Вы тут

У рэактар Беларускай АЭС загружаюць ядзернае паліва


Першую са 164 цеплавыдзяляльных зборак (ЦВЗ) са свежым ядзерным палівам загрузілі ўчора ў актыўную зону першага рэактара. Да канца месяца загрузяць астатнія ЦВЗ. А пасля пацвярджэння надзейнасці і бяспекі работы энергаблока на праектных параметрах пачнецца энергетычны пуск, і энергаблок упершыню падключаць да энергасеткі, паведамляе прэс-служба Дзяржкарпарацыі «Расатам».


Пасля загрузкі паліва рэактар выведуць на мінімальна кантраляваны ўзровень (1 % магутнасці) з правядзеннем адпаведных даследаванняў. З гэтага моманту рэактар набывае статус ядзернай энергетычнай устаноўкі, якая пачне працаваць у энергасістэме пасля пацвярджэння надзейнасці свайго функцыянавання.

Энергаблок збудаваны па самых сучасных тэхналогіях пакалення 3+. Тут улічаны ўсе «постфукусімскія» патрабаванні бяспекі, і рэферэнтнасць якіх пацверджана эксплуатацыяй аналагічных блокаў у Расіі. Камплектны пастаўшчык ключавога абсталявання ядзернага вострава для Беларускай АЭС — Атамэнергамаш, а паліва для рэактара выраблена на Новасібірскім заводзе хімканцэнтратаў.

Праект будаўніцтва АЭС у Беларусі рэалізуецца адкрыта, ва ўзаемадзеянні з кіраўніцтвам і экспертамі МАГАТЭ, а таксама з прадстаўнікамі Еўракамісіі і Еўрапейскай групы рэгулюючых органаў ядзернай бяспекі ENSREG. За 2012–2020 гады на станцыі праведзена сем ключавых місій МАГАТЭ, якія рэкамендаваныя для краін, дзе будуецца першая атамная станцыя.

— У параўнанні з энергаблокамі папярэдняга пакалення з рэактарамі ВВЭР-1000 інавацыйны энергаблок з рэактарам ВВЭР-1200 валодае шэрагам пераваг, якія істотна павышаюць яго эканамічныя характарыстыкі, — запэўніў Андрэй ПЯТРОЎ, першы віцэ-прэзідэнт па стварэнні АТ ІК «АСЭ», генеральны дырэктар канцэрна «Расэнергаатам». — Галоўная асаблівасць сучаснага рэактара — унікальнае спалучэнне актыўных і пасіўных сістэм бяспекі, якія робяць АЭС максімальна ўстойлівай да знешніх і ўнутраных уздзеянняў.

Усе энергаблокі аснашчаны, напрыклад, «пасткай расплаву» — прыстасаваннем для лакалізацыі расплаву актыўнай зоны ядзернага рэактара. А яшчэ сістэмай пасіўнага адводу цяпла праз парагенератары, задача якой ва ўмовах поўнай адсутнасці крыніц энергазабеспячэння — без удзелу аператараў забяспечыць працяглы адвод у атмасферу цяпла ад актыўнай зоны рэактара.

— Акрамя таго, магутнасць устаноўкі вырасла на 20 %. Значна зменшана колькасць абслуговага персаналу. Праектны тэрмін службы асноўнага абсталявання павялічаны ўдвая — з 30 да 60 гадоў з магчымасцю працягнення яшчэ на 20 гадоў, — дадаў эксперт.

За час будаўніцтва атамнай станцыі ў Астравецкім раёне было створана больш за 2,5 тысячы рабочых месцаў (на самой АЭС і ў арганізацыях, якія яе абслугоўваюць). Будаўніцтва надало таксама імпульс мадэрнізацыі інфраструктуры Астраўца. Тут з'явіліся два новыя жылыя мікрараёны, пажарная часць, дзве школы, чатыры садкі, бальніца, веласцежкі, паркі, фізкультурна-аздараўленчыя цэнтры і стадыён для мясцовай футбольнай каманды.

Нагадаем, што атамная станцыя будуецца з мэтай атрымання стабільнай экалагічна чыстай крыніцы энергіі. Праектная магутнасць аднаго атамнага рэактара Беларускай АЭС дазваляе выпрацоўваць за суткі да 27 мільёнаў кілават-гадзін. Гэта 9855 мільёнаў кілават-гадзін за год. З уводам у работу абодвух рэактараў Беларусь зможа забяспечыць траціну сваіх унутраных патрэб у электраэнергіі.

Павелічэнне долі атамнай энергетыкі ў агульным электраэнергетычным балансе краіны дапаможа знізіць агульны кошт электраэнергіі за кошт скарачэння затрат на паліва. Па ацэнках экспертаў, з запускам АЭС яе прадукцыяй штогод будзе замяшчацца 4,5 мільярда кубаметраў прыроднага газу, а выкіды парніковых газаў зменшацца больш чым на 7 мільёнаў тон у год.

Ірына СІДАРОК

Прэв'ю: Белэнерга

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.