Вы тут

На Гомельшчыне ўзарвалі мост, які быў у аварыйным стане


Збудаванне размяшчалася на трасе М‑8, непадалёк ад населеннага пункта Бабовічі, што у Гомельскім раёне.


У сувязі з аварыйным станам рух па мосце праз раку Сож на трасе М‑8/Е 95 «граніца Расійскай Федэрацыі — Віцебск — Гомель — граніца Украіны» для ўсіх відаў транспарту закрылі яшчэ ў жніўні 2018 года. Летась увосень побач з аварыйным адкрылі новы мост. 

Каля трох месяцаў таму пачалі разбіраць старое збудаванне: знялі пралёты непасрэдна над Сожам. Цяпер надышла чарга зносу пралётаў над берагам. 

Выбуховыя работы праводзяць у два этапы. Перш за ўсё ўзарвалі пралёты злева па цячэнні ракі. Праз некалькі дзён адпаведныя дзеянні правядуць на правым беразе.

Для бяспекі людзей рух транспарту па мосце на час правядзення работ спынілі, а навокал выставілі два дзясяткі пастоў выратавальнікаў.

— Выбухатэхнікамі міністэрства па надзвычайных справах быў абследаваны дадзены аб’ект, распрацаваны праект па правядзенні выбуховых работ і ўжо потым спецыялісты прыступілі да выканання задання, — патлумачыла афіцыйны прадстаўнік Гомельскага абласнога упраўлення МНС Ксенія Шынгірэй. — Трэба адзначыць, што стаяла задача — правесці работы з ювелірнай дакладнасцю, таму што зусім побач новае збудаванне, а таксама жылыя дамы населеннага пункта.

Жалезабетонныя рэшткі, якія ўтварыліся пасля выбуху, у бліжэйшы час разбяруць і перапрацуюць у сыравіну з далейшым выкарыстаннем.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота, відэа: newsgomel.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.