Вы тут

У Магілёве адкрылася рэтравыстава мастацкай фатаграфіі «Фатаграфіка-73»


Работам, якія прапануюць арганізатары наведвальнікам музея імя В. Бялыніцкага-Бірулі, 50 гадоў. Апошні раз яны экспанаваліся ў 1973 годзе ў Мінску. І рэзананс быў вялікі не толькі ў маштабах былога Савецкага Саюза. Удзел у тым знакавым фотамерапрыемстве брала 94 аўтара з 26 фотаклубаў розных краін. На жаль, выстава ў Магілёве па колькасці работ утрая меней той. Але эмоцыі яна выклікае, магчыма, нават большыя, чым тады. У час мабільных фотаапаратаў нават цяжка ўявіць сабе, якія цуды апрацоўкі выкарыстоўвалі пры стварэнні гэтых работ іх аўтары. Гэта сплаў высокага майстэрства, глыбокага ведання фотамастацкай справы, густу і неверагоднага цярпення.


— У Магілёў прыехалі лепшыя работы той фотавыставы, — знаёміць з праектам магілёўская фотамастачка Ірына Савосіна. — Нават 50 гадоў таму гэта была не проста выстава, а конкурс — з журы, пераможцамі, прызамі. І большасць экспануемых у Магілёве работ — узнагародныя. Гэтыя фота і імёны сёння з’яўляюцца класікай як савецкай фатаграфіі, так і сусветнай. Юрый Васільеў і Самуіл Левіх, Віталь Бутырын, Юрый Шпагін, Яніс Глейздс, Юрый Палыгалаў, Павел Кунін — усё яны адзін да аднаго яркія мастакі, вядомыя сваімі непаўторнымі работамі. Сёння ў фоташопе гэта, магчыма, і нескладана зрабіць. Але тады, працуючы з плёнкай у поўнай цемры, ніколі нельга было спрагназаваць, што атрымаецца. І атрымліваліся шэдэўры. Часам ў адзіным экзэмпляры. Потым яго множылі з дапамогай фотаапарата або іншай спецыяльнай тэхнікі.

Кожную з пяцідзесяці работ выстаўкі можна назваць маленькім шэдэўрам, бо кожная рабілася з прымяненнем розных тэхнічных прыёмаў. Тут не толькі ідэя, але і тэхнічнае ўвасабленне — вышэйшы пілатаж. Гэта добрае веданне асноў хімічных і фізічных працэсаў, таго, як будзе праламляцца святло і ўздзейнічаць на фотаслой. Для стварэння адной работы выкарыстоўваліся фрагменты часам болей чым двух дзясяткаў кадраў. Як у фотатворах таго ж Віталія Бутырына або Вільгельма Міхайлоўскага.

— Здзівіць дасведчанае журы можна было толькі тым, чаго яшчэ ніхто не рабіў, — заўважае адзін з найбольш цікавых беларускіх майстроў фота, член народнага фотаклуба «Мінск» Віктар Бутра. — І гэтыя шэдэўры праходзілі па шматлікіх выставах і выклікалі захапленне ў розных краінах як у гледачоў, так і ў экспертаў. Людзі дасылалі фатаграфіі ў Мінск з Петрапаўласка-Камчацка, Нарыльску, Северадзвінску, краін сацлагеру. Прыходзілі работы з Іспаніі, Аргенціны. І гэта былі аўтары з сусветнымі імёнамі. На іх потым арыентаваліся іншыя, убачыўшы, якога ўзроўню можна дасягнуць у, здавалася б, цалкам вядомай фатаграфіі. Аказваецца, шмат чаго можна прыдумаць і ўвасобіць.

Гэта другая выстаўка з выставачнага праекта «Фотаграфіка». Першая была ў 1971-м. Яе вынікі настолькі ўразілі і арганізатараў, і гледачоў, што было вырашана рабіць яе як біенале — раз у два гады. Выставы прайшлі ў 71-м, 73-м і 75-м гадах, пасля гэта паслядоўнасць была парушаная і аднавілася толькі ў 78-м. Апошняя, шостая, адбылася ў 1989-м. І яна ўжо пазіцыянавалася мінскім народным фотаклубам як салон мастацкай фатаграфіі.

— Мяняўся і падыход арганізатараў, і магчымасці, але ўсё гэта садзейнічала развіццю праектаў, — кажа Віктар Бутра. — Удзельнікі з’язджаліся з усяго Савецкага Саюза. Арганізатары рассылалі лісты, старшыня мінскага фотаклуба Яўген Казюля нават у свой адпачынак асабіста аб’язджаў фотаклубы Прыбалтыкі і Піцера з прапановай далучыцца. І яны адгукаліся. Асабліва актыўнымі былі прыбалты, яны вельмі шмат працавалі над самавыяўленнем. У апошніх фотавыставах удзельнічалі краіны сацлагера і нават капіталістычных краін. Адбор работ быў вельмі жорсткі. Прыходзіла каля паўтары тысячы, адбіралася 120-140.

Фотамайстар народнага фотаклуба «Мінск» Аляксандр Чанцоў адзначыў, што ідэя правесці ў Магілёве такую выставу была выклікана тым, што гэта вельмі фатаграфічны горад, дзе працавала шмат вядомых беларускіх аўтараў.

— Гэтая выстава, — кажа ён, — спроба прыцягнуць увагу сучаснага гледача да старой класічнай фатаграфіі 1970-х гадоў, выправіць прабел. На дзіва, усе фота, якія экспануюцца на выставе, выглядаюць сучаснымі. Яны не страцілі ні актуальнасці, ні мастацкасці, вытрымаўшы праверку часам. Гэта сапраўднае мастацтва. Спадзяемся, што мы яшчэ пакажам «Фатаграфікі» іншых гадоў. Гэтыя работы дэманструюць асаблівую школу фатаграфіі. А іх у савецкі час было тры — літоўская, харкаўская і мінская, да якой належаць і магілёўскія аўтары. Будзем брэнд нашай фатаграфіі прасоўваць і далей. Гэта наш здабытак і нам нельга яго страчваць.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.