Вы тут

Цэх па зборцы тарфавозных вагонаў адкрылі на заводзе тарфянога машынабудавання «Бальшавік»


Цэх па вытворчасці тарфавозных вагонаў адкрылі на заводзе тарфянога машынабудавання «Бальшавік», перадае БЕЛТА.


На рэканструкцыю цэха нумар 2 спатрэбілася менш як год. Там арганізавана зборка тарфавозных вагонаў — запатрабаванай галіной прадукцыі. Вытворчасць вузкакалейных тарфавозных вагонаў самаразгружальнага тыпу дасць магчымасць арганізацыям Мінэнерга папаўняць і абнаўляць рухомы састаў названага віду.

Пасля запуску цэха можна будзе не набываць вагоны ў арганізацый іншых ведамстваў і захаваць фінансы ў галіне. «Для прадпрыемства гэта не толькі новы від прадукцыі, але і дабаўленая вартасць, павелічэнне выручкі, а адпаведна, і рост заработнай платы. Гэта плюс не толькі ў плане выручкі, але і паступленняў падатковых плацяжоў у бюджэт. Галіна дынамічна развіваецца. Штогод вырабляецца каля 1,2 млн тарфяной прадукцыі, 20 працэнтаў якой адпраўляецца на экспарт. 80 працэнтаў выкарыстоўваецца ў нашай краіне, што дае магчымасць замяшчаць каля 450 млн куб. м прыроднага газу», — адзначыў міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч.

Паводле яго слоў, увод новага цэха толькі першы этап мадэрнізацыі вытворчасці. «На гэтым мы не спыняемся. Другім этапам плануем разгледзець рэканструкцыю іншых цэхаў, дзе будзе абноўлены станочны парк. Гэта павялічыць эфектыўнасць вытворчасці традыцыйнай прадукцыі і дасць магчымасць асвоіць выпуск інавацыйнай, пашыраючы экспартныя напрамкі», — удакладніў ён.

Значнасць падзеі падкрэслівае і генеральны дырэктар дзяржаўнага вытворчага аб’яднання па паліве і газіфікацыі «Белпалівагаз» Аляксей Кушнарэнка. У арганізацыях ДВА ў тарфяной прамысловасці выкарыстоўваюцца 1422 вагоны рухомага саставу, значная іх частка — з высокай амартызацыяй. «Гэты цэх для нас мае ключавое значэнне ў плане абнаўлення складу і далейшай мадэрнізацыі і развіцця тарфяной галіны. Тарфяная прамысловасць — нацыянальны здабытак Беларусі», — сказаў ён.

У Беларусі тарфяной справай займаюцца больш як 100 гадоў. Рэспубліка на чацвёртым месцы ў свеце па здабычы торфу, на першым — па вытворчасці торфабрыкетаў. «Тарфяная тэма вельмі актуальная цяпер у плане дыверсіфікацыі паставак энергарэсурсаў. У канчатковага спажыўца павінен быць выбар, які від рэсурсаў яму выкарыстоўваць. Гэта могуць быць дровы, торфабрыкеты, электраэнергія, прыродны або звадкаваны газ. Тарфяная прадукцыя пастаўляецца ў больш як 20 краін. Гэтыя аб’ёмы апошнія гады мелі тэндэнцыю да павелічэння. На жаль, сітуацыя з пандэміяй паўплывала на экспартныя пастаўкі», — расказаў Аляксей Кушнарэнка.

Штогод у Беларусі здабываецца каля 2 млн т торфу. Рэсурсная база ацэньваецца ў памеры 2,4 млрд т гэтай крыніцы. «Для прамысловай вытворчасці прыдатна 380 млн т», — падкрэсліў гендырэктар ДВА.

Увод у эксплуатацыю цэха ў «Бальшавіку» прымеркаваны да 90-годдзя прадпрыемства. У 2010-2016 гадах быў рэканструяваны механазборачны цэх з аснашчэннем новым абсталяваннем, пабудавана камера для фарбавання дэталей і вузлоў прадукцыі. Гэта дало магчымасць пашырыць наменклатуру выпускаемай прадукцыі, павысіць яе якасць. Завод асвоіў вытворчасць большай часткі машын для выканання балотна-падрыхтоўчых работ, рамонту палёў здабычы торфу, яго транспарціроўкі і перапрацоўкі.

ААТ «Завод тарфянога машынабудавання «Бальшавік» — адзінае машынабудаўнічае прадпрыемства ў тарфяной прамысловасці краіны. Як удакладнілі на прадпрыемстве, для абнаўлення парку рухомага саставу вузкакалейнага чыгуначнага транспарту штогод неабходна каля 30 вагонаў.

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.