Вы тут

АЭС рыхтуецца да пуску ў ліпені


Неабходныя падрыхтоўчыя работы для пуску атамнай станцыі праводзяцца на станцыі ў адпаведнасці з патрабаваннямі нарматыўных дакументаў і з дасягненнем пэўных параметраў па кожным абсталяванні і тэхналагічнай сістэме. Ядзернае паліва для загрузкі першага энергаблока, што было дастаўлена на АЭС у пачатку месяца, ніяк не можа паўплываць на тэрміны фізічнага пуску. Да яго станцыя будзе гатова пасля атрымання адпаведнай ліцэнзіі рэгулятара, што, як мяркуецца па графіку, адбудзецца ў ліпені. Пра гэтыя і іншыя аспекты падрыхтоўкі АЭС да пачатку работы падчас відэабрыфінгу паведамілі спецыялісты.


ru.delfi.lt

Упэўненасць у гатоўнасці

На першым энергаблоку Беларускай АЭС ужо завершаны этап гарачай абкаткі абсталявання, у рэактар загружаны імітатары
ядзернага паліва, праведзены ўвесь цыкл выпрабаванняў на прамежкавых і рабочых параметрах цепланосьбіта тэхналагічнага абсталявання ядзернай устаноўкі.

— З 15 красавіка пачалі рэвізію абсталявання рэактарнай устаноўкі, якая робіцца ў аб'ёме, прадпісаным рэгламентам. Яшчэ неабходна правесці 306 выпрабаванняў тэхналагічных сістэм і завяршыць іншыя работы, якія не датычацца абсталявання. Прынамсі, здаць у эксплуатацыю больш за 2208 тэхналагічных і санітарных памяшканняў з усімі тэхналагічнымі сістэмамі, якія там ёсць, — расказаў Міхаіл МІХАДЗЮК, намеснік міністра энергетыкі.

На другім энергаблоку вядуцца агульнабудаўнічыя работы, а таксама мантаж асноўнага тэхналагічнага абсталявання. Важнай з'явай стала падача напружання па штатнай схеме на размеркавальную прыладу для атрымання энергіі на ўласныя патрэбы.

Аднак, пакуль не будзе ўпэўненасці ў гатоўнасці да пуску персаналу і абсталявання, фізічнага запуску станцыі не будзе. Беларусы больш за сваіх краін-суседзяў зацікаўлены ў бяспецы, бо перажылі Чарнобыль, запэўніў намеснік міністра.

Кошт кілават-гадзіны

— Ядзернае паліва на станцыі цяпер праходзіць уваходны кантроль. З моманту загрузкі першай касеты пачынаецца этап фізічнага пуску рэактара. Паліва дастаўлена ў межах агульнага генкантракта на ўзвядзенне Беларускай АЭС. У цыкле атамных станцый у цэлым ядзернае паліва ў сабекошце выпрацоўкі электраэнергіі з улікам яго наступнага выкарыстання, то-бок перапрацоўкі і захоўвання адпрацаванага рэчыва, займае каля 20 %, — удакладніў Міхаіл Міхадзюк. — Што датычыцца класічных станцый на арганічным паліве, то яго сабекошт у выпрацоўцы энергіі ў залежнасці ад тыпу станцыі вагаецца ад 60 да 70 %, а то і вышэй.

На сабекошт выпрацоўкі электраэнергіі ўплывае шмат фактараў, перш за ўсё цана на прыродны газ. Сёння ў энергасістэме праводзіцца вялікая і сістэмная работа па зніжэнні выдаткаў на вытворчасць кожнай кілават-гадзіны. Да ўсіх энергазабеспячальных арганізацый даведзены адпаведныя заданні, якія жорстка кантралююцца. Цяпер сабекошт 1 кВт·г каля 16 капеек. Спецыяльнай міжведамаснай камісіяй адпрацоўваюцца фактары, якія будуць уплываць на кошт энергіі, вырабляемай на АЭС, дадаў эксперт.

Персанал з вопытам

Поўнасцю набраны і падрыхтаваны персанал, які атрымаў адпаведныя ліцэнзіі ад рэгулятара для работы на першым энергаблоку. Амаль завершаны набор персаналу для другога блока, вядзецца яго падрыхтоўка. На станцыі ўжо працуюць 316 спецыялістаў — выпускнікоў айчынных ВНУ, якія адвучыліся па профілі і прайшлі стажыроўку на расійскіх станцыях.

— Для падрыхтоўкі персаналу мы працавалі ў розных кірунках. Запрасілі замежных спецыялістаў, перш за ўсё расійскіх і ўкраінскіх экспертаў з вопытам работы на атамных станцыях. Яны занялі пасады галоўнага інжынера і яго намеснікаў, начальнікаў асноўных цэхаў, найперш рэактарнага. Такія спецыялісты ёсць у кожнай аператыўнай схеме на станцыі. Трэба, каб у кожнай змене быў чалавек, які мае вопыт, — расказаў Міхаіл Міхадзюк. — Нашы спецыялісты прайшлі падрыхтоўку ў вучэбных расійскіх цэнтрах і айчынным вучэбна-трэніровачным цэнтры. Стажыроўка ў нашым цэнтры — працэс бесперарыўны. Асноўная група спецыялістаў, якіх мы запрасілі на работу, — людзі з базавай энергетычнай адукацыяй, якія прайшлі адпаведную перападрыхтоўку ў расійскіх ВНУ і стажыроўку на станцыях. Запрасілі на работу і спецыялістаў, якія прайшлі навучанне ў межах дзяржпраграмы падрыхтоўкі кадраў для ядзернай энергетыкі Рэспублікі Беларусь.

Ліцэнзія на эксплуатацыю

Дзяржатамнагляд як рэгулюючы орган удзельнічае ва ўсіх работах на атамнай станцыі. Ён таксама займаецца разглядам дакументаў аб бяспецы на АЭС і рыхтуецца да атрымання экспертнага заключэння ад Аб'яднанага інстытута энергетычных і ядзерных даследаванняў Сосны. Да 29 мая па тэхзаданні Дзяржатамнагляду інстытут павінен даць канчатковае заключэнне, якое дазволіць прыняць рашэнне аб адпаведнасці станцыі ўсім патрабаванням, паведаміла Вольга ЛУГОЎСКАЯ, начальнік Дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях (Дзяржатамнагляд).

Перад выдачай ліцэнзіі з дазволам на запуск першага энергаблока станцыі павінны прайсці грамадскія слуханні, якія і лягуць у аснову рашэння аб выдачы дакумента. Фармат іх правядзення — гэта фактычна сход, які павінны адбыцца ў найбліжэйшым да станцыі населеным пункце. Гэта, зразумела, Астравец. Аднак неабходна арыентавацца на эпідэміялагічную сітуацыю, якая створыцца на момант пачатку слуханняў.

— Слуханні будуць праведзены не менш як за тыдзень да прыняцця калегіяй МНС рашэння па выдачы ліцэнзіі, — падкрэсліла Вольга Лугоўская. — А за пяць дзён да гэтага матэрыялы будуць змешчаны на сайце Дзяржатамнагляду для азнаямлення грамадскасці. Пакуль дакладная дата слуханняў не вызначана. Мы ў працэсе падрыхтоўкі рашэнняў у межах ліцэнзійнага працэсу. Будзе таксама праведзена мэтавая праверка бліжэй да моманту прыняцця рашэння, не раней чым у канцы чэрвеня.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.