Вы тут

Малітва аб міры. Чатыры самыя буйныя канфесіі Беларусі падпісалі зварот


Напярэдадні калядных і навагодніх святаў чатыры самыя буйныя канфесіі Беларусі падпісалі зварот, перадае БЕЛТА.


«Набліжаюцца радасныя святочныя дні, якія заўсёды адзначаюцца ў нашай краіне ў духу свету, узаемапавагі і добрасуседства. Шлях да міру і згоды быў доўгім, праз скруху і выпрабаванні. Жахі войнаў і хаос супрацьстаянняў, якія пачыналіся са спрэчак аб праўдзе, пераканалі нашых продкаў, што мір на зямлі, дзе Бог вызначыў жыць разам людзям розных нацыянальнасцяў, рэлігій і поглядаў, ёсць самая галоўная задача і ўрок чалавечага жыцця. Таму нашы продкі будавалі храмы на адных вуліцах, разам абаранялі Радзіму, — гаворыцца ў звароце. — Кожны з нас ведае , каб любіць Бога, трэба навучыцца любіць чалавека. У гісторыі было шмат людзей, якія сваёй дабрынёй ратавалі іншаверцаў, людзей іншых перакананняў. Наша сумесная гісторыя багатая шматлікімі прыкладамі ахвяравання дзеля таго, хто побач».

Як адзначаецца ў сумесным звароце чатырох канфесій да беларусаў, адзіным для ўсіх рэлігій з’яўляецца паняцце міру і любові да бліжняга. «Значыць ва ўсіх нас, такіх розных, ёсць агульнае, што можа дапамагчы ўбачыць у нядобразычліўцы ці варожа настроенага супраць нас не ворага, а бліжняга. Дабрынёй і любоўю да Бога, яднаннем сеецца мір на зямлі, але перш ён пасяляецца ў адкрытым і чыстым ад граху сэрцы асобнага чалавека. Мудрасць нашых продкаў вучыць нас жыць з малітвай да Бога, з павагай да бацькоў і старэйшых, з клопатам пра дзяцей і бедных, з павагай да бліжняга і любоўю да нашага агульнага дома, — нагадваюць аўтары звароту. — Завяршаецца каляндарны год, і мы звяртаем наша слова любові з перажываннем да кожнага суайчынніка і заклікаем да міру, да даравання і прымірэння; заклікаем забыць крыўды і працягнуць будаваць наш агульны дом зноў і разам. Кожны народжаны па благаславенні звыш хай будзе варты быць у ім жаданым жыльцом, суседам, сябрам, сваяком і блізкім чалавекам».

Зварот чатырох канфесій да беларусаў аб міры падпісалі мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Веніямін, апостальскі нунцый, арцыбіскуп Антэ Ёзіч, старшыня Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Беларусі муфцій Абу-Бекір Шабановіч і галоўны рабін Аб’яднання іудзейскіх рэлігійных абшчын Дойч Шнэер Заламан.

Прэв’ю: znaj.ua

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.