Падзякамі Саюза пісьменнікаў Беларусі адзначаны Юрый Салаўёў і Анатоль Ціміркаеў — добрыя сябры беларускай літаратуры ў Марый Эл, адным з найцікавейшых рэгіёнаў Расіі.
Юрый Салаўёў выступае на працягу апошніх гадоў арганізатарам многіх публікацый беларускіх аўтараў у Йошкар-Але. Дзякуючы яго намаганням, пераклады беларускай паэзіі і прозы рэгулярна з’яўляюцца ў літаратурна-мастацкім часопісе «Ончыко» («Наперад») і грамадска-палітычнай газеце «Марий Эл». Анатоль Ціміркаеў — паэт і перакладчык, якога добра ведаюць чытачы і Марый Эл, і ўвогуле Расійскай Федэрацыі. Падзеяй стала пераўвасабленне А. Ціміркаевым на марыйскую мову паэмы Янкі Купалы «Курган».
У нашых планах выданне на марыйскай мове калектыўных зборнікаў, якія прадставяць беларускую паэзію і прозу, беларускую дзіцячую літаратуру для марыйскага чытача, — дзеліцца планамі Юрый Салаўёў. — У апошні час склаўся сапраўдны атрад цікаўных да беларускага слова марыйскіх перакладчыкаў: Ігар Папоў, Генадзь Аяр, Анатоль Ціміркаеў, Святлана Грыгор’ева-Сато. Гэта і спрыяе развіццю, пашырэнню ўвагі да беларускай літаратуры ў нашай рэспубліцы.
Сяргей ШЫЧКО
Прэв'ю: pixabay.com