Вы тут

Як прайшоў прэм'ерны паказ нацыянальнага кiнапраекта «Янка Купала»?


Прэм'ерны паказ нацыянальнага кiнапраекта «Янка Купала» рэжысёра Уладзiмiра Янкоўскага прайшоў нядаўна на II Мiжнародным фестывалi кiно краiн Садружнасцi «Маскоўская прэм'ера». Фiльм, якi яшчэ да свайго выхаду на экраны зрабiўся легендай для беларускай публiкi, выхаду якога напружана чакалi некалькi гадоў, быў не толькi цёпла сустрэты, але i адзначаны ўзнагародай.


Згаданы намi фестываль праходзiць кожны год. Ён аб'ядноўвае кiнематаграфiстаў i гледачоў з Азербайджана, Арменii, Беларусi, Грузii, Казахстана, Кыргызстана, Латвii, Лiтвы, Малдовы, Расii, Таджыкiстана, Туркменiстана, Узбекiстана, Украiны i Эстонii. Мерапрыемства арганiзоўваецца пры падтрымцы Мiждзяржаўнага фонду гуманiтарнага супрацоўнiцтва дзяржаў — удзельнiц СНД.

— На фестывалi я быў у складзе журы, але наш фiльм не ўдзельнiчаў у праграме. Яго проста прадставiлi як падзею фестывалю, i мы зрабiлi прэм'еру ў Доме кiно. Потым атрымалi спецыяльны прыз «Падзея кiнематаграфiчнага года» на тэрыторыi краiн СНД, — распавядае рэжысёр фiльма Уладзiмiр Янкоўскi. — У зале на тысячу месцаў з-за эпiдэмiялагiчнай сiтуацыi на паказ трапiла толькi чвэрць жадаючых, але ўсё роўна для мяне гэта было ярка i запамiнальна. Пасля прагляду ў зале 15 хвiлiн не сцiхалi авацыi, некаторыя нават плакалi. Да мяне падыходзiлi расiйскiя кiнакрытыкi са станоўчымi водгукамi. А беларусы з маскоўскай дыяспары казалi, што для iх гэта сапраўдны падарунак. Для мяне самога гэты фiльм на дадзеным этапе маёй творчасцi — самы галоўны праект у жыццi. Безумоўна, я шчаслiвы, што ён падабаецца людзям, закранае iх пачуццi i нiкога не пакiдае абыякавым.

Гiстарычная драма апавядае пра лёс народнага паэта Беларусi Янкi Купалы. Яго асоба — гэта сiмвал беларускай нацыянальнай самасвядомасцi. У карцiне раскрываюцца асноўныя вехi жыццёвага i творчага шляху паэта, якi супаў з найбольш трагiчнымi падзеямi XX стагоддзя. Кiнастужка апавядае пра любоў i нянавiсць, жыццё i смерць, творчы i лiтаратурны дар чалавека, якому ўдалося зрабiць значны ўнёсак у культуру нашай краiны ўсяго за некалькi дзесяцiгоддзяў. Фiльм, хранаметраж якога складае 156 хвiлiн, здымалi ў Беларусi, Расii i Лiтве. Галоўную ролю ў iм сыграў латышскi акцёр з беларускiмi каранямi Мiкалай Шастак. Яго абралi ў тым лiку i з прычыны вялiкага вонкавага падабенства акцёра з паэтам у маладосцi. А вось у ролi Паўлiны Мядзёлкi, каханай жанчыны класiка, знялася беларуская актрыса Веранiка Пляшкевiч.

— Фiльм у Маскве прынялi добра, прыемна, што да яго паставiлiся як да цiкавага кiнатвора, адзначыўшы высокi прафесiйны ўзровень стваральнiкаў. Таму я задаволены, што мы яго паказалi, нягледзячы на пандэмiю i ўсе астатнiя абставiны. Бо ў нас, на жаль, не змаглi адбыцца прэм'еры гэтай кiнастужкi на iншых, больш буйных фестывалях, але мы будзем працягваць арганiзоўваць яе паказы на такiх пляцоўках. I старт гэтаму працэсу дадзены, — дзелiцца генеральны дырэктар кiнастудыi «Беларусьфiльм» Уладзiмiр Карачэўскi. — Добрую якасць фiльма адзначылi кiназнаўцы, i публiка цёпла яго сустрэла. Таму, мяркую, у нас усё атрымалася. «Купала» — гэта ўдалая спроба расказаць пра беларускага класiка. Да таго ж паказ адбыўся ў легендарным месцы — у Доме кiно, дзе ў свой час праходзiлi прэм'еры многiх класiкаў кiнематографа савецкiх часоў. Плюс там добрае абсталяванне, што дазволiла прадэманстраваць фiльм на належным узроўнi, якасна. Мы пачалi наша фестывальнае вандраванне i, безумоўна, маем жаданне, каб «Купалу» паказалi i на iншых кiнафестывалях, таму працягнем работу ў гэтым кiрунку. Наконт таго, калi варта чакаць карцiну ў пракаце, — думаю, гэта стане ясна пасля заканчэння пандэмii. Мы ўсе бачым, што адбываецца — гледачы не наведваюць залы тэатраў i кiнатэатраў, таму будзем чакаць больш спрыяльных умоў.

А пакуль што кiнааматары маюць магчымасць азнаёмiцца з трэйлерам фiльма, якi ёсць на беларускай, рускай, англiйскай i кiтайскай мовах. А пасля таго як дачакаемся з'яўлення кiнастужкi ў афiшах кiнатэатраў, з часам можна будзе ўбачыць i яго 4-серыйную тэлеверсiю. На «Беларусьфiльме» адзначылi, што яна ўжо гатовая i чакае ўдалага моманту. Гэты варыянт кiнатвора складаецца з чатырох серый па 52 хвiлiны i дазволiць гледачам убачыць некаторыя з тых эпiзодаў, якiя не ўвайшлi ў версiю для вялiкiх экранаў. Напрыклад, калi перыяд дзяцiнства паэта ў фiльме паказаны толькi часткова, то ў тэлеварыянце ён займае асобную серыю. Калi згадаць гiсторыю са спробай заўчаснага «злiву» чарнавога варыянта фiльма ў сецiва, якая ў свой час атрымала пэўную пагалоску, то зразумела, што публiка даўно чакае выхаду «Купалы» на экраны, але, на жаль, пандэмiя змяняе ўсё на свой лад. Каб атрымаць поўнае ўяўленне пра маштаб таго, што мусiлi сказаць пра народнага паэта стваральнiкi кiнастужкi, варта паглядзець абодва варыянты i толькi пасля рабiць канчатковыя высновы.

Алена ДРАПКО

Фота дадзена кiнастудыяй «Беларусьфiльм»

Загаловак у газеце: Фестывальная вандроўка класiка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.