Вы тут

Кранальная мова Палесся


Грамадскія арганізацыі «Багна» і «Ахова птушак Бацькаўшчыны» 17 снежня адкрыюць у Мінску фотавыставу «Лексіка Палесся».

Разліў на Прыпяці. Фота Віктара Малышчыца

Фотапраект «Лексіка Палесся» прысвечаны ўнікальнай прыроднай каштоўнасці і культурнай аўтэнтычнасці паўднёвага беларускага рэгіёну. Гэта своеасаблівы візуальны дыялог паміж прыродай і чалавекам. Экспазіцыя падзелена на тры тэматычныя часткі. Яны пакажуць гледачам Палессе як натхняльную сваёй прыгажосцю тэрыторыю з багатай біяразнастайнасцю; як этнаграфічную і гісторыка-культурную скарбніцу; як самабытны свет, які знікае з-за ўмяшальніцтва чалавека.

Выставу падрыхтавала грамадская арганізацыя «Багна» ад імя кааліцыі экалагічных арганізацый «Захаваем Палессе» («Save Polesia») у межах праекту «Устойлівае развіццё экалагічнага патэнцыялу дзікай прыроды ў Прыпяцкім і Палескім рэгіёнах» пры фінансавай падтрымцы Франкфурцкага заалагічнага таварыства.

– Мы натхніліся на стварэнне гэтай выставы ў 2017 годзе, калі толькі пачыналі працаваць на Палессі. І чым больш мы даведваліся пра экалагічныя праблемы, звязаныя з асушэннем балот, планы будаўніцтва воднага шляху Е-40, знішчэнне пойменных дуброў, чым часцей сустракаліся з мясцовымі жыхарамі, тым далей і глыбей адкрывалі для сябе дзівосную частку Беларусі, якая можа стаць своеасаблівай візітнай карткай нашай краіны, – дзеліцца ўражаннямі адзін з куратараў выставы, старшыня ГА «Багна» Канстанцін Чыкалаў.

Гэтая выстава – спроба прыўнесці ў сталіцу часцінку Палесся, адкрыць, нібы вокны ў іншасвет, яго чароўныя краявіды, знітаваныя з побытам і традыцыямі палешукоў. Мэтай праекту было паказаць не толькі хараство, але і ўразлівасць гэтага рэгіёну, які апошнія паўстагоддзя знаходзіцца пад моцным антрапагенным уздзеяннем.

Для адбору ўдзельнікаў выставы быў аб’яўлены конкурс. Каля 40 фатографаў – прафесіяналаў і аматараў – даслалі свае здымкі. У экспазіцыю ўвайшлі каля 70 фотаработ 21 аўтара. Сярод іх – вядомыя фотамастакі Віктар Малышчыц, Марына Бацюкова, Сяргей Шляга, фотарэпарцёр Аляксей Мацюшкоў, фотаанімалісты Павел Лычкоўскі, Сяргей Зуёнак. Ёсць і працы мясцовых жыхароў. Напрыклад, Раман Нефідовіч, гаспадар аграсядзібы “Прыпяцкі плёс”, шмат фатаграфуе падчас экатурыстычных сплаваў. Наталля Каліцька з вёскі Капаткевічы Петрыкаўскага раёна сур’ёзна цікавіцца побытам палешукоў, удзельнічала ў этнафестывалі “Кліч Палесся” і “Дажынках”, і здымкі ў яе таксама на этнаграфічную тэму. “Для нас важна паказаць, як гэтыя людзі адчуваюць сваю малую радзіму, дзе нарадзіліся і жывуць”, – кажа Канстанцін Чыкалаў.

Унікальнасць праекту яшчэ і ў тым, што наведвальнікі змогуць судакрануцца з дыялектамі Іванаўскага і Драгічынскага раёнаў. Палешукі з дапамогай арганізатараў пераклалі на сваю гаворку анатацыю выставы і тлумачэнні да трох частак экспазіцыі. Такім чынам, суправаджальныя тэксты можна прачытаць на трох мовах: беларускай, “паляшуцкай” і англійскай.

Святлана ІШЧАНКА

Выстава пройдзе ва ўнутраным дворыку культурнага цэнтра «Корпус» у фармаце open-air і прадоўжыцца да 31 снежня. Уваход вольны.

 


Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.