Вы тут

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Зарэчча Камянецкага раёна


Вера Паўлаўна i Уладзiмiр Якаўлевiч Казыры ўжо 67 гадоў разам. Жывуць яны ў згодзе i з вялiкай пяшчотай i клопатам ставяцца адно да аднаго, адно аднаго падтрымлiваюць. Гэта адчуваецца ва ўсiм. Вера Паўлаўна нiбы ўшчувае мужа за тое, што той столькi iнфармацыi носiць у галаве, «не раўнуючы як той камп'ютар», але ж за гэтымi словамi хаваецца яе гонар, яе захапленне чалавекам, з якiм пражыла столькi часу.


Служыў узорна

Вера i Уладзiмiр Казыры.

Пакахалi яны адно аднаго зусiм маладыя. I пажанiлiся адразу. Уладзiмiру было толькi васямнаццаць, Веры — на год больш. Але ж iншых хлопцаў у войска праводзiлi бацькi, а яго ўжо — маладая жонка. Было гэта ў далёкiм 1955 годзе. Уладзiмiр Якаўлевiч згадвае службу, нiбы з кнiгi чытае:

— У «вучэбку» трапiў у Мар'iну Горку, дзе камандзiрам палка быў Кузняцоў, удзельнiк двух парадаў на Краснай плошчы, а потым мяне накiравалi ў Асiповiчы. Служыў у 94-м гвардзейскiм двойчы Чырванасцяжным ордэна Аляксандра Неўскага, ордэнаў Кутузава i Суворава Пражскiм палку.

— Вой, як ён усё памятае, проста дзiва, — пляснула далонямi Вера Паўлаўна. — Лепш раскажы, як я да цябе прыязджала, а камандзiр роты прыходзiў на вакзал мяне сустракаць.

— Было такое, — усмiхаецца былы вайсковец. — Нядрэнны баец, значыць, быў, калi радавому салдату дазвалялi спатканнi з жонкай, некалькi дзён на гэта давалi. Перад дэмабiлiзацыяй прапаноўвалi застацца ў армii. Падумваў аб гэтым, але жонка не згадзiлася, таму адслужыў i вярнуўся. Жыццё сямейнае будавалi ў сваёй вёсцы, як цяпер кажуць, на малой радзiме.

Як афiцэр Карчагiн сям'ю ратаваў

Цiкава, што абое помняць вайну. I абое ўспомнiлi менавiта першы дзень, 22 чэрвеня. У 1941-м годзе мае героi былi па ўзросце вучнямi недзе першага-другога класаў.

Вёска iх стаiць на самым памежжы. Вакол размяшчалiся вайсковыя часцi i пагранiчныя заставы, сем'i афiцэраў найчасцей кватаравалi ў вяскоўцаў. У бацькоў Веры таксама жыла такая сям'я па прозвiшчы Карчагiны. У iх было трое дзетак, меншае — некалькi тыдняў, як нарадзiлася. «Ранiчкай у нядзелю ўсе ў доме спалi, як бацька зайшоў на палавiну кватарантаў i сказаў, што за рэчкай нешта грукае, нiбы бомбы кiдаюць, мабыць, вайна пачалася, — згадвае Вера Паўлаўна дзень, што навечна засеў у памяцi. — А кватарант не паверыў, яшчэ прыкрыкнуў, маўляў, няма чаго панiку разводзiць, гэта навальнiца грукоча. Ды пакуль усе паўставалi, жанчыны дзяцей пакармiлi, прыбегла суседка i з парога: «Немцы ў вёсцы!» Тая, аказалася, убачыла першых матацыклiстаў. Ну, i пабег наш камандзiр кудысьцi, толькi жонцы загадаў сабраць дзяцей. Аказалася, падаўся у часць, вярнуўся вельмi хутка з танкам i дзвюма бронемашынамi. «Значыць, ён быў не малодшы афiцэр, а ў добрым чыне», — заўважае галава сям'i. Адным словам, жонку з дзецьмi ён пасадзiў i паспеў вывезцi лiтаральна пад абстрэлам i дамчаў да чыгуначнай станцыi. Пазней, пасля вайны, яна прыязджала да нас, мама ўсе iх рэчы зберагла, захавала. А ён, як i многiя, загiнуў на фронце. Да гэтай пары памятаю iх адрас у Кастрамской вобласцi, — гаворыць Вера Казыра.

Прароцтвы дыверсанта i акупанта

Уладзiмiр Якаўлевiч згадаў суботу перад вайной. Яны з хлопчыкамi бегалi ў суседнюю вайсковую часць, там паказвалi кiно. Для вясковых дзяцей гэта было амаль за свята. Яшчэ трэба было трапiць пад добры настрой палiтрука, каб цябе пусцiлi ў часць на кiнасеанс для байцоў... Але ж яны ўмудралiся... I вось пасля фiльма па дарозе дадому iм сустрэлiся афiцэры на конях, не зусiм звычайныя. Хлопчыкi звярнулi ўвагу, што форма ў iх была новая, як з iголачкi, i самi надта ж дагледжаныя, у адрозненне ад тых афiцэраў, якiх яны бачылi ў часцi. Вайскоўцы размаўлялi, смяялiся, спыталi дзяцей: «Ну што, спадабалася вам кiно?» Тыя адказалi, што вельмi. «Заўтра будзе яшчэ цiкавейшае», — прамовiў адзiн з iх. Праз многа гадоў Уладзiмiр зразумеў, што гэта былi дыверсанты, i гаварылi яны пра зусiм iншае «кiно», якое спасцiгла нас 22-га чэрвеня. Потым людзi расказвалi пра iншых дыверсантаў, што сядзелi ў Павуках на могiлках яшчэ з пятнiцы. Асаблiвасцi памежжа…

— А ў нядзелю немцы спакойна ўвайшлi ў нашу вёску, размясцiлiся, сталi ўмывацца каля калодзежа. А вось гэты танк з бронемашынамi, пра якi расказала Вера, нарабiў такога перапалоху, што яны сталi хапаць зброю, якую саставiлi недзе каля плота, i адзiн нямецкi салдат у тым вэрхале выпадкова накалоўся на штык-нож. Iх камандзiр падумаў на вяскоўцаў. Адразу ж узялi, можа, з дваццаць заложнiкаў з лiку вясковых мужчын. Жыццё iх было ўжо на валаску, але ж той пацярпелы салдат чалавекам аказаўся. Лiтаральна перад тым як сканаць, сказаў, што гэта ён сам выпадкова паранiўся, i нашых адпусцiлi. Вось так вайна для нас пачыналася, — расказвае Уладзiмiр Якаўлевiч. — I яшчэ ў той дзень да нас у хату зайшоў немец, якi добра гаварыў па-польску, пачаў распытваць дзеда, як мы тут жывем. А дзед паказаў на мяне: «Вось па вашай мiласцi сiрата расце». Майго бацьку перад самай вайной прызвалi на зборы ў Войска Польскае, дзе ён раней служыў. I забiлi ў першыя днi акупацыi Польшчы. Бацьку было тады 29 гадоў. Вось дзед i падзялiўся сваiмi горам i крыўдай. А немец падняў палец лiтаральна перад дзедавым носам i сказаў: «Памятай, Гiтлер пайшоў на Расiю i знойдзе там магiлу». Потым папярэдзiў, калi дзед каму-небудзь скажа пра гэтую размову, яму не павераць, больш за тое, расстраляюць. Мне было строга забаронена нават згадваць каму-небудзь пра тое, што пачуў. А хто быў той немец i чаму ён так гаварыў, для мяне загадка па сённяшнi дзень. Ясна адно, усялякiя людзi былi i сярод iх.

Вось так i перажывалi людзi вайну. З Зарэчча, у якiм пражывала тады 370 чалавек, у 44-м на вайну пайшлi многiя. На розных франтах загiнула 17 мужчын, вярнулася прыкладна столькi ж. «Я як кладуся спаць, кожны дзень iх успамiнаю. Маладыя ўсе ў асноўным, як мой бацька, а то i маладзейшыя. Пайшлi i засталiся, вось што такое вайна, — голас у 84-гадовага чалавека дрыжыць. — Маё пакаленне яе нiколi не забывае».

Ад трактарыста да брыгадзiра

Яны, дзецi ваенных гадоў, заўсёды шмат працавалi. Уладзiмiр Казыра згадаў, што вучыцца ў школе не змог доўга, бо быў адзiны сын у мацi, яе апора. Яшчэ да арганiзацыi калгаса людзей абклалi падаткамi, трэба было вырасцiць нешта на полi, прадаць, заплацiць. Падлеткам вазiў прадукты ў Брэст на базар, потым мацi несла грошы ў сельсавет. I вечна iм з мацi не хапала, каб разлiчыцца цалкам, усё iм гаварылi пра нейкiя даўгi. Сямiгодку скончыў пазней у вячэрняй школе. А калi ў 1951-м арганiзавалi калгас, пайшоў вучыцца на трактарыста. Больш за 15 гадоў працаваў на трактары з перапынкам толькi на армейскую службу. Але здольнага да навукi хлопца заўважылi i паслалi на вучобу. Завочна атрымаў дыплом агранома. Пасаду агранома прапаноўвалi ў аб'яднаным калгасе, але гэта вымагала пераезду. Ды на сямейным савеце вырашылi не мяняць месца жыхарства. Прывыклi да свайго дома, тут нарадзiлiся i падраслi дзецi, тут была немалая свая гаспадарка. Ну i засталiся, а галаве сям'i даверылi ўзначальваць брыгаду. Так 26 гадоў i адпрацаваў брыгадзiрам да самай пенсii.

Што кар'еру калгаснага спецыялiста не зрабiў, не шкадуе. Жонцы ва ўсiм памагаў. Яна працавала i швачкай, i загадчыцай комплекснага прыёмнага пункта, забяспечвала бытавымi паслугамi насельнiцтва. Як усе навокал, трымалi карову, свiней, вялiкi агарод. Свая гаспадарка заставалася, бывала, цалкам на iм, асаблiва ў выхадныя днi, калi Вера Паўлаўна як работнiк службы быту была задзейнiчана на выязным гандлi. Ездзiлi гандляваць у вялiкiя вёскi, у Брэст, ва ўкраiнскiя гарады. Згадала такi выпадак, калi ў горадзе на адным з выязных кiрмашоў у яе ўкралi куртку. Гэта была вялiкая страта для яе невысокай зарплаты. Але жанчыну як работнiка настолькi цанiлi, што раённае кiраўнiцтва выпiсала прэмiю, каб кампенсаваць кошт тавару.

А ў вёсцы брыгадзiр быў той асобай, да якой усе iшлi з рознымi пытаннямi. I не толькi калi справа датычылася сенакосу альбо надзелу сотак пад бульбу. Яго i зараз называюць брыгадзiрам. Таму не дзiва, што аднадушна абралi старастам вёскi. Вось толькi «брыгада» ўжо далёка не тая. З вялiкага ў свой час населенага пункта са школай, клубам, магазiнам Зарэчча стала зусiм маленькай вёсачкай. Цяпер тут стала пражывае нейкi дзясятак чалавек. Праўда, нямала дамоў ажываюць летам, калi прыязджаюць дачнiкi.

Вера Паўлаўна ж з Уладзiмiрам Якаўлевiчам — яшчэ надзвычай актыўныя i рухавыя для сваiх гадоў. Зранку гаспадынька схадзiла ў лес i набрала познiх восеньскiх грыбоў. На зiму назапасiлi яблыкаў i грэцкiх арэхаў з уласнага саду. Сваю няхiтрую дамашнюю гаспадарку паспяхова вядуць самi. А ў выхадныя чакаюць дзяцей — дочкi жывуць у Брэсце. Унукi таксама па гарадах. У пары ёсць ужо нават праўнукi.

Святлана ЯСКЕВIЧ

Загаловак у газеце: Першы дзень вайны на памежжы

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.