Вы тут

Ветэранская арганізацыя Лышчыцкага сельсавета адна з самых вялікіх у Брэсцкім раёне


Старшыня ветэранскай арганізацыі Лышчыцкага сельсавета Святлана В'юн са шкадаваннем адзначыла, што цяперашняя эпідэмічная сітуацыя прымусіла скарэктаваць планы работы арганізацыі. У іншыя гады ў гэтую пару праходзіла нямала цікавых сустрэч, змястоўных мерапрыемстваў на базе бібліятэкі, Дома культуры, іншых устаноў. Але ж усе спадзяюцца, што ўвесну становішча выправіцца, і атрымаецца навярстаць многае з упушчанага.


Гэтая арганізацыя налічвае каля 700 чалавек. Касцяк яе, паводле слоў Святланы Цімафееўны, складаюць ветэраны вытворчасці ААТ «Астрамечава». Ёсць у арганізацыі таксама пенсіянеры сацыяльнай сферы, былыя чыгуначнікі, будаўнікі, — адным словам, людзі самых розных прафесій. Многіх падтрымліваюць установы і арганізацыі, дзе яны раней працавалі. Ёсць у гэтым ліку катэгорыя людзей, якія асабліва маюць патрэбу ў клопаце і падтрымцы, гэта адзінокія грамадзяне і тыя, хто пражываюць адзінока. Клопат пра іх бярэ на сябе мясцовая ўлада, падтрымка ідзе па лініі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай абароны, ім па меры неабходнасці аказваюць матэрыяльную дапамогу.

— Раней вясковыя пенсіянеры мелі патрэбу ў забеспячэнні дровамі, брыкетам, нават сена для каровы часам прасілі дапамагчы нарыхтаваць, — разважае Святлана Цімафееўна. — Цяпер сітуацыя кардынальна змянілася. Большасць нашых вёсак газіфікаваныя, цяпло ёсць у доме, пажылыя людзі амаль не трымаюць дапаможную гаспадарку. Цяпер многім сталым людзям патрэбныя маральная падтрымка, магчымасць з карысцю бавіць вольны час, адчуваць запатрабаванасць у грамадстве. Для гэтага і працуе наша арганізацыя з іншымі ўстановамі і арганізацыямі, якія размешчаны на тэрыторыі сельскага Савета.

Вядома, найбольшую падтрымку ад сваёй гаспадаркі адчуваюць былыя працаўнікі ААТ «Астрамечава». Летась падчас святкавання 70-гадовага юбілею сельгаспрадпрыемства многіх ветэранаў ушаноўвалі нароўні з цяперашнімі работнікамі. Перад урачыстым мерапрыемствам для ветэранаў вытворчасці была праведзеная экскурсія па новых аб'ектах гаспадаркі. Дарэчы, падобныя экскурсіі сталі добрай традыцыяй. Такім чынам цяперашнія работнікі трымаюць своеасаблівую справаздачу перад папярэднікамі, як падтрымліваюць і развіваюць створаную імі вытворчасць.

Намеснік дырэктара ААТ «Астрамечава» Жанна ГАРУСТОВІЧ адзначыла, што работа з ветэранамі гаспадаркі, іх падтрымка заўсёды былі адным з важных складнікаў сацыяльнай палітыкі прадпрыемства. Напрыклад, пенсіянерам, якія за сваю працу адзначаны дзяржаўнымі ўзнагародамі, выплачваецца штомесяц — дзве базавыя велічыні ўладальнікам ордэна і адна базавая велічыня ўзнагароджаным медалём. Ёсць цэлы шэраг матэрыяльных заахвочванняў да свят, памятных дат, якія прапісаны ў калектыўным дагаворы. Напрыклад, ветэранаў адзначаюць да Дня пажылых людзей, на прафесійнае свята, і да іншых значных дат. У сувязі з хваробай, цяжкім матэрыяльным становішчам заявы разглядаюцца індывідуальна.

Жанна Гарустовіч адзначае, што для людзей важныя не толькі пэўныя выплаты, але і знакі ўвагі. Кожны ветэран вытворчасці абавязкова атрымае паштоўку на дзень нараджэння альбо віншаванне з прафесійным святам. Гэта азначае, што чалавека не забываюць, памятаюць яго заслугі ў развіцці вытворчасці, цэняць прафесійны вопыт.

Святлана ЯСКЕВІЧ, Брэсцкі раён

Загаловак у газеце: З клопатам пра ветэранаў працы

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.