21 кастрычніка, серада

Вы тут

З якімі страхамі звяртаюцца беларусы па дапамогу да псіхолага


Многiя беларусы сёння з трывогай назiраюць за навiнамi аб «другой хвалi» каранавiруса, якая чакаецца гэтай восенню. Людзi ўсё больш маюць патрэбу раздзялiць свае трывогi са спецыялiстамi, каб нармалiзаваць свой псiхалагiчны стан. Для дапамогi такiм людзям у Мiнскiм гарадскiм цэнтры сацыяльнага абслугоўвання сям'i i дзяцей працуе тэлефонная лiнiя экстраннай псiхалагiчнай дапамогi. З якiмi праблемамi людзi звяртаюцца па дапамогу i як самастойна справiцца з трывожнымi думкамi, расказала псiхолаг цэнтра Вольга МАСКАЛЕНКА.


— Лiнiя экстраннай псiхалагiчнай дапамогi была створана яшчэ напачатку эпiдэмii covid-19, як толькi ў грамадстве павысiлася трывожнасць i з'явiлiся страхi. На базе цэнтра ёсць аддзяленне першаснай крызiснай дапамогi, менавiта туды трапляе званок. Псiхолаг падчас размовы з чалавекам iдэнтыфiкуе, што з iм адбываецца, цi знаходзiцца ён у крызiсным стане або ў сiтуацыi хатняга гвалту i, пасля размовы, накiроўвае да патрэбнага спецыялiста.

— Цi актыўна людзi карыстаюцца такой дапамогай?

— Былi днi, калi людзi тэлефанавалi суцэльным патокам i мне даводзiлася нават перазвоньваць на працягу гадзiны, бо яшчэ не скончыла размову з папярэднiм абанентам. Але бывалi i днi, калi наогул не было званкоў. На самай справе, пасля аказання першаснай псiхалагiчнай дапамогi людзi могуць прыйсцi на кансультацыю ў цэнтр. Дапамогу нашы спецыялiсты аказваюць бясплатна, таму, каб трапiць на кансультацыю, трэба пачакаць два-тры тыднi.

— З якiмi пытаннямi часцей за ўсё звяртаюцца на лiнiю?

— Самыя распаўсюджаныя званкi — ад бацькоў падлеткаў. Досвед паказвае, што пераходны ўзрост дзяцей — вельмi трывожны час для бацькоў. Таксама нярэдка звяртаюцца жанчыны, якiя знаходзяцца ў няпростай жыццёвай сiтуацыi, беларусы, у якiх канфлiкты ў пары. Нярэдка звяртаюцца i людзi з той або iншай залежнасцю. I, канешне, тэлефанавалi абаненты з павышанай трывожнасцю ў сувязi з вiрусам.

Беларусы пiк вiруса перажывалi па-рознаму: адны выходзiлi на вулiцу спакойна, апранаючы маскi i пальчаткi, iншыя абмежавалi кантакты з людзьмi i практычна не выходзiлi з дому, а трэцiя наогул не звярталi ўвагу на хваробу. Памятаю званок цяжарнай, якая ў сувязi з жыццёвымi абставiнамi не магла сабе дазволiць абмежаваць кантакты, але ёй яшчэ даводзiлася супакойваць трывожнага мужа, бо ён хацеў, каб яна з'ехала на дачу. Ёй было вельмi няпроста справiцца з перажываннямi сужэнца з нагоды яе стану.

Праблемы ўзнiкалi ў людзей i з-за дыстанцыi, якую рэкамендавалi трымаць дактары. Многiм у той перыяд было цяжка ўтрымаць межы, i гэта вызывала трывогу i пачуццё бездапаможнасцi. Напрыклад, у краме некаторыя людзi не трымалi дыстанцыю, i гэта турбавала тых, хто ўсё ж выконваў правiлы бяспекi. Звычайна людзi, што клапацiлiся аб гэтым, рабiлi заўвагу iншым, але нярэдка ў адказ атрымлiвалi агрэсiю. У вынiку трывожнасць павышалася не з-за вiруса, а з-за абразы.

На самай справе трывожнасць — рэакцыя на пэўныя перажываннi рэальнай цi меркаванай небяспекi, якiя праяўляюцца ў целе. У стане трывожнасцi актывiзуецца найбольш старажытная частка галаўнога мозга. Яе асаблiвасць у тым, што яна вызывае рэакцыю «бi, бяжы, замры». I чалавек у такiм выпадку альбо б'е, альбо замiрае, альбо ўцякае. Звычайна тыя, у каго савецкае мiнулае, часцей замiраюць. Чалавек, якi «замёр», быццам бы затрымлiвае дыханне, нiбыта падвiсае, каб ацанiць сiтуацыю, сабрацца i зразумець, што адбываецца. Гэта потым дапамагае адэкватна пачаць дзейнiчаць. Але праблема ў тым, што калi чалавек не змог адаптавацца i па-ранейшаму адчувае павышаную трывогу, то з часам у яго могуць развiцца панiчныя атакi. Увогуле павышаная трывожнасць на працягу доўгага часу небяспечная для здароўя ў цэлым, таму што ўнутраныя органы не могуць нармальна функцыянаваць у такiм стане, iмунiтэт знiжаецца i да чалавека чапляюцца розныя хваробы.

— На вуліцах беларускіх гарадоў зараз неспакойна, ці паступаюць званкі ў сувязі з гэтым?

— Зваротаў з нагоды сітуацыі ў краіне няшмат. Але гэта хутчэй за ўсё звязана з тым, што вельмі многія псіхолагі, якія працуюць ў прыватных цэнтрах ці самастойна, сталі валанцёрамі і аказваюць дапамогу ўсім бясплатна. Сёння як ніколі супольнасць псіхолагаў актывізавалася і гатова дапамагаць.

— Цi магчыма ўвогуле пазбавiцца ад трывожнасцi?

— Трывожнасць з'яўляецца ахоўнай функцыяй арганiзма. У старажытнасцi яна была патрэбна чалавеку, каб яго не з'елi, а цяпер — каб мы проста маглi бяспечна iснаваць. Трывога з намi назаўжды, i яна павiнна быць у сiтуацыях рэальнай небяспекi, але гэтае пачуццё трэба рэгуляваць, каб быць псiхiчна здаровым. Важна навучыцца фiксаваць i асэнсоўваць свой стан. Калi адчуваеце, што думкi «паляцелi» i трывога павысiлася, трэба нiбыта «вярнуць сябе на зямлю», напрыклад, памацаць сябе рукамi, патупаць нагамi. Трэба пастарацца вярнуцца з «трывожнай будучынi» ў рэальнасць.

— Многiя беларусы з неспакоем чакаюць другую хвалю каранавiруса. Вы сказалi, што пры павышаннай трывозе ў людзей знiжаецца iмунiтэт. Цi значыць гэта, што такiя людзi больш схiльныя да вiруса COVID-19?

— Я лiчу, да хваробы схiльныя ўсе. Але ўсё ж людзi, якiя лёгка пачынаюць трывожыцца, з гэтай нагоды павiнны разумець, што мы можам паўплываць у сваiм жыццi толькi на тыя рэчы, якiя ад нас залежаць. Мы не ўплываем на прыход «другой хвалi» вiруса. Можна насiць маску i пальчаткi, утрымлiваць дыстанцыю, мыць рукi i ў рэшце рэшт не выходзiць з дому. Рабiць усё, што патрабуе сiтуацыя, i не страчваць надзею.

Наталля ТАЛIВIНСКАЯ


Тэлефонная лiнiя экстраннай псiхалагiчнай дапамогi ад Мiнскага гарадскога цэнтра сацыяльнага абслугоўвання сям'i i дзяцей i анлайн-кансультаванне для грамадзян, якiя знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сiтуацыi:

+375 (17) 318-32-32;

+375 (29) 367-32-32 (А1);

+375 (33) 603-32-32 (МТС);

Skype: socialfamilyhelp.

Дыстанцыйнае кансультаванне: панядзелак — пятнiца з 9.00 да 20.00 (субота i нядзеля — выхадныя).

Загаловак у газеце: Вярнуцца ў рэальнасць, цi як пераадолець свае страхi

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як правільна суперажываць блізкім? Чаму не працуе звычайнае «Вазьмі сябе ў рукі!»?

Як правільна суперажываць блізкім? Чаму не працуе звычайнае «Вазьмі сябе ў рукі!»?

У падтрымцы звычайна маюць патрэбу ўсе жывыя людзі ў складаныя перыяды жыцця.

Культура

Франтавiк Мiхаiл Чэпiк эксперыментаваў з аэражывапiсам

Франтавiк Мiхаiл Чэпiк эксперыментаваў з аэражывапiсам

Як хлапчук з беларускай глыбiнкi здолеў паступiць у Маскоўскае мастацкае вучылiшча iмя Калiнiна?

Грамадства

Экс вiцэ-прэм'ер Уладзiмiр Дражын: Галоўнае — не разбурыць, а захаваць i працягнуць работу

Экс вiцэ-прэм'ер Уладзiмiр Дражын: Галоўнае — не разбурыць, а захаваць i працягнуць работу

Аб альтэрнатыве клайпедскаму порту, рэканструкцыi Нясвiжскага палаца i роднай мове падчас сямейных сустрэч.