28 кастрычніка, серада

Вы тут

Беларусь цалкам забяспечвае сябе агароднінай


Вытворчасць агародніны ў Беларусі дазваляе цалкам забяспечыць рынак айчыннай прадукцыяй, паведаміў начальнік упраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Міхаіл ЖЫГАЛА.


— Па нашых разліковых даных, гадавая патрэба ў агародніне для продажу насельніцтву праз усе каналы рэалізацыі складае менш за 50 працэнтаў ад аб'ёму вытворчасці ў сельгасарганізацыях і сялянскіх (фермерскіх) гаспадарках, — сказаў Міхаіл Жыгала.

— З чаканых ад сельгасарганізацый 1,1 млн тон бульбы 185 тыс. тон пойдуць на насенне, каля 200 тыс. адправяць на прамперапрацоўку, 181 тыс. тон — на патрэбы гандлю і грамадскага харчавання (у тым ліку для закладкі ў стабілізацыйныя фонды), астатняе — для іншай рэалізацыі, уключаючы экспарт, — адзначыла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення раслінаводства Мінсельгасхарча Таццяна Карбановіч. — З чаканага ўраджаю агародніны 180 тыс. тон плануюць накіраваць на патрэбы грамадскага харчавання і гандлю, а таксама для закладкі ў стабфонды, 43 тыс. тон будзе перапрацавана, больш за 400 тыс. тон — для іншай рэалізацыі, уключаючы экспарт. На прамперапрацоўку пойдзе 41 тыс. тон пладоў і ягад, для гандлю, грамадскага харчавання і стабфондаў — 50 тыс. тон, астатняе будзе рэалізавана на рынках, кірмашах і за мяжой.

Рэалізацыя свежай плодаагародніннай прадукцыі будзе ажыццяўляцца па чатырох асноўных каналах. Гэта аб'екты рознічнага гандлю, сельскагаспадарчыя і змешаныя рынкі, кірмашы і спецыяльна адведзеныя пляцоўкі, стабілізацыйныя фонды.

Па словах Таццяны Карбановіч, адзначаецца значнае памяншэнне колькасці прадукцыі, якую закладваюць у стабфонды на міжсезонны перыяд 2020/2021 гадоў у параўнанні з папярэднім міжсезоннем.

— Пытанне закладкі стабфондаў абмяркоўвалася неаднаразова. З боку нашага міністэрства была накіравана прапанова, каб у перыяд масавай уборкі ўраджаю ў сельгасвытворцаў у поўным аб'ёме закуплялі раслінаводчую прадукцыю на міжсезонны перыяд. У працэсе захоўвання ў сельгасарганізацый узнікае вельмі шмат пытанняў, у прыватнасці па выдатках. Трэба сабрацца і выпрацаваць агульнае рашэнне, якое было б выгаднае ўсім.

Пры адсутнасці ў гандлёвых структурах базы захоўвання сельгасарганізацыі гатовыя на платнай аснове заключаць дагаворы на захоўванне прадукцыі ў міжсезонне ў сваіх спецыялізаваных сховішчах.

Мінсельгасхарч пастаянна працуе з МАРГ, Белкаапсаюзам, канцэрнам «Белдзяржхарчпрам» па пытаннях забеспячэння насельніцтва і перапрацоўчых прадпрыемстваў плодаагародніннай прадукцыяй. Як адзначыў прадстаўнік МАРГ, яшчэ ў пачатку жніўня быў зацверджаны план мерапрыемстваў па забеспячэнні насельніцтва свежай плодаагародніннай прадукцыяй ураджаю 2020 года. Ён прадугледжваў забеспячэнне першачарговых паставак вырашчанай прадукцыі на ўнутраны рынак, арганізацыю сельскагаспадарчых кірмашоў, пашырэнне месцаў продажу, стварэнне рабочых груп па маніторынгу гатоўнасці агароднінасховішчаў да закладкі прадукцыі, правядзенне кантрольна-аналітычных мерапрыемстваў на рознічных гандлёвых аб'ектах.

— Лічым, што выкананне гэтага плана будзе спрыяць актывізацыі продажу на спажывецкім рынку якаснай беларускай прадукцыі па прымальных цэнах, — дадаў Міхаіл Жыгала. — Яшчэ летась была створана міжведамасная рабочая група па кантролі за насычэннем рынку харчовымі таварамі, у тым ліку сезоннай вытворчасці. У верасні-кастрычніку яе дзейнасць будзе сканцэнтравана на пытаннях забеспячэння плодаагародніннай прадукцыяй.

Сёлета ў гаспадарках Беларусі ўсіх катэгорый чакаецца вытворчасць бульбы на ўзроўні 6,1 млн тон, пладоў і ягад — 601 тыс. тон, агародніны — 1,76 млн тон. У тым ліку ў сельгасарганізацыях і сялянскіх (фермерскіх) гаспадарках плануюць атрымаць 1,1 млн тон бульбы (на ўзроўні мінулага года), 170 тыс. тон пладоў і ягад (на 8 % больш), з іх 160 тыс. тон яблыкаў, а таксама 625,5 тыс. тон агародніны з адкрытага і закрытага грунту (на 2 % больш). У планах сабраць 146 тыс. тон белакачаннай капусты, 76 тыс. тон сталовых буракоў, 210 тыс. тон морквы, 41,3 тыс. тон рэпчатай цыбулі, 81 тыс. тон таматаў, 51,2 тыс. тон агуркоў, 4,4 тыс. тон зялёнага гарошку, 0,5 тыс. тон фасолі.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Загаловак у газеце: Якасная прадукцыя па прымальных цэнах

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

У Беларусi прайшлi спартыўныя спаборнiцтвы па службовым шматбор'i кiнолагаў.

Грамадства

Спрабуем «выглядаць на мiльён» танна

Спрабуем «выглядаць на мiльён» танна

Парады ад Аляксандры Анцэлевіч.

Грамадства

Дарогі Беларусі ацэняць у зорках. ​Сістэма дапамогі кіроўцу, «штучны зрок» і нулявыя выкіды СО2

Дарогі Беларусі ацэняць у зорках. ​Сістэма дапамогі кіроўцу, «штучны зрок» і нулявыя выкіды СО2

Незалежны інстытут аўдытараў дарожнай бяспекі будзе створаны ў Беларусі.