак, які размешчаны побач.

Жыхарка Мёрскага раёна прасіла аказаць садзейнічанне ва ўстаноўцы электракатла, а жанчына з Віцебска звярнулася з традыцыйным ужо на працягу 20 гадоў пытаннем: што рабіць з чэкамі жылля, якія захаваліся да гэтага часу. «Калісьці быў бум на звароты з нагоды чэкаў, некалькі разоў падаўжалі тэрмін іх выкарыстання, але да гэтага часу ўзнікаюць падобныя пытанні. Чэкі сёння страцілі сваю каштоўнасць, у кожнай праблемы ёсць свой тэрмін вырашэння», — распавёў кіраўнік дэпутацкага корпуса.

Пенсіянер з Віцебска звярнуўся на прамую лінію з пытаннем аб выхаванні падрастаючага пакалення, а канкрэтна — чаму моладзь не саступае ў транспарце месца пажылым. З такім пытаннем мужчына ўжо звяртаўся ў Савет дэпутатаў, на яго адрэагавалі неадкладна — у грамадскім транспарце рэгулярна трансліруюцца галасавыя паведамленні аб неабходнасці саступаць месцы інвалідам, пажылым людзям, пасажырам з дзецьмі і цяжарным жанчынам. Аднак, на думку мужчыны, такая форма работы з моладдзю належнага эфекту не прыносіць, і варта было б стварыць рэйды, якія маглі б правяраць у транспарце, ці прыслухоўваюцца да гэтага маладыя людзі.

Падчас трохгадзіннай тэлефоннай лініі гучалі словы падзякі за аказаную раней дапамогу на адрас старшыні, службаў і арганізацый, мясцовых органаў кіравання.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.