Вы тут

Беларускія гісторыкі абмеркавалі ўрокі ўз'яднання Заходняй Беларусі і БССР


Напярэдадні 17 верасня ў сценах рэдакцыі газеты «Звязда» адбылося абмеркаванне падзей восені 1939 года вучонымі Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Дырэктар, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Вячаслаў Даніловіч, загадчык цэнтра новай і навейшай гісторыі Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Мікалай Смяховіч і загадчык аддзела навейшай гісторыі Беларусі, кандыдат гістарычных навук Сяргей Траццяк казалі пра тое, як важна глядзець на падзеі нашай гісторыі менавіта вачыма беларусаў, пры гэтым заставацца аб'ектыўнымі і не забываць пра вынесеныя ўрокі.


Вячаслаў Даніловіч: Уз'яднанне Заходняй Беларусі з БССР восенню 1939 года мае велізарнае значэнне для гісторыі Беларусі, беларускага народа і сучаснай беларускай дзяржавы. Без гэтага не было б сучаснай Рэспублікі Беларусь у такім фармаце, які мы маем. Гэтай падзеяй была адноўленая гістарычная справядлівасць пасля несправядлівага падзелу беларусаў згодна з Рыжскай мірнай дамовай.

Мікалай Смяховіч: У 1918 годзе польскія палітычныя колы палічылі, што настаў гістарычны момант, які дае магчымасць аднавіць межы Рэчы Паспалітай да яе падзелаў, але не ўлічылі, што з таго часу этнанацыянальнае становішча кардынальным чынам змянілася. Паняцце беларусы, беларускасць, беларушчына, беларуская нацыя для палякаў XVІІІ стагоддзя было навіной. Яны не пагаджаліся з гэтымі тэрмінамі і лічылі, што тут пражываюць палякі або апалячанае насельніцтва. Ігнаруючы рост беларускай нацыянальнай самасвядомасці, выспяванне беларускай нацыянальнай ідэі, якая рэалізавалася ў форме БНР і БССР, польскія колы, падтрыманыя Антантай, выкарысталі гістарычны момант і ажыццявілі свае стратэгічныя планы па стварэнні новай геапалітычнай рэальнасці пад называй Другая Рэч Паспалітая.

Вячаслаў Даніловіч: З нашага пункту гледжання гэты тэрмін не зусім прымальны, бо Рэч Паспалітая была рэспублікай двух народаў. У разглядаемы ж час кіраўніцтва Польшчы аднаўляла адназначна польскую дзяржаву. Таму не зусім карэктна ўжываць тэрмін Другая Рэч Паспалітая.

Мікалай Смяховіч: Польскі бок падчас вайны захапіў Мінск. Калі вывучаеш дакументы акупацыйнага рэжыму, то разумееш, што так, стваралі бальніцы, школы, разглядалі мясцовае самакіраванне... Але ні ў адным дакуменце акупайцыйных улад Мінска не было наймення «беларусы».

Вячаслаў Даніловіч: Даходзіла да таго, што калі чалавек хацеў атрымаць нейкую дапамогу, ён звяртаўся да ўлад і яму казалі: «Запісвайся палякам, атрымаеш». У польскім нацыянальным руху, які выступаў за адраджэнне польскай дзяржавы панавала наступная канцэпцыя — беларусы і ўкраінцы не з'яўляюцца гістарычнымі нацыямі, не маюць права на сваю гісторыю, дзяржаву і падлягаюць асіміляцыі.

Сяргей Траццяк: Сітуацыя лістапада—снежня 1918 года і ў савецкім кіраўніцтве, і ў польскім пачала разглядацца як гонка да заняцця рубяжоў і пунктаў на спрэчных тэрыторыях. Тое, што тут ёсць беларусы, літоўцы і ўкраінцы, не прымалася пад увагу. Савецкі бок разглядаў тэрыторыі з пункту гледжання таго, што тут неабходна стварыць буферныя дзяржавы, якія аддзеляць Савецкую Расію ад агрэсіўнай Польшчы, на тэрыторыі якіх можна будзе весці вайну і ў выпадку чаго імі можна будзе ахвяраваць.

Менавіта такі інструментальны падыход быў ужыты савецкім урадам пры стварэнні і Літоўскай Савецкай Рэспублікі, і ССРБ. Ні Савецкая Расія, ні Польшча вайны адзін аднаму не аб'явілі. Тое, што баявыя дзеянні афіцыйна вяліся на тэрыторыі фармальна незалежных рэспублік савецкай краіны, шмат каму з расійскіх даследчыкаў дагэтуль дае падставу сцвярджаць: вайна з Польшчай для Савецкай Расіі пачалася толькі ў 1920 годзе атакай на Мазыр і Кіеў. Гэта аднак далёка не так.

Падчас баявых дзеянняў у 1919—1920 гадах Юзаф Пілсудскі заяўляў, што вядзецца вайна не толькі за адраджэнне Вялікай Польшчы, вядзецца вайна за стварэнне Усходнееўрапейскай Федэрацыі, у якой Польшча будзе гегемонам. Што датычыцца тэрыторыі Беларусі, то Пілсудскі быў гатовы стварыць марыянетачную Беларускую рэспубліку на тэрыторыі Мінскай губерні.

Урэшце ў 1920 годзе, калі Савецкая Расія паспрабавала не толькі адбіць страчанае, але і прывесці на штыках пралетарскую рэвалюцыю ў Еўропу, беларусы аказаліся паміж двух варожых агнёў. Рыжскі мірны дагавор падпісваўся і распрацоўваўся без удзелу прадстаўнікоў Беларусі. У Рызе былі беларускія дэлегацыі, аднак на кантакт прадстаўнікі Савецкай Беларусі і БНР пайшлі, калі стала відавочна: мір за кошт Беларусі ўжо прадвызначаны і нічога спыніць нельга.

Мікалай Смяховіч: У 1920—1921 гадах у Расіі склалася крызісная ўнутрыпалітычная сітуацыя. Перад бальшавіцкім урадам паўстала пытанне: ці ваяваць на два франты (унутры з сялянскім антыбальшавіцкім рухам і на Заходнім фронце), ці ахвяраваць тэрыторыяй Беларусі і Украіны ў імя выратавання ўлады і стабілізацыі палітычнага становішча. Дарэчы, Ленін Рыжскі мірны дагавор назваў пачэсным і справядлівым для Расіі. І ў савецкай гістарыяграфіі імкнуліся ўвесь час не заўважаць гэтага азначэння, бо было зразумела — ён імперыялістычны і несумленны.

«Нічога ўзамен не даваць»

Сяргей Траццяк: У Заходняй Беларусі ў шмат якіх тэндэнцыях працягнулася тое, што заклалі яшчэ да Першай сусветнай вайны. У прыватнасці, тут не было крутой сацыяльна-эканамічнай ломкі інстытутаў. Існавалі сацыяльныя інстытуты, закладзеныя яшчэ да Першай сусветнай вайны, праўда з пэўнай пераафарбоўкай. Іншая справа, што Заходняя Беларусь была ў няроўных умовах з Беларуссю Савецкай. Прытым, што Савецкая Беларусь у 1921 годзе — гэта агрызак Мінскай губерніі з шасці паветаў. Але гэта была беларуская дзяржава, вакол якой імкнуліся аб'яднацца беларускія тэрыторыі. У 1924-м, 1926 гадах адбылося першае вялікае ўз'яднанне беларускага народа, гэта дало магчымасць дадаць і эканамічных, і палітычных, і сацыяльна-культурных магчымасцяў для развіцця.

У Заходняй Беларусі ў той момант адсутнічала нават куцая тэрытарыяльная, гаспадарчая, культурная аўтаномія. Польскі ўрад адразу ўзяў курс на апалячванне. Беларускі народ лічылі глінай у моцных руках. Палітыка асіміляцыі праводзілася гвалтоўнымі метадамі. Было так, што сяляне па законе ў 1921 годзе зямлі фактычна не атрымалі.

Парцэляцыя ў Заходняй Беларусі праходзіла за кошт саміх сялян. Яны павінны былі аплаціць работу землеўладкавальных камісій, каморнікаў, аплаціць за свой кошт перанос гаспадарчых пабудоў. Побач з парцэляцыяй праводзілася камасацыя — сяленне гаспадарак на хутары. Атрымалася, што ў беларускай вёсцы 2/3 гаспадарак былі карлікавыя, якім не хапала прадукцыі сваёй вытворчасці для спажывання. Людзі вымушаны былі працаваць на кабальных умовах у памешчыцкіх гаспадарках і гаспадарках сялянскіх прадпрымальнікаў.

Вячаслаў Даніловіч: Такое становішча прыводзіла да абвастрэння сацыяльнага руху, пратэсных выступленняў сялян. Да складанага сацыяльнага становішча дадаваўся яшчэ нацыянальны ўціск. Хоць па Рыжскім мірным дагаворы Польшча ўзяла на сябе абавязак забяспечваць інтарэсы нацыянальных меншасцяў. Увогуле Польшча была шматнацыянальнай дзяржавай — 36 працэнтаў жыхароў складалі непалякі. У першай палове 1920-х гадоў беларускі нацыянальны рух пачаў вельмі актыўна развівацца ў форме ўзброенай барацьбы партызанскіх атрадаў, якія арганізоўвалі эсэры і камуністы пры падтрымцы насельніцтва.

Адначасова ажыццяўлялася адстойванне правоў беларусаў праз парламенцкія выбары, стварэнне Беларускага пасольскага клуба дэпутатаў. Таксама можна нагадаць заснаванне Таварыства беларускай школы, якое займалася забеспячэннем нацыянальнай адукацыі. Нявырашанасць сацыяльных праблем прывяла да таго, што беларускі нацыянальны рух схіляўся ў левы бок. Больш папулярнымі сталі ідэі Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, што дзейнічала ў падполлі. Найбольш яскравым уздымам нацыянальнага руху лічыцца дзейнасць Беларускай сялянска-работніцкай грамады ў 1925—1927 гадах. Але з прыходам да ўлады Юзафа Пілсудскага ў 1926 годзе пачынаецца палітыка «санацыі» — яна мела на мэце ўзмацненне ціску на нацыянальна-вызваленчы рух.

Мікалай Смяховіч: Звярну ўвагу на звычайнае жыццё. Існаванне беларусаў у складзе Польшчы дало практычныя гістарычныя ўрокі, якія адклаліся ў іх генетычнай памяці. Мой бацька хадзіў два класы ў польскую школу. Ён расказваў: настаўнікі так здзекаваліся з беларускіх дзяцей, што ён два гады ледзь вытрымаў. У нашага старэйшага пакалення ў свядомасць увайшло прыняцце палякаў як ворагаў у нацыянальных адносінах.

Выніковы дакумент Народнага сходу Заходняй Беларусі.

У плане працы магчымасці ўсё ж былі. Але вось нацыянальны прыгнёт, калі праваслаўных і беларусаў не лічылі за людзей, у нашага народа ўкараніўся ў кроў. Таму асноўная маса насельніцтва, незалежна ад сацыяльнага становішча, вітала вызваленчы паход Чырвонай Арміі. Такім чынам, і сацыяльныя, і нацыянальныя фактары ляжалі ў аснове вызваленчага паходу.

Вячаслаў Даніловіч: Паказальна, што палітыка паланізацыі да 1939 года не была завершана. Гэта гаворыць аб тым, што, з аднаго боку, беларускае насельніцтва мела моцны ўнутраны стрыжань і людзі не паддаваліся. З іншага — калі б не адбыліся падзеі восені 1939 года, думаю, польскія ўлады не адмовіліся б ад яе. Беластоцкі ваявода Асташэўскі ў чэрвені 1939 года пісаў наступнае: «...Мы жадаем аднаго і настойліва патрабуем, каб гэта нацыянальная меншасць (беларусы. — Даніловіч) думала па-польску — нічога ўзамен не даваць і нічога не рабіць у іншым кірунку. Зараз яшчэ можна беларусаў асіміляваць у адзінае рэчышча польскай культуры. Рана ці позна беларускае насельніцтва будзе паланізаванае».

Урэшце з'явілася б шмат праваслаўных палякаў на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Тое, што зараз мы бачым, напрыклад, на Беласточчыне. Праваслаўныя палякі — гэта фактычна ўкраінцы і беларусы, якія захавалі веру, а ўсведамляюць сябе як частку польскага народа, і гэта вынік асіміляцыі.

«Наша справа — вынесці ўрокі»

Вячаслаў Даніловіч: Хачу звярнуць увагу на геапалітычны кантэкст, у якім адбыўся паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь у 1939 годзе. Напачатку 1930-х гадоў у Германіі да ўлады прыходзіць нацысцкая партыя, якая вельмі імкліва пачынае адраджаць эканамічны і ваенны патэнцыял краіны. Гэта адбывалася пры велізарнай падтрымцы звонку, у першую чаргу, фінансавых капіталаў заходніх краін, Злучаных Штатаў Амерыкі, якія былі зацікаўленыя ва ўмацаванні Германіі і бачылі ў ёй сілу, якую можна накіраваць супраць Савецкага Саюза.

Яскравы прыклад такой падтрымкі — Мюнхенскае пагадненне 1938 года. Да гэтага быў праведзены аншлюс Аўстрыі Германіяй. Далей былі прэтэнзіі Гітлера да Чэхаславакіі, дзе пражывала значная колькасць нямецкай меншасці. Сама па сабе Чэхаславакія была вельмі моцнай еўрапейскай краінай, з моцнымі ўзброенымі сіламі. Калі б дайшло да вайны, Германіі вельмі цяжка было б захапіць Чэхаславакію, тым больш што ў апошняй была дамова аб дапамозе з СССР.

Дарэчы, Савецкі Саюз праяўляў мірныя ініцыятывы, заклікаў да раззбраення, стварэння сістэмы калектыўнай бяспекі супраць Германіі і яе саюзнікаў, якія праводзілі агрэсіўную палітыку. Але далей перамоў нічога не зрушвалася. Мюнхенскае пагадненне фактычна засведчыла гатоўнасць з боку заходніх краін да любых саступак для Германіі, каб тая рухалася ва ўсходнім напрамку. У выніку ў 1938 годзе адбыўся падзел Чэхаславакіі, у якім узяла ўдзел і Польшча.

Вяду да таго, што пакт Рыбентропа—Молатава не з'яўляўся нечым неардынарным для тагачаснай палітыкі. Такіх пактаў мелася дастатковая колькасць. СССР быў апошняй еўрапейскай краінай, якая падпісала дагавор аб ненападзенні з нацысцкай Германіяй. Яшчэ ў 1934 годзе гэта зрабіла Польшча, у 1938 годзе — Вялікабрытанія і Францыя, да жніўня 1939 года — усе прыбалтыйскія краіны і Данія. Заключаны пакт быў па ініцыятыве германскага боку, а Савецкі Саюз фактычна быў вымушаны пайсці на гэты крок, таму што з заходнімі дэмакратыямі так і не ўдалося дамовіцца аб стварэнні сістэмы калектыўнай бяспекі, а вайну трэба было нейкім чынам адцягнуць.

Сакрэтны пратакол да пакта Рыбентропа—Молатава прадугледжваў, што пад савецкі ўплыў адыходзілі Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна. Савецкі Саюз бачыў сваю місію ў тым, каб аб'яднаць падзеленыя нацыі, і каб абараніць іх, калі адбудуцца ваенныя дзеянні і Польская дзяржава прыйдзе да распаду.

Сяргей Траццяк: Кажучы пра геапалітычныя перадумовы ўз'яднання, трэба ўспомніць, што Польшча з 1933 да пачатку 1939 года была вельмі цесным партнёрам нацысцкага рэйху. Пасля таго, як у 1933 годзе Германія пакінула Лігу Нацый, яна ўзяла на сябе клопат аб германскіх інтарэсах. Дагавор аб ненападзенні 1934 года, у адрозненне ад пакта Рыбетропа—Молатава, па сутнасці быў дагаворам аб супрацоўніцтве.

Той жа канцлагер у Барозе-Картузскай быў створаны дэкрэтам прэзідэнта Польшчы ў 1934 годзе на ўзор канцлагераў нацысцкай Германіі. Паміж Польшчай і Германіяй быў наладжаны вельмі актыўны абмен разведвальнай інфармацыяй. Польшча нават разглядалася і савецкім кіраўніцтвам, і кіраўніцтвам англа-французскага блока ў 1934—1938 гадах як найбольш верагодны ваенны праціўнік. Тут трэба заўважыць, што ў Польшчы быў неўрэгуляваны тэрытарыяльны канфлікт з Літвой. Менавіта Літва разглядалася польскім урадам як першы і асноўны праціўнік, і першая краіна, з якой можна будзе зрабіць аншлюс.

Аншлюс Аўстрыі прывёў да таго, што ў самой Польшчы пачаліся заклікі да паходу на Коўна. У выніку Літве выкруцілі рукі і прымусілі яе прызнаць факт захопу Вільні і падпісаць мірнае пагадненне з Польшчай. Таму што і Савецкі Саюз, і Германія ўхіліліся ад падтрымкі Літвы. Не дзіўна, што Польшча прыняла актыўны ўдзел у расчляненні Чэхаславакіі, таму што і тут быў тэрытарыяльны канфлікт з-за Сілезіі.

Для Польшчы званочак празвінеў тады, калі Гітлер пасля канчатковага паглынання Чэхаславакіі выставіў тэрытарыяльныя прэтэнзіі ўжо ёй. Атрымалася тое, пра што Уінстан Чэрчыль у сваіх успамінах зазначаў: мы былі вымушаны гарантаваць бяспеку краіне, якая нагадвала вар'ятаў на парахавым заводзе. Менавіта пазіцыя Польшчы прывяла да зрыву планаў паходу Чырвонай Арміі на дапамогу Чэхаславакіі ў 1938 годзе. Польшча заявіла, што савецкія войскі не прапусціць і нават пачала ваенныя манеўры ва ўсходніх ваяводствах і канцэнтрацыю войскаў на польска-савецкай мяжы. Праз гэта паход Чырвонай Арміі на дапамогу Чэхаславакіі выліўся б у савецка-польскую вайну.

У 1939 годзе менавіта нежаданне Польшчы прапусціць савецкія войскі праз сваю тэрыторыю для баявых дзеянняў з Германіяй прывяло да тарпедавання перагавораў паміж СССР, Вялікабрытаніяй і Францыяй у Маскве аб заключэнні антыгерманскага ваеннага пакта. У прынцыпе, польскі ўрад тут меў рацыю, бо ўступленне савецкіх войскаў на тэрыторыю Польшчы, нават калі яны прыходзяць не як праціўнікі, а як праходзячыя саюзнікі, прывяло б да незапланаваных наступстваў ва ўсходніх ваяводствах.

У верасні 1939 года, калі пачалася Другая сусветная вайна, і калі Польская дзяржава пала нечакана хутка (разлік быў на тое, што польскія войскі пратрымаюцца два-тры месяцы, а абарона на лініі Віслы можа для немцаў стаць моцным арэшкам, але польская армія была разгромленая ў прыгранічных баях за тыдзень, і далей пачалася агонія дзяржавы), савецкае кіраўніцтва вымушана было мяняць на хаду ўсе свае планы адносна еўрапейскага тэатра ваенных дзеянняў. Гэта зрабіла і паход у Заходнюю Беларусь непазбежным.

Мікалай Смяховіч: Усе намаганні прадузятых гісторыкаў выставіць Савецкі Саюз вінаватым за развязванне Другой сусветнай вайны праз абвінавачванне ў падпісанні пакта Рыбентропа—Молатава пад сабой не маюць ніякай падставы і ніколі не будуць прызнаныя навуковымі.

Па-першае, перад Савецкім Саюзам пасля правалу перагавораў з Англіяй і Францыяй пра стварэнне сістэмы калектыўнай бяспекі паўстала пытанне — што рабіць далей у геапалітычных адносінах? Адмова ад падпісання пакта аб ненападзенні з Германіяй азначала б тое, што Савецкі Саюз рыхтуецца да агрэсіі супраць Германіі. Але ў 1939 годзе ні ў эканамічных, ні ў палітычных, ні ў ваенных адносінах савецкая дзяржава да вайны была непадрыхтаваная. Падпісанне дамовы дазваляла адцягнуць вайну. Падпісанне сакрэтнага пратакола таксама адпавядала інтарэсам савецкай дзяржавы.

Больш за тое, з пункту гледжання беларускай дзяржаўнасці, не мае значэння, якія гістарычныя падзеі прывялі да нацыянальнага ўз'яднання. У 1921 годзе тэрыторыя БССР была падзеленая без удзелу беларусаў, і ў 1939 годзе беларусаў зноў не спыталі. Але, калі мы ацэньваем значнасць гістарычных падзей з пункту гледжання беларускай дзяржаўнасці, то Рыжскі дагавор — нацыянальная трагедыя, а паход Чырвонай Арміі 1939 года — аднаўленне гістарычнай справядлівасці. Для нас важна, якія наступствы для беларусаў мела гэта падзея. Наўрад ці падчас падпісання пагаднення аб ненападзенні савецкаму кіраўніцтву было вядома пра сапраўдныя мэты і далейшыя планы Германіі.

Мы, як гісторыкі, не маем права асуджаць, наша справа — вынесці ўрокі. У гэтым выпадку ўрок наступны: калі адбыўся несправядлівы гістарычны акт у адносінах да якога-небудзь народа, то рана ці позна несправядлівасць будзе ліквідаваная. Гэта трэба памятаць і сучасным палітыкам. На трагедыі народа ніхто ніколі не атрымліваў і не атрымае ніякіх дывідэндаў. Толькі мір і згода паміж народамі можа мець станоўчы вынік.

Нядаўна, успамінаючы герояў Вестэрплатэ, польскія палітычныя дзеячы казалі, што тыя змагаліся супраць агрэсіі германскай і супраць агрэсіі савецкай. Гэта — прыклад рэваншызму і непрызнання вынікаў Другой сусветнай вайны. Калі яны на адзін бок ставяць нацысцкую Германію і Савецкі Саюз, абвінавачваючы і першых, і другіх у развязванні Другой сусветнай вайны, то тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Беларусі відавочныя.

Вячаслаў Даніловіч: На тэрыторыі Заходняй Беларусі, па падліках польскіх гісторыкаў, адбылося толькі каля 40 сутычак паміж Чырвонай Арміяй і польскімі ўзброенымі фарміраваннямі. Калі б большасць насельніцтва выступала супраць Чырвонай Арміі, відавочна, разгарнуўся б і партызанскі рух, але гэтага не адбылося.

Так, далёка не ўсё насельніцтва станоўча ўспрыняло прыход савецкай улады. У першую чаргу, гэта былі заможныя людзі, асаднікі, дзяржслужачыя. У выніку было прынята рашэнне аб перасяленні такіх асоб разам з сем'ямі (усяго каля 120 тысяч чалавек) з Заходняй Беларусі ўглыб Савецкага Саюза. Гэта трагедыя, але крок быў вымушаны.

Сяргей Траццяк: Падчас вераснёўскіх падзей 1939 года польскае кіраўніцтва і шараговыя палякі з непрыемным здзіўленнем убачылі, што для пераважнай большасці насельніцтва «крэсаў усходніх» Польшча не з'яўляецца бацькаўшчынай сваёй. Яна для іх чужая бацькаўшчына. Адзін з твораў беларускай літаратуры і кінематаграфіі пра знаходжанне Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы так і называецца — «Чужая бацькаўшчына».

Вячаслаў Даніловіч: Сам працэс уз'яднання адбыўся дэмакратычным шляхам. Рашэнне было прынятае на Народным сходзе Заходняй Беларусі, які звярнуўся да савецкай улады з адпаведнай просьбай. Большасць на гэтым сходзе складалі беларусы, але і па факце большасць насельніцтва Заходняй Беларусі была прадстаўленая беларусамі. Гэты працэс завяршыўся 14 лістапада 1939 года, калі Вярхоўны Савет БССР прыняў адпаведны закон.

...І як гэта — вярнуць адзінства

Сяргей Траццяк: Для беларусаў падзеі 1921—1941 гадоў — гэта гісторыя таго, як гэта — жыць падзеленаму народу, і як гэта — адчуць, што, нарэшце, і народ адзіны, і беларуская дзяржава адзіная. У беларускіх гарадах, сёлах ёсць вуліцы, якія носяць імёны актыўных удзельнікаў нацыянальна-вызваленчага руху, у першую чаргу камуністаў Заходняй Беларусі. Аднак пытанне мемарыялізацыі тых падзей, якія засведчылі перад беларусамі і ўсім светам, што народ Заходняй Беларусі не скарыўся і змагаецца за сваё права людзьмі звацца — патрабуе большай увагі ад улады і грамадства.

Дагэтуль няма ў Беларусі помніка найвыдатнейшаму дзеячу беларускага нацыянальнага вызваленчага руху Браніславу Тарашкевічу — чалавеку, які ўзначаліў Беларускую сялянска-работніцкую грамаду. І гэта несправядліва.

Народны сход Заходняй Беларусі 30 кастрычніка 1939 года абвясціў дзень 17 верасня Днём вызвалення працоўных Заходняй Беларусі ад гнёту буржуазіі і памешчыкаў. У такім статусе гэты дзень быў адсвяткаваны ў 1940 годзе, а потым была вайна.

Пасля вайны шмат чаго змянілася. Польская Народная Рэспубліка стала важным ваенным і палітычным саюзнікам Савецкага Саюза, і было прынятае рашэнне не крыўдзіць палякаў, не растраўліваць іх раны, пра што вельмі прасілі і самі польскія кіраўнікі.

Тут трэба заўважыць, што менавіта кіраўніцтва Польскай Народнай Рэспублікі падчас прэзідэнцтва Баляслава Берута давяло палітыку нацыянальнай асіміляцыі да лагічнага канца: у першапачатковым варыянце Канстытуцыі нават адсутнічала згадка пра тое, што ў Польшчы ёсць непалякі. І калі пры Уладзіславу Гамулку высветлілася, што з 30 мільёнаў жыхароў ПНР кожны 30-ы — непаляк, гэта ў Польшчы выклікала адчуванне вылітай на галаву халоднай вады.

Апошні раз на дзяржаўным узроўні ў БССР дзень 17 верасня святкаваўся ў 1949 годзе — у дзясятую гадавіну пачатку паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь. Пасля — толькі ў заходнім рэгіёне і максімальна сціпла. У выніку адбылася стыгматызацыя 17 верасня ў гістарычнай памяці палякаў, густа замешаная на гістарычным рэваншызме, і негатыўная міфалагізацыя гістарычнай памяці беларусаў, у першую чаргу, беларускай інтэлігенцыі. Для апошняй на першы план выйшлі рэпрэсіі 1939—1940 гадоў супраць некамуністычных беларускіх нацыянальна-палітычных сіл.

У 1989 годзе ветэраны Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, сярод якіх трэба адзначыць і народнага паэта Беларусі Максіма Танка, узнялі пытанне аб тым, каб адзначаць гэту падзею на нацыянальным узроўні. Яны прапанавалі ўсталяваць у Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы агульнадзяржаўнае свята — Дзень уз'яднання Заходняй Беларусі з БССР. Пытанне разглядалася ў Вярхоўным Савеце БССР, і ўрэшце 11 студзеня 1990 года Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР выдаў указ, які вызначыў Дзень уз'яднання ў якасці святочнага, і абвясціў гэтым днём 14 лістапада — дзень прыняцця на ІІІ пазачарговай сесіі Вярхоўнага Савета БССР адпаведнага закона. У 1991-м свята ўжо не адзначалася, бо кардынальна змянілася палітычная сітуацыя, і беларускае кіраўніцтва зноў стала зыходзіць з прынцыпу «не трэба крыўдзіць палякаў».

Мікалай Смяховіч: У нас сёння няма паняцця Заходняя Беларусь. Нацыя, народ адзіныя, і няма ніякага падзелу на ўсходніх і заходніх беларусаў. Людзі нічым адзін ад аднаго не адрозніваюцца: ні ў этнічных, ні ў любых іншых адносінах. Тым не менш для ўсёй Беларусі, для нашай нацыі і для нашай нацыянальнай ідэі XXІ стагоддзя, а яна ў выглядзе закліку, лічу, гучыць так: «Беларусь! Справядлівасць! Адзінства!» — Дзень нацыянальнага адзінства абавязкова павінен быць.

Улічваючы, што ніхто на заканадаўчым узроўні не адмяняў акты, якія былі прынятыя Вярхоўным Саветам БССР у 1990 годзе, нашы заканадаўцы павінны разгледзець гэтае пытанне і паставіць кропку: спыніць дзеянне ўказа або аднавіць. Думаю, прыйшла пара вырашыць гэтае пытанне.

Вячаслаў Даніловіч: Гісторыя Беларусі вельмі багатая і ўнікальная, і ў кожным яе перыядзе нам ёсць чым ганарыцца і за што быць удзячнымі сваім продкам. Тым больш нам няма чаго саромецца падзей верасня — лістапада 1939 года, калі адбыўся акт гістарычнай справядлівасці — уз'яднанне беларускага народа ў адзінай беларускай дзяржаве. Гэта вельмі істотны момант, і якім шляхам ён адбыўся — тут няма нічога экстраардынарнага, ніякія нормы тагачаснага міжнароднага права не былі парушаныя, савецкае кіраўніцтва дзейнічала ў рэчышчы падзей, якія тады развіваліся. І гэта прынесла важны вынік для нас і нашай дзяржаўнасці.

Згодны, што адпаведнае свята павінна быць аднесена да дзяржаўных, яго трэба належным чынам адзначаць. Лічу, што найбольш аптымальная дата — 14 лістапада, яе можна назваць «Днём нацыянальнага адзінства». Дата мела лёсавызначальнае значэнне для далейшага паспяховага развіцця беларускага народа і беларускай дзяржавы.

Патрэбны і адпаведны помнік у нашай сталіцы, ён замацуе падзею ў гістарычнай памяці народа і маладога пакалення. Мы павінны ганарыцца сваёй гісторыяй, на якую глядзім аб'ектыўна і вачыма свайго народа.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Марыя ДАДАЛКА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Як гэта — быць падзеленымі... Аднаўленне гістарычнай справядлівасці

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.