Вы тут

У Гомельскім раёне праверяюць, як гатовы да халадоў жылыя дамы


На пачатку ацяпляльнага сезона спраўнасць электраправодкi i пячнога ацяплення ў жылых дамах — на асаблiвым кантролi ўдзельнiкаў назiральных камiсiй. У Гомельскiм раёне першы прафiлактычны рэйд правялi па тэрыторыi Прыбарскага сельсавета.


У шасцi населеных пунктах пражывае амаль дзве тысячы чалавек. Каля шасцiсот дамоў у мясцовых вёсках — з пячным ацяпленнем. Такiя домаўладаннi, вядома, на асаблiвым кантролi назiральнай камiсii. У яе складзе — кiраўнiцтва Прыбарскага сельвыканкама, iнспектар раённага аддзела па надзвычайных сiтуацыях, супрацоўнiкi «Гомельаблгаза» i «Энерганагляду», участковы iнспектар мiлiцыi, а таксама сацыяльны i медыцынскi работнiкi.

Рэйд правялi перш за ўсё па домаўладаннях аграгарадка Прыбар. Галоўная задача — ацанiць стан пячнога, газавага абсталявання, спраўнасць дымаходаў i электраправодкi ў дамах, дзе пражываюць шматдзетныя сем'i, адзiнокiя пажылыя людзi, iнвалiды.

— На асаблiвым кантролi, безумоўна, таксама жыллё сем'яў, якiя знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становiшчы. Пастаянныя адрасаты падобных рэйдаў i домаўладальнiкi, якiя злоўжываюць спiртнымi напоямi, — расказвае старшыня Прыбарскага сельскага Савета Ірына Горленка. — Летась па некалькiх адрасах мелiся заўвагi па супрацьпажарным стане пячнога абсталявання, сутуацыя была ў мяне на кантролi. Трэба адзначыць, што людзi выправiлiся, печкi ў iх адрамантаваныя, перад гэтым ацяпляльным сезонам прэтэнзiй да iх не ўзнiкла, — дадала Iрына Вiктараўна.

Падчас прафiлактычнага рэйду, на шчасце, сур'ёзных парушэнняў выяўлена не было, адзначылi супрацоўнiкi МНС.

— У некаторых дамах, праўда, адсутнiчаў аўтаномны пажарны апавяшчальнiк, — звяртае ўвагу iнспектар Гомельскага РАНС Анатоль Дзiчкоўскi i тлумачыць, што пры аглядах домаўладанняў на неабходнасць устаноўкi гэтага прыбора звяртаюць асаблiвую ўвагу. У ходзе рэйду грамадзяне таксама былi праiнструктаваны аб правiлах пажарнай бяспекi пры эксплуатацыi пячнога ацяплення:

— Тапiць у печы варта два разы на суткi — ранiцай i ўвечары. Выкарыстоўваць няспраўнае пячное ацяпленне катэгарычна забараняецца, бо гэта наўпрост вядзе да ўзнiкнення пажару. Нi ў якiм разе нельга даручаць топку печы дзецям, — падкрэслiў iнспектар.

У Прыбары назiральная камiсiя завiтала ў дом пенсiянеркi Тамары Кучынскай. Жанчыне распавялi аб выяўленых недахопах у арганiзацыi супрацьпажарнай бяспекi i нагадалi, што iх трэба лiквiдаваць у найблiжэйшы час. Сацыяльны работнiк патэлефанавала дачцэ пенсiянеркi i папрасiла дапамагчы мацi ў гэтай справе.

Мiж тым супрацоўнiкi «Гомельаблгаза» i «Энерганагляду» праверылi ў доме жанчыны спраўнасць электраабсталявання i праводкi, газазабеспячэння.

— Работа назiральных камiсiй неадночы даказвала сваю эфектыўнасць, — падкрэслiваюць удзельнiкi рэйду. — Бо менавiта дзякуючы сумесным намаганням атрымлiваецца выявiць фактары, якiя пагражаюць бяспецы грамадзян, i своечасова iх лiквiдаваць.

Адна з галоўных задач назiральных камiсiй — прасачыць меры рэагавання па кожным факце парушэння бяспекi жыццядзейнасцi грамадзян. Такая форма кантролю асаблiва эфектыўная ў рабоце з грамадзянамi, якiя злоўжываюць алкаголем, вядуць асацыяльны лад жыцця, маюць запазычанасцi па камунальных паслугах.

Пераступiўшы парог домаўладання, суб'екты прафiлактыкi прыступаюць да сваёй работы: прадстаўнiкi «Гомельаблгаза» аглядаюць катлы, газавыя плiты i звяраюць дадзеныя лiчыльнiкаў, медыкi ўдакладняюць звесткi пра наведванне палiклiнiкi, спецыялiсты сацыяльнай службы расказваюць аб паслугах, якiя можа аказаць цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельнiцтва. На кантролi прадстаўнiкоў «Энерганагляду» — стан электрычнай праводкi, электрапрыбораў у доме i спраўнасць лiчыльнiкаў.

Дарэчы, у населеных пунктах таго ж Прыбарскага сельсавета работнiкi МНС назiраюць добрую тэндэнцыю: сёння больш за 80 % дамоў у мясцовых населеных пунктах аснашчаны аўтаномнымi пажарнымi апавяшчальнiкамi, месцiчы карыстаюцца таксама сiгналiзатарамi ўгарнага газу.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.