Вы тут

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі


Споўнілася дваццаць гадоў з таго моманту, як былі прынятыя Канвенцыя ААН супраць транснацыянальнай арганізаванай злачыннасці і Пратакол аб прадухіленні і спыненні гандлю людзьмі. Абодва дакументы ратыфікаваны Беларуссю. Для нашай краіны супрацьстаянне гэтым трансгранічным злачынствам асабліва актуальна, і не ў апошнюю чаргу праз яе транзітны статус.


amp.politeka.net

Па статыстыцы Міністэрства ўнутраных спраў, з 2000 года ў Беларусі выяўлена 4421 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі. Былі ліквідаваны 22 злачынныя арганізацыі і 85 арганізаваных груп, якія працавалі на гэтай «ніве». Праваахоўнікі таксама перакрылі 727 каналаў пастаўкі людзей праз граніцу. Усё гэта дазволіла нанесці істотны ўдар сістэме гандлю «жывым таварам». Але казаць пра поўную перамогу пакуль не выпадае.

— Гэта добра наладжаны транснацыянальны від злачыннай дзейнасці, які прыносіць каласальныя даходы, супастаўныя з прыбыткам ад гандлю зброяй і наркотыкамі, — расказвае намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі МУС Дзмітрый Цаюн. — Але наша работа дазволіла істотна скараціць маштабы гандлю людзьмі і ўзяць сітуацыю пад кантроль. Мы змагаемся не толькі на лакальным, але і на міжнародным узроўні. Краіна ўваходзіць ва ўсе сусветныя дагаворы па гэтай тэме, а таксама актыўна падтрымлівае ўсе ініцыятывы, скіраваныя супраць гандлю людзьмі.

Сёння пераважна выяўляюцца злачынствы, звязаныя з так званым «чыстым» гандлем людзьмі. У асноўным гэта прастытуцыя, выкарыстанне дзяцей ў парнаграфічных здымках. Практыка паказала, што ўзрастаюць новыя выклікі і пагрозы ў сферы незаконнай эксплуатацыі людзей. Яна пакрысе перацякае ў інтэрнэт. Сучасныя трафікёры рэалізуюць увесь ланцужок, не выходзячы з дому, а выкарыстоўваючы сеціва. Асаблівую трывогу выклікаюць злачынствы, звязаныя з сексуальным гвалтам у дачыненні да дзяцей. Магчымасць выдаваць сябе за каго заўгодна дазваляе педафілам лёгка ўваходзіць у завочны кантакт з малымі. Нярэдка гэта перацякае ў падрыхтоўку да рэальнай сустрэчы.

Толькі сёлета ў Беларусі было выяўлена 55 злачынстваў, звязаных з гандлем людзьмі. 30 з іх адносяцца да цяжкіх і асабліва цяжкіх. Перакрыты 10 каналаў вывазу нашых грамадзян за мяжу для эксплуатацыі. Высветлены асобы больш чым 70 пацярпелых, прычым пятая частка з іх — непаўналетнія.

Таму ў Беларусі стартаваў другі этап інфармацыйнай кампаніі «Навучыце дзяцей бачыць хлусню». Ён пройдзе ў сацыяльных сетках. Яго мэта — распаўсюдзіць інфармацыю аб праблеме сексуальнага гвалту і эксплуатацыі непаўналетніх, у тым ліку ўцягнення ў выраб парнаграфіі. Праект разлічаны на бацькоў і спецыялістаў, якія працуюць з дзецьмі. Азнаёміцца з падрабязнасцямі кампаніі можна на сайце smartparent.by. Праект рэалізуецца сумесна з МУС Беларусі, МАМ, USAІD і МЗС Нарвегіі.

Даўні партнёр Беларусі ў супрацьдзеянні гандлю людзьмі — Злучаныя Штаты Амерыкі. На гэта звярнуў увагу часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джэфры Джук.

— Мы сумесна дасягнулі вялікага прагрэсу, але шмат чаго яшчэ належыць зрабіць. Гандаль людзьмі — праблема глабальная, якая закранае ўсе краіны свету. Мы вітаем заклапочанасць урада Беларусі, ААН, МАМ і іншых арганізацый па абароне людзей. Хачу падзякаваць Беларусі за доўгатэрміновае і прадукцыйнае супрацоўніцтва на такіх сусветных пляцоўках.

Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAІD) працягвае аказваць падтрымку Беларусі ў супрацьдзеянні гандлю людзьмі. Больш за 10 тысяч чалавек з груп рызыкі атрымалі ўсю інфармацыю пра патэнцыйную небяспеку, якая ім пагражае. Сотні чалавек прайшлі праз рэабілітацыю і рэінтэграцыю. Акрамя таго, была створана бясплатная гарачая тэлефонная лінія і запушчаны анлайн-кансультацыі. Дзякуючы ім можна даведацца пра бяспечны выезд у 144 краіны свету. Лік зваротаў ідзе на тысячы.

За акрэсленымі вышэй лічбамі стаяць чалавечыя лёсы. І паўстае пытанне, як жа дапамагчы людзям, якія ледзь не трапілі ў рабства.

— Пры падтрымцы донараў мы аказалі за 18 гадоў дапамогу амаль чатыром тысячам чалавек, якія пацярпелі ад гандлю людзьмі, — адзначыла старшыня прадстаўніцтва Міжнароднай арганізацыі па міграцыі ў Беларусі Махым Аразмухамедава. — Сёння ў фокусе міжнароднай увагі — тыя, хто працуе на перадавой, гэта значыць ідэнтыфікуе пацярпелых і змагаецца за іх правы. Роля гэтых спецыялістаў узрастае шматразова ва ўмовах пандэміі каранавіруса.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Вячэрняе набажэнства у саборы прайшло, авеянае дарагімі для ўсіх сімваламі вяртання і адраджэння духоўных традыцый.  

Культура

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

Давайце з нагоды пачэснага юбiлею пройдземся па залах музея, у кожнай з якiх свае цiкавосткi.