Вы тут

Юныя даследчыкi ўшаноўваюць подзвiг курсантаў, якiя трымалi абарону на Бярэзiне ў чэрвенi 1941-га


«Немцы ў гэты дзень (30 чэрвеня 1941 года) з ранiцы фарсiравалi Бярэзiну каля Бабруйска. Iх стрымлiвала ў пешым страi расцягнутае на дванаццаць кiламетраў Бабруйскае вучылiшча, якое на наступны дзень, калi немцы канчаткова пераправiлiся, i палегла там, у лясах, у няроўным баi...» — пiсаў Канстанцiн Сiманаў у сваiх успамiнах. Размова iдзе пра курсантаў ваенна-трактарнага вучылiшча, якое iснавала ў Бабруйску з 6 студзеня 1941-га да дня акупацыi горада. На думку бабруйскiх даследчыкаў са школы № 25, гэтая тэма яшчэ цалкам не вывучаная, а памяць 19-гадовых герояў недастаткова ўшанаваная. Сёння, дзякуючы школьнiкам, на месцы бою ўстаноўлены памятны знак i нават распрацаваны спецыяльны турыстычны маршрут.


Карцiна бою па лiстах

Настаўнiца матэматыкi Валерыя Ткачук па натуры сама краязнавец i сваiм прыкладам натхняе вучняў. На краязнаўчых конкурсах яны заўсёды займаюць прызавыя месцы. Шэсць гадоў таму сын настаўнiцы — Антон Ткачук, якi зараз студэнт Мазырскага педунiверсiтэта iмя I. Шамякiна, а тады яшчэ вучань восьмага класа — зацiкавiўся гiсторыяй абароны Бабруйска. Пра вызваленне горада iнфармацыi шмат, а вось па абароне — кот наплакаў. I хоць яна была нядоўгая — горад быў узяты 28 чэрвеня, зафiксавана шмат гераiчных учынкаў. У журнале баявых дзеянняў гаворыцца пра тое, як курсанты вучылiшча вядуць разведку ва ўжо захопленым немцамi Бабруйску i пра тое, як у адной з такiх разведак курсант Iваноў, атрымаўшы чатыры раненнi, сыходзячы крывёй, знайшоў сiлы пераплыць раку i перадаць каштоўныя звесткi. А ў аператыўнай зводцы за 30 чэрвеня адзначаецца, што ўначы з 29-га на 30-е чэрвеня спробы немцаў пераправiцца праз Бярэзiну былi адбiтыя. У складзе зводнага палка, якi трымаў там абарону, змагалася больш чым 400 курсантаў.

— Мы вырашылi максiмальна высветлiць усё, што яшчэ можна знайсцi пра гэтых герояў, — заўважае Валерыя Ткачук. — Дарэчы, ваенна-трактарным гэтае вучылiшча стала менавiта ў Бабруйску. Да 6 студзеня 1941-га яно дыслацыравалася ў Асiповiчах i называлася ваенна-пяхотным. Маладыя хлопцы вывучалi найноўшыя ў той час трактары «Камсамолец», на базе якiх потым i быў распрацаваны лёгкi танк. Першы выпуск адбыўся 10 чэрвеня 1941-га, але не ўсе курсанты паспелi раз'ехацца па дамах i воiнскiх часцях. У краязнаўчым музеi нам далi некалькi папак перапiскi былога старшынi ваенна-навуковага таварыства Бабруйскага гарнiзоннага Дома афiцэраў Мiкалая Данiлава з людзьмi, якiя ўдзельнiчалi ў абароне на Бярэзiне ў чэрвенi 41-га. Там мы прачыталi пра падрабязнасцi бою, у тым лiку i ад курсантаў ваенна-трактарнага вучылiшча. Тыя, каму пашчасцiла выратавацца, пiсалi Мiкалаю Данiлаву, у якое пекла яны тады трапiлi.

Па гэтых лiстах Антон Ткачук паспрабаваў аднавiць карцiну бою. Карта цалкам супала з той, якую ён потым знайшоў у Данiлава. Поле, дзе курсанты прынялi бой, знаходзiцца на левым беразе Бярэзiны памiж новым i старым мастамi. Гэта якраз насупраць сённяшняга санаторыя iмя Ленiна. Калi даследчыкi ўпершыню прыйшлi на гэтае месца, то знайшлi там невялiкi помнiк. Высветлiлася, што яго на ўласныя сродкi паставiў жыхар Бабруйска Мiхаiл Казачонак. Ён i зараз жыве непадалёк ад таго поля — на вулiцы Берагавой. Мужчына згадваў, што ў дзяцiнстве аблазiў гэтыя мясцiны ўдоўж i поперак. Малому было цiкава, адкуль там магiла i драўляны крыж. Старажылы казалi, што пад iм пахаваныя курсанты. Калi крыж згнiў, мужчына са сваiмi сынамi заказаў помнiк з мармуровай крошкi.

Ва­ле­рыя Тка­чук так­са­ма ча­сам  пе­ра­апра­на­ец­ца ў ва­ен­ную фор­му.

«Там усё поле «фанiць»

Помнiк на левым беразе Бярэзiны стаў своеасаблiвым месцам памяцi, дзе настаўнiкi i вучнi 25-й школы адзначалi ганаровыя даты. Тут прымалi ў пiянеры, ускладалi кветкi на Дзень Перамогi, праводзiлi гадзiны мужнасцi. Але аднойчы, калi яны прыйшлi правесцi чарговае патрыятычнае мерапрыемства, помнiка на месцы не аказалася. Сталi высвятляць, у чым справа, i даведалiся, што астанкi курсантаў эксгумавалi i перапахавалi на тэрыторыi Бабруйскай крэпасцi. А помнiк — прыбралi. Гэта несправядлiва, палiчылi даследчыкi, i адправiлiся ў гарвыканкам з патрабаваннем яго вярнуць.

— Мы вырашылi, што месца павiнна быць неяк адзначана, бо паводле некаторых даных там знiкла без вестак каля 166 курсантаў, не кажучы пра iншых удзельнiкаў абароны, — канстатуе Валерыя Янаўна. — Адзiн курсант пiсаў, што бачыў поле бою пасля атакi. Яно было ўсыпана трупамi курсантаў. Мiхаiл Казачонак казаў, што калi там пракладвалi газ, коўш вывернуў з зямлi шмат чалавечых астанкаў. А яшчэ там ёсць возера Снарад — стары кар'ер. Яно ўтварылася, калi капалi пясок для будаўнiцтва моста. Кажуць, там таксама было шмат астанкаў. Гэтае поле бою ўсё «фанiць» ад зарытага ў iм металу.

Школьнiкаў, якiя прыйшлi на прыём у гарвыканкам, падтрымаў Савет ветэранаў. I летась на левым беразе Бярэзiны з'явiўся памятны знак. На адкрыццi прысутнiчалi i родныя некаторых курсантаў. Нiна Кiсялёва, пляменнiца Паўла Карманнага, жыве зараз у Бабруйску, а вось Вiва Вартанаўна — дачка капiтана Саваяна, якi выкладаў у вучылiшчы артпадрыхтоўку, прыехала з Ерэвана. 80-гадовую жанчыну вельмi кранула тое, што ў Бабруйску не забываюць пра курсантаў i iх выкладчыкаў. Пасля таго, як на сайце мясцовай газеты з'явiлася iнфармацыя пра памятны знак, з горада Дзятлава Гродзенскай вобласцi адгукнулася яшчэ адна жанчына. У яе захаваўся лiст курсанта гэтага вучылiшча ад 13 мая 1941 года, дзе ён апiсваў сваё жыццё i вучобу. «Гэта вельмi цiкавыя факты, бо з лiста можна даведацца, як жылi курсанты ў мiрны час, — кажа Валерыя Ткачук. — Ён пiсаў, дзе яны адпачывалi, як гулялi ў парку, як рабiлi марш-кiдкi. Разам з вучнем шостага класа Мiкiтам Канавалавым мы напiсалi яшчэ адну даследчую работу па гэтай тэме, i ён заняў другое месца на гарадскiм конкурсе. Работа выйшла за рамкi школы, ёй зацiкавiўся гарадскi Цэнтр турызму, краязнаўства i экскурсiй. Быў распрацаваны маршрут па месцах, дзе змагалiся курсанты вучылiшча, у тым лiку i ў фармаце анлайн, каб нават ва ўмовах пандэмii было магчыма з iм азнаёмiцца».

Па­тры­я­тызм вы­хоў­ва­ец­ца  ў па­ля­вых умо­вах.

Трагедыя асобнай сям'i

Валерыя Ткачук перакананая, што менавiта на такiх прыкладах выхоўваюцца сапраўдныя патрыёты. Прычым без нейкага там прымусу. Яна згадвае эпiзод, калi падчас падрыхтоўкi да чарговага краязнаўчага конкурсу на сайце школы быў выкладзены невялiчкi вiдэафiльм пра выхаванцаў Бабруйскага ваенна-трактарнага вучылiшча. Адгукнулiся родныя курсанта Iвана Галкiна з Нiжняга Ноўгарада. У пачатку чэрвеня 41-га пасля выпускнога ён паспеў з'ехаць у Магiлёў, але застаўся ваяваць i загiнуў. Родныя шукалi месца яго апошняга бою i прасiлi дапамагчы. «Мяне прыемна здзiвiла, што гэтым займалася шаснаццацiгадовая дзяўчына, — кажа Валерыя Янаўна. — Анастасiя напiсала, што Iван — брат яе бабулi. Мы амаль адначасова з ёй знайшлi месца, дзе ён загiнуў. Жыццё Iвана абарвалася ў баi каля вёскi Волма Смалявiцкага раёна. Разам з бацькамi i малодшым братам яна сёлета збiралася прыехаць у Бабруйск, каб паглядзець, дзе вучыўся яе продак, але перашкодзiла пандэмiя».

Пошукавая дзейнасць захапляе, прымушае востра адчуць падзеi шматгадовай даўнасцi, а галоўнае — нешта пераасэнсаваць у сваiм жыццi, атрымаць магчымасць вярнуць з небыцця iмя яшчэ аднаго чалавека. У адным з лiстоў перапiскi Данiлава даследчыкi знайшлi iнфармацыю, што ў раёне Цiтаўкi адна жанчына пахавала каля свайго дома загiнулага ў баi курсанта-кулямётчыка.

— Былы курсант Якаў Барадаўкiн напiсаў лiст яшчэ ў 1980-х, але пра яго забылi, — з горыччу кажа Валерыя Ткачук. — Мы вось ужо з зiмы займаемся пошукамi гэтага месца. У агенцтве па нерухомасцi i зямельным кадастры нам дапамаглi знайсцi план участка. Але там ужо нiякага дома няма, нават падмурка. Трэба праводзiць разлiкi i ўстанаўлiваць межы пабудовы. У лiсце курсант пiша, што побач з магiлай жанчына пасадзiла дрэва. Але i дрэва таго ўжо няма.

На вогненным рубяжы

Хоць тыя курсанты, якiя загiнулi на левым беразе Бярэзiны, не паспелi сесцi за штурвал танка, у школе № 25 вырашылi ўшанаваць iх памяць менавiта на Дзень танкiста, якi адзначаецца ў пачатку верасня. Iх падтрымаў клуб рэканструктараў «Бабруйскi рубеж», гарадскi Цэнтр турызму, краязнаўства i экскурсiй i асабiста дэпутат Бабруйскага гарсавета Уладзiмiр Свiрыдаў, якому вельмi блiзкая тэма вайны. Напiсалi сцэнарый, аформiлi пляцоўку ў стылi 1940-х i запрасiлi дзяцей. Сабралася каля ста дзяўчынак i хлопчыкаў. Для iх арганiзавалi страйк-гульню, спаборнiцтвы па кiданнi гранаты, пераход праз балота, дзе спатрэбiлася веданне асноў тапаграфii i арыентавання. Гэтую навуку курсанты таксама вывучалi. Уладзiмiр Свiрыдаў дапамог арганiзаваць выстаўку абмундзiравання i макетаў зброi тых часоў. Актыўны ўдзел у мерапрыемстве прыняў i Антон Ткачук, з якога, па сутнасцi, усё i пачалося. Тая школьная даследчыцкая работа абудзiла ў яго цiкавасць да Вялiкай Айчыннай вайны i выклiкала жаданне стаць гiсторыкам. Сёння ён — адзiн з рэканструктараў клуба «Бабруйскi рубеж» i падчас такiх мерапрыемстваў заўсёды апранае салдацкую гiмнасцёрку i галiфэ. На гэты раз Антон распрацаваў квэст па матывах ваенных падзей. Пераможнiкам на памяць засталiся кубачкi з эмблемамi танка Т-34 i танкiстаў. Быў арганiзаваны сапраўдны салдацкi абед на свежым паветры — з кашай, бутэрбродамi i гарбатай. Зараз Антон марыць пачысцiць тыя акопы, якiя ён знайшоў на месцы былых баёў, умацаваць iх i запрасiць на наступны год усiх ахвотных прасякнуцца тэмай абароны Бабруйска, каб яшчэ раз успомнiць пра подзвiг курсантаў мясцовага вучылiшча.

Дарэчы, мацi з сынам сёлета былi адзначаны ўзнагародамi за захаванне гiстарычнай памяцi i выхаванне падрастаючага пакалення. Антон атрымаў яшчэ i аналагiчную расiйскую ўзнагароду, а Валерыi Ткачук уручылi яшчэ i падзячнае пiсьмо ад Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь.

 У тэму

Мiкалай Барысенка, кiраўнiк Магiлёўскага абласнога гiсторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Вiккру», ваенны пiсьменнiк, гiсторык:

— Тэма абароны Бабруйска ў 1941 годзе, асаблiва што датычыцца ўдзелу ў ёй курсантаў ваенна-трактарнага вучылiшча, сапраўды да гэтага часу была мала вывучана нават ваеннымi гiсторыкамi. У 2016 годзе, калi я ў чарговы раз працаваў у Цэнтральным архiве Мiнiстэрства абароны Расiйскай Федэрацыi i заказаў палiтданясеннi i загады па асабовым складзе вучылiшча за 1941 год, мне iх не выдалi. Сакрэтна! Заслугоўвае ўсялякай падтрымкi i ўдзячнасцi практычная пошукавая работа рабят i iх кiраўнiка Валерыi Ткачук па высвятленнi дэталяў баявых дзеянняў з удзелам курсантаў вучылiшча падчас абароны Бабруйска. Важна, што яна робiцца не пад прымусам, а iдзе ад асабiстых шчырых пачуццяў i жаданняў. Менавiта такiм чынам, а не на лозунгах выхоўваюцца сапраўдныя патрыёты. Iмi становяцца толькi праз спасцiжэнне сапраўдных каштоўнасцяў ваеннай гiсторыi роднай зямлi.

Нэлi ЗIГУЛЯ

Фота з архiва Валерыi Ткачук

Загаловак у газеце: Невядомыя танкiсты з Бабруйска

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.